«Ноч пажырацеляў рэкламы» — гэта знакамітае сусветнае шоу, заснаванае на калекцыі найлепшых рэкламных шэдэўраў француза Жана-Мары Бурсіко.
Яшчэ ў юнацтве ён стаў збіральнікам стужак з рэкламай, і працягвае штогод папаўняць сваю калекцыю ролікамі, што былі знятыя ў розны час, у розных краінах. Ён жа і прыдумаў паказваць іх на экране вялікіх кінатэатраў на працягу ночы, звярнуўшы ўвагу: гэта таксама мастацтва.
Ён сам жа адбірае найлепшыя новыя ролікі, вартыя паказу ў межах міжнароднага шоў, якое стала сусветным брэндам — «Ноч пажырацеляў рэкламы». Гэты праект вярнуўся ў Мінск пасля паўзы, выкліканай пандэміяй, і застаецца адным з найбольш папулярных у жыхароў сталіцы — праходзіць на пляцоўцы Палаца Рэспублікі.
Сёлета маштабны паказ пройдзе 29 мая 2026 года і будзе адмытным: сярод новых эксклюзіўных рэкламных ролікаў з усяго свету будзе цэлы блок тых, што створаны з дапамогай штучнага інтэлекту. «Ноч» — гэта значыць, як правіла, вельмі позні (не дзіцячы) час, таму ёсць абмежаванні для гледачоў. Яшчэ да старту паказаў у Вялікай зале ў фае пачнецца забаўляльная праграма з жывой музыкай, фотазонамі і рознымі акцыямі. І ў перапынках паміж паказамі (за сем гадзін іх будзе два па 40 хвілін) прадугледжана адмысловая праграма, каб зняць напружанне ад доўгіх праглядаў, таму што ў праграме больш за 400 найлепшых кароткіх стужак канцэнтраванага крэатыву. Нейрасеткі і тэхналагічная будучыня — вось лейтматыў сёлетняй акцыі, таму і дрэс-код вызначаны адпаведны: з акцэнтам на трэндавы стрыт-арт і рэйв, з няонавымі танамі ў стылі «вырві вока», нават да эпатажу. У індустрыі крэатыву ўсё магчыма, калі чалавек гатовы раскрывацца як творчая асоба. А можа і сярод нашай маладой публікі ёсць будучыя лаўрэаты «Канскіх львоў», якія пакуль спрабуюць зразумець тэндэнцыі сучаснай рэкламнай галіны: у Беларусі ж ёсць патэнцыял, з якім можна працаваць.
Ларыса ЦІМОШЫК