Увечары першага дня фестывалю «Вытокі» для юных аматараў малявання ў парку на вуліцы Калініна арганізавалі мастацкі інтэрактыў «стАРТ». Разам з беларускімі майстрамі жывапісу дзеці завяршылі афармленне пляцоўкі новага шматпрофільнага комплексу для катання і заняткаў спортам ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Выявы і арнаменты для скейт-ролер-парку ў гэтым сезоне абралі невыпадкова: саломапляценне — гэта, мабыць, адзін з самых самабытных відаў творчасці нашага народа. Сусветнае прызнанне ўнікальнае рамяство атрымала ў 2022 годзе, калі ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА была ўключана беларуская намінацыя «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні». А ўпрыгожванне народнымі матывамі спартыўнага збудавання, папулярнага сярод моладзі, дапаможа прыцягнуць увагу да гэтай культурнай спадчыны: «Яно было распаўсюджана паўсюдна: і ў побыце, і ў абрадавых мерапрыемствах. Хочам, каб гэтае рамяство не згубілася ў сучасным свеце, каб дзеці памяталі і шанавалі традыцыі», — падкрэсліла дырэктар мастацкай галерэі «АртХаос» Лілія Лукашэнка.


Жыхарка горада Юлія прыйшла на свята са сваёй сям’ёй — дачкой Сафіяй і сынам Арцеміем — і засталася ад яго пад вялікім уражаннем: «Лічу, што такія фестывалі вельмі важныя і патрэбныя, у тым ліку маладому пакаленню. Гэта, насамрэч, крута. Фестываль аб’ядноўвае людзей, дорыць шмат радасці. Хацелася б, каб для моладзі праводзілі як мага больш падобнага, — адзначыла жанчына. — Мы з сям’ёй абавязкова будзем удзельнічаць і ў іншых мерапрыемстваў фэстывалю. Хочацца ўсюды пабываць, усюды прайсці, паглядзець і паўдзельнічаць».


Для гасцей свята — бясплатныя майстар-класы для дзяцей па саломапляценні, якія праводзілі як мясцовыя майстры, так і запрошаныя з суседніх раёнаў. Алена, майстар народных мастацкіх рамёстваў, прыехала з Мазыра: «Паказваем саламяную пластыку і пляценне саламянага павука. Дзеці робяць лялячак, птушачак, венічкі... Як бачыце, чарга стаіць жывая — таму што жадаючых вельмі шмат, — падзялілася суразмоўца. — Вядома, бо ў штодзённым жыцці сучасныя дзеці рэдка сустракаюцца з народнымі рамёствамі. Мала хто зараз дома вяжа ці шые. А тут ёсць магчымасць дакрануцца да традыцый нашых продкаў, саломкі. Прываблівае і тое, што робяць дзеці ўсё гэта сваімі рукамі, забяруць з сабой дадому і змогуць падарыць блізкім. Часцінка сонейка, часцінка саломкі будзе дома».

У вячэрняй праграме першага дня яшчэ і кінапаказ пад адкрытым небам спартыўнай драмы «Пераломны момант». Карціну, створаную нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» пры падтрымцы Беларускай федэрацыі веславання, пакажуць усім жадаючым на Цэнтральнай плошчы горада — шыкоўнае завяршэнне першага дня трохдзённай праграмы.


Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара