Пракуратура Віцебскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да былога кіраўніка профільнай вышэйшай навучальнай установы абласнога цэнтра. Экс-рэктар абвінавачваецца ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў.
Па даных следства, з ліпеня 2020-га па верасень 2023 года мужчына, які займаў таксама пасаду старшыні прыёмнай камісіі, даваў падначаленым незаконныя ўказанні. Мэтай было ўяўнае выкананне кантрольных лічбаў прыёму і ўтойванне рэальных паказчыкаў набору абітурыентаў на дзённую бюджэтную форму навучання. Супрацоўнікам даручалася прадастаўляць дакументы для рэгістрацыі і ўносіць заведама лжывыя звесткі ў афіцыйныя дакументы аб залічэнні на першы курс. Фактычная прысутнасць абітурыентаў не забяспечвалася, пасля іх адлічвалі. Такім чынам фіктыўна залічылі не менш за 95 чалавек.
Дзеянні службовай асобы нанеслі істотную шкоду дзяржаўным інтарэсам: была скажоная статыстыка, сарваны дзяржаўны заказ на падрыхтоўку кадраў для АПК, што паглыбіла дэфіцыт спецыялістаў, а таксама падарваны аўтарытэт кіраўніка і рэпутацыя ВНУ.
Крымінальная справа расследавалася аддзелам па Віцебскай вобласці галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарату Следчага камітэта. У пракуратуры вобласці палічылі абвінавачванне абгрунтаваным, а расследаванне — поўным і аб’ектыўным. Дзеянні былога рэктара кваліфікаваныя па ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Дзеянням падначаленых дадзена ацэнка па ч. 1 арт. 427 КК (службовы падлог). Мера стрымання ў выглядзе асабістага паручыцельства пакінутая без змяненняў.
Ягор ЧУРЫК