Невядомая бесправадная сетка можа стаць шляхам да падробленага сайта і крадзяжу персанальных даных
У сучасным свеце падключэнне да Wi-Fi стала звыклай часткай паўсядзённага жыцця. У кафэ, гандлёвым цэнтры, гасцініцы ці іншым грамадскім месцы чалавек можа хутка атрымаць доступ да інтэрнэту і працягнуць карыстацца неабходнымі сэрвісамі. Аднак звыклая працэдура падключэння не заўсёды азначае бяспеку. Назва сеткі можа здавацца знаёмай, але само гэта яшчэ не сведчыць, што ўсё ідзе па плане.
Намеснік начальніка ГУСК МУС Аляксандр Рынгевіч звяртае ўвагу на тое, што зламыснікі могуць ствараць падробленыя пункты доступу да грамадскага Wi-Fi, выкарыстоўваючы назвы, падобныя або ідэнтычныя назвам кафэ, гандлёвых цэнтраў, гасцініц і іншых грамадскіх месцаў.
Небяспека ўзнікае ўжо пры падключэнні да такой сеткі. Карыстальніка могуць перанакіраваць на падроблены сайт, дзе яму прапануюць увесці персанальныя даныя, рэквізіты банкаўскай карты, пароль або код з SMS.
МУС рэкамендуе не падключацца да невядомых і непацверджаных бясплатных Wi-Fi-сетак. Калі неабходнасць у доступе да інтэрнэту ўсё ж узнікае, назву патрэбнай сеткі варта ўдакладніць у работніка аб’екта, дзе знаходзіцца чалавек.
Асаблівую асцярожнасць неабходна захоўваць пры перадачы інфармацыі: у невядомых сетках не варта ўводзіць персанальныя даныя і коды пацвярджэння, а таксама выкарыстоўваць банкаўскія праграмы.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ