Top.Mail.Ru

Былы дырэктар аграпрадпрыемства атрымаў хабар крыптавалютай на 1,2 млн рублёў

Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу аб атрыманні і дачы хабару ў асабліва буйным памеры. Як паведамілі ў наглядным ведамстве, абвінавачанымі праходзяць былы генеральны дырэктар ААТ «Белавежскі» і прадстаўнік шэрагу камерцыйных арганізацый.



Са жніўня 2024 года па ліпень 2025-га кіраўнік сельгаспрадпрыемства атрымаў ад прадстаўніка пяці фірмаў 365 030 токенаў USDT, што эквівалентна 365 030 доларам ЗША (каля 1,2 млн рублёў). Лічбавыя актывы пералічваліся на крыптакашалёк службовай асобы праз пасрэдніка. Хабар быў перададзены за забеспячэнне бесперабойных паставак мясной прадукцыі ў патрэбных аб’ёмах і закупку прадпрыемствам пшаніцы ў камерцыйных структур.

Абвінавачаныя прызналіся ва ўчыненым і раскаяліся. Былы дырэктар прыняў меры па вяртанні незаконна атрыманага даходу. Справа расследавалася Галоўным упраўленнем па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта.

У Генеральнай пракуратуры расследаванне прызналі поўным і аб’ектыўным. Дзеянні экс-кіраўніка кваліфікаваныя па ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры), хабарадавальніка — па ч. 3 арт. 431 КК (дача хабару ў асабліва буйным памеры). Мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту пакінутая без змены.

Ягор ЧУРЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю