Былы вязень фашысцкіх канцлагераў гамяльчанка Кацярына Мікалаеўна Кулакоўская, якая сёння стала ўдзельніцай святочнага шэсця, памятнага мітынгу, прысвечаных 81-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у размове з БелТА падзялілася гісторыяй свайго дзяцінства.
Кацярына Мікалаеўна нарадзілася ў 1939 годзе. «Мне было два гады, як пачалася вайна. Мы жылі ў вёсцы ў Лельчыцкім раёне. Фашыст ужо быў у Беларусі. І ў адзін з дзён страшная вестка: фашысты ў вёсцы. Людзі сталі бегчы да балота. І я таксама. Ну як я пабегла. Сіл мала, я села і так і засталася. Фашыст схапіў мяне і яшчэ некаторых людзей. І нас пагналі, павялі», — апісвае страшную карціну Кацярына Мікалаеўна.
Маленькая дзяўчынка ў жаху, у страху вачыма шукала, дзе ж яе матуля, але знайсці не змагла. «Нейкага мужчыну прымусілі ўзяць мяне на рукі — я ж сама доўга ісці не магла, маленькая яшчэ. Давялі нас да месца, дзе рабілі фашысты збор. Сталі размяркоўваць», — прадоўжыла расказ гамяльчанка.

Складана нават уявіць, што рабілася ў той момант у душы ў дзіцяці, як і ва ўсіх іншых жанчын, дзяцей, старых, якія раптам апынуліся за калючым дротам і з якіх вораг бязлітасна здзекаваўся. Малая ў паніцы кідалася сярод спалоханых людзей, усё яшчэ спрабавала знайсці маму або хаця б знаёмых асоб. І раптам заўважыла спадніцу са знаёмага матэрыялу — якраз з такога ж было адзенне яе маці. «У маёй бабулі 12 дзяцей. Вось яна дочкам ткала і шыла з аднолькавага матэрыялу. І ён у маёй свядомасці застаўся як матулін», — тлумачыць Кацярына Мікалаеўна.
Двухгадовая Каця маленькімі ручкамі моцна схапілася за падол спадніцы, хацела прыхіліцца як да чагосьці роднага. «Літаральна прыліпла, а мяне як і не прымаюць. Я зноў да гэтай спадніцы. Потым ужо са слоў сястры мамы (а гэта была менавіта яна ў той спадніцы) я даведалася, што цётка спачатку мяне не пазнала. А потым нахілілася і прыгледзелася да мяне, бруднай, заплаканай, — і за мяне. «Гэта ж нашай Мар’і Каця», — гаворыць яна сваёй Ульяне. Вось яны мяне ўзялі з сабой ужо і не адпусцілі», — ледзь стрымлівае слёзы гамяльчанка.

Цётка толькі спытала ў Кацечкі, чаму ж яна адна і дзе яе маці. «А я кажу: маці немцы забілі. Так і засталося ў нас, што яе немцы забілі. Мы не знайшлі яе і потым», — дрыжыць голас у Кацярыны Мікалаеўны.
Яе ж маленькую разам са сваякамі пагналі спачатку ў Германію. «Там нас перакупілі — прадалі (на тэрыторыю сучаснай Чэхіі. — Заўвага БелТА). І там ужо такое жыццё было, што (цяжка ўспамінаць. — Заўвага БелТА)», — успамінае былы вязень.
«Сённяшнім пакаленням я жадаю вечнага міру, сонейка над галавой. Каб ніколі ні нашы дзеці, ні ўнукі, ні праўнукі, ні прапраўнукі ні ў паветры, ні на зямлі гэтых гукаў страшных машын, слоў прыніжэння на незнаёмай мове не чулі, каб не ведалі такога гора, як было тады», — пажадала Кацярына Кулакоўская.