Top.Mail.Ru

Была без радасці любоў, разлука будзе без маркоты

Па пашпарце ён, Ядвісін былы, — Іосіф. Цяпер да гэтага імя яшчэ па бацьку трэба дадаваць. А тады ён быў звычайным студэнтам Ёськам, і Ядзя, без памяці закахаўшыся, выйшла за яго замуж, нарадзіла дваіх дзяцей.



Не сказаць, што яны — дачушка і сын — хадзілі пехатою пад стол, але ж былі яшчэ малыя, калі бацечка іх (доктар) закахаўся ў сваю пацыентку... І таксама ж, мусіць, без памяці, бо развёўся з Ядвісяй, пакінуў гэту сям’ю — стварыў сабе новую, у іншым горадзе.

Аб тым, што тады прыйшлося перажыць, Ядвіся нікому не расказвала: шмат працавала, гадавала дзяцей, цешылася іх удачамі, зносінамі з людзьмі, любіла пачытаць разумныя кніжкі, паспяваць, павесяліцца...

Цяпер вось — яшчэ і гэтаму: «Ёська вярнуўся!»

...На свята — ды з такой нагоды — мы, вядома ж, прыйшлі. Рады былі пабачыцца з Ядвісяй, з яе першым і, мусіць, апошнім мужам.

Ён, Іосіф — вусаты, барадаты — прывячаў нас, пазнаваў, «адважваў» кампліменты, потым, за сталом, шмат што ўспамінаў, жартаваў...

А нарэшце, калі ўсе ўжо зазбіраліся дахаты, гаспадыня слова ўзяла.

— Гэта мой зорны час, — сказала свайму былому. — Пасля таго як ты, Ёся, сышоў, я ўвесь час чакала, што аднойчы прыйду з работы, а ты ўжо дома, гаспадарыш на кухні ці робіш з дзецьмі ўрокі... Твой сыход, даражэнькі, стаў для мяне, для дзяцей вельмі цяжкім ударам і нялёгкім выпрабаваннем, але ж я не зламалася, я ўсё перамагла, бо побач былі нашы дзеці і мае сябры. Дзякуй (гэта было ўжо нам), што вы дапамаглі мне тады і прыйшлі цяпер, прыйшлі на... праводзіны майго першага сапраўднага кахання. Ёся (той пачырванеў, заёрзаў на крэсле), ты зараз сыдзеш, ты вернешся да сваіх малодшых дзяцей...

Госць нерашуча падняўся з крэсла, паспрабаваў быў нешта сказаць і чамусьці не змог.

— ...Вернешся да другой сваёй жонкі, — працягвала Ядвіся. — Я не хачу, каб яна, каб твае дзеці перажылі ўсё тое, што давялося нам.

Пасля гэтых слоў «віноўнік урачыстасці» выйшаў з-за стала, схапіў у вітальні куртку і знік за дзвярыма.

Хвілін праз колькі, не ведаючы, што ў гэтым доме казаць і рабіць, сталі «разбягацца» і мы.

...Назаўтра мне вельмі хацелася патэлефанаваць Ядвісі, падзякаваць ёй за прыём, за свята, а найперш даведацца, можа, Іосіф такі застаўся?

— Не, — пачула ад сяброў. — Паехаў да сваіх.

Туды — дадам ад сябе, — дзе ён болей патрэбны.

Альвіна Васільева,

г. Гомель.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю