Расійскі бізнесмен адзначыў, што з-за пэўных абставін у свеце адбыўся разрыў тэхналагічных, лагістычных ланцужкоў, якія развіваліся доўгі час да гэтага. «Гэта негатыўная тэндэнцыя. Цяпер яна абвострана з-за санкцыйнага націску. З-за таго, што наогул цяпер ідзе перадзел свету ў геапалітычным плане. Такія перыяды бываюць. Яны праходзяць, і супрацоўніцтва, кааперацыя аднаўляюцца», — сказаў ён.
«Пытанне ў тым, з якімі пазіцыямі мы падыдзем да таго моманту, калі трэба будзе выбудоўваць нейкую новую сістэму ўзаемаадносін, — прадоўжыў Уладзімір Патанін. — Калі падысці з пустымі рукамі да гэтага моманту, то, адпаведна, і пазіцыі будуць слабаватыя. Мы з калегамі з бізнесу аб гэтым гаворым, і, вядома, сёння аб гэтым ішла размова з Аляксандрам Рыгоравічам. Аб тым, што трэба аб’яднаць намаганні там, дзе ў нас ёсць кампэтэнцыі, нейкія канкурэнтныя перавагі, іх трэба захоўваць. Трэба спрабаваць сумеснымі намаганнямі захоўваць пазіцыі на рынках, з якіх нас (як Расію, так і Беларусь), спрабуюць выцесніць, выходзіць на новыя рынкі і быць, кажучы спартыўнай мовай, у добрай форме для таго, каб, калі прагучыць свісток і будзе аб’яўлены новы раўнд спаборніцтваў, выступіць у іх дастойна».
Ён звярнуў увагу на грунтоўны, удумлівы падыход да развіцця супрацоўніцтва. «Я даўно не быў у Беларусі. Па запрашэнні Аляксандра Рыгоравіча прыехаў. Усё, што мы тут будзем рабіць, трэба асэнсаваць. Мы не плануем дзейнічаць занадта хутка і па-шапказакідальніцку. Мы павінны ўнікнуць у абстаноўку, у сітуацыю і зразумець, які рэальны вынік мы маглі б даць для беларускай эканомікі, не забываючы аб сваёй, расійскай. Гэта ўсё паціху прыйдзе па меры збліжэння з беларускімі калегамі», — сказаў бізнесмен.
Паводле яго слоў, ёсць даволі шмат напрамкаў, дзе інтарэсы беларускага і расійскага бакоў супадаюць. Напрыклад, адукацыя. У абедзвюх краінах ёсць моцныя школы, заснаваныя на тэхнічных, інжынерных, IT-спецыяльнасцях. «У Беларусі моцная тэхнічная школа, важна яе захоўваць і ўзмацняць. Яна цікавая мне як патэнцыяльнаму работадаўцу і чалавеку, які шмат займаецца адукацыяй», — адзначыў ён.
«Я прапанаваў, Аляксандр Рыгоравіч падтрымаў узаемны абмен адукацыйнымі праграмамі, — расказаў Уладзімір Патанін. — Мы зможам распаўсюдзіць той вопыт, які ў нас ёсць у Расіі ў галіне адукацыі, стыпендыяльных, грантавых праграм, на беларускія ВНУ. Ёсць добрая акадэмічная база і прадпрыемствы, якія маглі б служыць палігонам для таго, каб не толькі тэхніку і навінкі выпрабоўваць, але і людзей, каб яны прывыкалі да рэальнай рабочай абстаноўкі».
Акрамя таго, бізнесмен расказаў аб намеры «ўнесці пасільны ўклад» у развіццё новай Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій, якая ствараецца ў Беларусі. «Зможам сякія-такія кампетэнцыі туды прынесці і ўзбагаціць тыя напрамкі, якія там плануецца развіваць, у прыватнасці ў IT-тэхналогіях, ШІ, біятэхнічных напрамках», — сказаў ён.