Top.Mail.Ru

«Быць часткай «шанхайскай сям'і» — наш стратэгічны выбар»

Беларускі лідар прадставіў пазіцыю і планы нашай дзяржавы на новы этап у міжнароднай палітыцы на саміце ШАС


«Беларусь ганарыцца тым, што год таму стала паўнапраўным удзельнікам ШАС.Гэта адпавядае карэнным доўгатэрміновым інтарэсам нашай дзяржавы і адкрывае дадатковыя перспектывы і шырокія сферы супрацоўніцтва» - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Адзінства і згуртаванасць — нашы найважнейшыя перавагі

Пазіцыю Беларусі і планы нашай дзяржавы на новы этап у міжнароднай палітыцы на саміце ШАС у Цяньцзіне прадставіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідар канстатаваў, што цяпер вельмі няпросты час, калі адбываецца фарміраванне новага міжнароднага парадку: «Свет імкліва рухаецца ад аднапалярнай мадэлі — з яе прэтэнзіяй на выключнасць і дамінаванне пэўнай групы краін — да справядлівай шматпалярнай сістэмы, заснаванай на балансе інтарэсаў, павазе суверэнітэту і ўзаемным даверы. Такі пераходны перыяд спалучаны з вострымі супярэчнасцямі і канфліктамі. Мы бачым гэта ў розных рэгіёнах, у тым ліку і на Блізкім Усходзе, дзе захоўваюцца сур’ёзныя рознагалоссі паміж ключавымі гульцамі, напоўненыя рызыкамі для ўсёй нашай планеты».

Аляксандр Лукашэнка перакананы: у шэрагу выпадкаў росту антаганізму і канфрантацыі можна было б пазбегнуць, бо часта яны ўзнікаюць з-за трывіяльнай адсутнасці зносін на патрэбным узроўні і ў патрэбнай танальнасці. Прэзідэнт заўважыў, што, на жаль, не ўсе супярэчнасці абыходзяць бокам і «шанхайскую сям’ю». «Але менавіта здольнасць захоўваць адкрытымі каналы камунікацыі, уменне дамаўляцца нават пры наяўнасці адрозненняў — тое, што ШАС робіць па-сапраўднаму ўнікальнай і жыццяздольнай арганізацыяй. Ва ўмовах нестабільнай сусветнай абстаноўкі адзінства і згуртаванасць — нашы найважнейшыя перавагі. Як казаў Канфуцый, «калі людзі аб’яднаныя, нават слабыя становяцца моцнымі; калі яны раз’яднаныя, нават моцныя слабеюць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Беларусь ганарыцца тым, што год таму стала паўнапраўным удзельнікам ШАС. Гэта адпавядае карэнным доўгатэрміновым інтарэсам нашай дзяржавы і адкрывае дадатковыя перспектывы і шырокія сферы супрацоўніцтва. Быць часткай „шанхайскай сям’і“ — наш стратэгічны выбар», — сказаў беларускі лідар.


Прэзідэнт канстатаваў, што сёння ШАС па праве лічыцца адной з самых прадстаўнічых і ўплывовых міжнародных арганізацый Еўразіі. Таму, па яго словах, заканамерна: у арганізацыю імкнуцца новыя дзяржавы. 

«Мінск падтрымлівае пашырэнне ШАС за кошт новых членаў і партнёраў. Тых, хто без агаворак падзяляе каштоўнасці і аснову „шанхайскага духу“: узаемная павага і давер, роўнасць, дыялог, імкненне да агульнага развіцця», — запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва становіцца неад’емным элементам новага міжнароднага парадку. 

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы пазначыў ключавыя пытанні дзейнасці ШАС, якія патрабуюць, на погляд беларускага боку, узмоцненай увагі.

1. Стварэнне механізмаў непадзельнай бяспекі ў Еўразіі

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь прапанавала распрацаваць Еўразійскую хартыю разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXІ стагоддзі і бачыць менавіта ШАС у якасці адной з асноўных пляцовак для абмеркавання гэтай ініцыятывы. «Беларусь таксама вітае работу па стварэнні ўніверсальнага цэнтра ШАС па процідзеянні выклікам і пагрозам бяспекі і антынаркатычнага цэнтра ШАС. Неабходна зрабіць усё магчымае, каб названыя структуры пачалі функцыянаваць у найбліжэйшы час», — сказаў Прэзідэнт.

2. Спрашчэнне працэдур гандлю

Аляксандр Лукашэнка ацаніў актывізацыю дыялогу ў гэтым кірунку, што будзе садзейнічаць зніжэнню бар’ераў, росту тавараабароту і трансгранічных інвестыцый. «Ужо сёння аб’ём гандлю паміж краінамі ШАС перавысіў два трыльёны долараў, і такія лічбы не мяжа. Разлікі ў нацыянальных валютах, стварэнне сумесных фондаў,інвестыцыі ў лічбавую эканоміку і „зялёныя“ тэхналогіі — усё гэта будзе ў цэнтры нашай увагі», — упэўнены ён.

3. Незалежны фінансавы механізм

«У сучасных геапалітычных умовах, калі аднабаковыя санкцыі становяцца фактарам дэстабілізацыі, відавочная патрэба ў незалежным фінансавым механізме ШАС. У такім, які быў бы здольны фінансаваць трансгранічныя праекты, нівеліруючы санкцыйны ціск, стымуляваць выкарыстанне нацыянальных валют у гандлі, падтрымліваць развіццё ключавых кірункаў супрацоўніцтва: ад лагістыкі і энергетыкі да лічбавай трансфармацыі і штучнага інтэлекту», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі бок падтрымлівае ідэю стварэння Банка развіцця ШАС, які надасць дадатковую ўстойлівасць эканамічным сувязям і стане важным крокам да эканамічнага суверэнітэту рэгіёна. «Але мы ўсе разумеем, што карысць ад гэтага банка будзе толькі ў тым выпадку, калі ён зможа працаваць у кожнай з краін «шанхайскай сям’і», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

4. Каардынацыя намаганняў з ЕАЭС у транспартна-лагістычнай сферы

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што геапалітычныя ўзрушэнні ламаюць міжнародныя лагістычныя ланцужкі. Таму Беларусь лічыць важным краінам ШАС і ЕАЭС скаардынаваць намаганні па развіцці транспартна-лагістычнай інфраструктуры транспартных калідораў, выкарыстоўваючы лічбавыя тэхналогіі і інтэлектуальныя сістэмы ў сферы транспарту. 

«Гэта ўмацуе звязанасць краін — удзельніц ШАС і Еўразійскага эканамічнага саюза, знізіць транзакцыйныя выдаткі для бізнесу, пашырыць доступ краін Цэнтральнай Азіі да рынкаў Еўропы і Кітая. І, нарэшце, павысіць узровень устойлівасці і бяспекі лагістычных ланцужкоў паставак ва ўмовах знешняга ціску», — адзначыў беларускі лідар.

5. Стварэнне агульнайнавукова-інавацыйнай прасторы

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь лічыць вельмі важным стварэнне агульнай навукова-інавацыйнай прасторы ШАС. Ён звярнуў увагу: ужо сёння ёсць механізмы — ад рабочых груп да міжбанкаўскага аб’яднання ШАС, — якія могуць забяспечыць фінансаванне сумесных навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ і тэхналагічных стартапаў. Гэта асабліва актуальна, калі інавацыі становяцца ключавым фактарам устойлівага росту. «Беларусь адкрыта да абмену вопытам і рэалізацыі сумесных праектаў у галіне сельскай гаспадаркі, медыцыны, ІТ і прыкладных навук», — заявіў Прэзідэнт.

6. Гуманітарнае вымярэнне супрацоўніцтва


«Мы надаём вялікае значэнне ўмацаванню сувязяў паміж краінамі ШАС у сферах адукацыі, навукі і культуры. Гуманітарнае вымярэнне ШАС важна напоўніць канкрэтным зместам і новымі магчымасцямі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён прапанаваў стварыць паўнавартасную рэгіянальную адукацыйную платформу, напрыклад, на аснове ўніверсітэта ШАС. І на гэтай пляцоўцы праз праграмы ШАС фарміраваць пакаленне спецыялістаў — людзей, якія ведаюць адно аднаго, паважаюць культурныя асаблівасці і дасягненні краін-партнёраў. «Гэта значыць, свайго роду «народных дыпламатаў», якія дапамогуць культываваць на міжасобасным узроўні атмасферу даверу, сфарміраваную лідарамі краін «шанхайскай сям’і», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

7. Перамога ў той вайне — важны ўклад у агульную справу міжнароднага міру

У завяршэнне свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Кыргызстан з прыняццем старшынства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Беларускі лідар таксама павіншаваў Старшыню КНР з 80-годдзем Перамогі кітайскага народа ў вайне супраціву японскай агрэсіі і заканчэння Другой сусветнай вайны. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мерапрыемствы з гэтай нагоды якраз сведчаць аб тым, што вялікі кітайскі народ разам з дружнай сям’ёй ШАС не дасць змяніць гісторыю. «Там мы былі разам. Думаю, і ў будучыні, як калісьці савецкі і кітайскі народы разам, мы будзем гэтак жа вяршыць лёс чалавецтва», — сказаў Прэзідэнт.

«Гэты знамянальны юбілей, які разам з вамі святкуем, сімвалізуе мужнасць і стойкасць кітайскага народа ў барацьбе супраць акупацыі і несправядлівасці. Перамога ў той вайне — не толькі нацыянальны гонар Кітая, але і важны ўклад у агульную справу міжнароднага міру і бяспекі. Ад усёй душы жадаю Кітаю росквіту, дабрабыту і далейшых поспехаў у пабудове гарманічнай і ўстойлівай будучыні», — дадаў беларускі лідар.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю