Top.Mail.Ru

Бюджэт на наступны год захавае сваю сацыяльную скіраванасць

На парадку дня – тры галоўныя фінансавыя дакументы для краіны

На пятнічным пасяджэнні чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў дэпутаты прынялі шэраг найважнейшых законапраектаў.

Блок бюджэтна-падатковы

— Адной з найважнейшых заканатворчых задач чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў з’яўляецца прыняцце блока бюджэтна-падатковых дакументаў, — падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка. — Гэта праекты законаў «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2027 год», 

«Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2027 год», а таксама «Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь». Кіраўнік дзяржавы, прымаючы мяне ў верасні бягучага года з дакладам, зрабіў асаблівы акцэнт на крытычным разглядзе дэпутатамі менавіта гэтых законапраектаў. Адзначу, што многія дэпутаты актыўна ўдзельнічалі ў пасяджэннях міжведамаснай рабочай групы па падрыхтоўцы прагнозу асноўных параметраў эканамічнага развіцця краіны і праекта рэспубліканскага бюджэту на наступны год.

Па словах спікера, пасля ўнясення ў Палату прадстаўнікоў бюджэтна-падатковы пакет выносіўся на пашыранае пасяджэнне Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах з удзелам профільных міністраў. На пасяджэнні камісіі адбылася жывая, грунтоўная размова і ўдакладнены ўсе праблемныя пытанні. 

Чалавек і яго патрэбы заўсёды на першым плане

Дэпутаты падчас сесіі ў першым і другім чытаннях прынялі праект закона «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2027 год». Дакумент вызначае крыніцы фарміравання даходаў бюджэту фонду, іх аб’ём і кірункі выкарыстання сродкаў фонду, устанаўлівае парадак выканання бюджэту фонду.

Як адзначыла ў гутарцы з журналістамі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Святлана БАРТАШ, чалавек і яго патрэбы заўсёды ў прыярытэце дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі.

Па даходах бюджэт фонду сфарміраваны ў суме 42 822,7 мільёна рублёў, або 107,5 % да бюджэту фонду за 2026 год. Асноўную долю ў структуры ўзносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне складаюць абавязковыя страхавыя ўзносы працадаўцаў і грамадзян, якія працуюць, — 98,2 %, або 39 306,1 мільёна рублёў. 

Расходы бюджэту фонду разлічаны ў суме 42 300,3 мільёна рублёў, або 112,2 % да бюджэту фонду за 2026 год. Асноўную суму расходаў (80,5 %) прадугледжваецца накіраваць на фінансаванне пенсійнага забеспячэння. Аб’ём сродкаў на фінансаванне расходаў на выплату пенсій запланаваны ў бюджэце фонду з улікам забеспячэння суадносін сярэдняга памеру пенсіі па ўзросце пенсіянера, які не працуе, і сярэдняй заработнай платы работнікаў краіны на ўзроўні 35,6 %.

— Законапраектам прадугледжваюцца таксама расходы на выплату дапамог па цяжарнасці і родах у сувязі з нараджэннем дзіцяці, сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, па часовай непрацаздольнасці, па доглядзе за інвалідам першай групы або асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, на пахаванне, а таксама фінансаванне санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення. Такім чынам, праз паслядоўнае выкананне заканадаўчых механізмаў гарантуецца рэалізацыя найважнейшых сацыяльных правоў грамадзян. Бюджэт фонду сфарміраваны з прафіцытам за кошт сродкаў прафесійнага пенсіённага страхавання, — адзначыла дэпутат.

Без кардынальных пераўтварэнняў падатковай сістэмы

Народныя выбраннікі ў першым чытанні таксама прынялі законапраект «Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь». Падатковая палітыка ў наступным годзе будзе накіравана на далейшае ўдасканаленне падатковай сістэмы, яе паступальнае развіццё з улікам эканамічных і палітычных фактараў, якія ўплываюць на змяненне бізнес-працэсаў, пашырэнне тых, што існуюць, і развіццё новых відаў і кірункаў гаспадарчай дзейнасці. 

— Прапанаваны да прыняцця законапраект уносіць змены ў агульную і асаблівую часткі Падатковага кодэкса, — патлумачыла член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Наталля КУЛЯШОВА. — Гэтыя змены кропкавыя. Яны не прадугледжваюць маштабных змен у існуючай падатковай сістэме.

Тым не менш, парламентарый адзначыла, што змяненні закрануць падаходны падатак. 

— Яны накіраваныя на зніжэнне падатковай нагрузкі на нашых фізічных асоб, — удакладніла дэпутат. — Пашыраецца катэгорыя асоб, якія адносяцца да маладых спецыялістаў, у мэтах прымянення стандартнага падатковага выліку. Нашы студэнты, якія навучаліся па міжнародных праграмах або ў міжнародных ВНУ, будуць мець нароўні з нашымі ВНУ права на прымяненне стандартнага падатковага выліку.

У прыярытэце — адукацыя, ахова здароўя, будаўніцтва жылляЗаконапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2027 год» прыняты дэпутатамі ў першым чытанні. 

Праект бюджэту на 2027 год і разліковыя паказчыкі па бюджэтах абласцей і горада Мінска распрацаваныя з улікам палажэнняў праграмных дакументаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Васіль ПАНАСЮК.

— Можна смела сцвярджаць: бюджэт застаецца сацыяльна арыентаваным і накіраваны на рацыянальнае выкарыстанне ўсіх наяўных рэсурсаў у адпаведнасці з нацыянальнымі прыярытэтамі. У ліку прыярытэтаў застаюцца фінансаванне сістэм адукацыі і аховы здароўя, падтрымка шматдзетных сем’яў, фарміраванне сямейнага капіталу. У структуры сацыяльнага блока вялікую ўдзельную вагу займае выплата заработнай платы работнікам бюджэтнай сферы. Прадугледжана дзяржаўная падтрымка будаўніцтва жылля. Вялікі аб’ём фінансавых сродкаў выдзяляецца на рэалізацыю Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. Дадаткова хацеў бы адзначыць фарміраванне дарожнага фонду. У паўтара раза павялічваецца асігнаванне на рамонт аўтамабільных дарог. Гэта кожны наш выбаршчык павінен заўважыць: у наступным годзе плануецца прыкметнае паляпшэнне стану дарожнай сеткі, — падкрэсліў парламентарый.

Дэпутаты таксама ратыфікавалі шэраг міжнародных пагадненняў.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю