Якія законапраекты будуць разгледжаны падчас пятай сесіі Савета Рэспублікі восьмага склікання, расказала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на першым пасяджэнні пятай сесіі, перадае БелТА.
«Надзвычай насычаным будзе парадак дня пятай сесіі. Цэнтральнае месца ў нашай рабоце традыцыйна займае бюджэтны пакет — праекты законаў аб рэспубліканскім бюджэце і бюджэце Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на 2027 год, змяненні ў Падатковы кодэкс. Патрабаванні кіраўніка дзяржавы ў бюджэтна-падатковай сферы нязменныя — эфектыўнае расходаванне сродкаў на прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця, справядлівая і збалансаваная сістэма падаткаабкладання. Неабходна скрупулёзна вывучыць адпаведныя законапраекты. Гэтая задача датычыцца ўсіх камісій. Мы павінны даць адказы на прынцыповыя пытанні: ці ўсе даручэнні Прэзідэнта ўлічаны пры фарміраванні бюджэту? ці арыентаваны бюджэтныя выдаткі на вырашэнне сістэмных сацыяльных пытанняў? І галоўнае — як палепшыцца жыццё людзей пасля прыняцця бюджэтных дакументаў?» — сказала Наталля Качанава.
Працягнецца работа над законапраектам, падрыхтаваным па выніках маштабнай рэвізіі заканадаўства, праведзенай па даручэнні Прэзідэнта. Паводле слоў старшыні Савета Рэспублікі, яго прыняцце дасць магчымасць выключыць акты, якія страцілі актуальнасць і не прымяняліся на практыцы.

Лічбавы рубель і занятасць насельніцтва
«Краіна рыхтуецца да ўкаранення нацыянальнай лічбавай валюты. Адпаведны законапраект створыць неабходную прававую базу для выкарыстання новай формы беларускага рубля. На думку распрацоўшчыкаў, гэта забяспечыць дадатковы кантроль за мэтавым расходаваннем бюджэтных сродкаў і пашырыць магчымасці трансгранічных плацяжоў. Сур’ёзная праца вядзецца па карэкціроўцы законаў „Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь“ і „Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб“. Саветам Рэспублікі ўжо ўнесены прапановы, якія ўлічаны пры падрыхтоўцы адпаведных законапраектаў», — праінфармавала Наталля Качанава.
Паводле яе слоў, таксама дбайнай прапрацоўкі запатрабуюць заканадаўчыя навацыі ў сферы працоўных і жиллёвых адносін, аховы працы, знешняй працоўнай міграцыі, ліцэнзавання, аховы здароўя, абароны персанальных даных, дзейнасці прафесійных саюзаў, сацыяльнай падтрымкі грамадзян, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Саветам Рэспублікі ў ініцыятыўным парадку падрыхтаваны законапраект аб павышэнні ўзроўню занятасці насельніцтва. У яго аснове — прапановы, выпрацаваныя сумесна з дэпутатамі мясцовых саветаў і падтрыманыя кіраўніком дзяржавы.
Экспертная ацэнка законапраектаў
Важнае значэнне мае экспертнае суправаджэнне заканатворчага працэсу. «Экспертным саветам, створаным па даручэнні Прэзідэнта, у бягучым годзе разгледжана 24 праекты заканадаўчых актаў. Па большасці з іх выказаны абгрунтаваныя заўвагі. Так, у жніўні на пасяджэнні Савета дэталёва вывучаны праект указа „Аб фондах і дабрачыннай дзейнасці ў сферы аховы здароўя“. У ходзе яго разгляду было прапанавана распрацаваць асобны законапраект па пытаннях дабрачыннай дзейнасці. Прапанова падтрымана нашым Прэзідэнтам. Гэта нагляднае пацвярджэнне таго, што ўстаноўка Прэзідэнта працуе: экспертны савет ствараўся, каб забяспечваць высокую якасць і эфектыўнасць заканадаўства», — падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.
«За кожнай літарай закона мы перш за ўсё павінны бачыць чалавека. Законы павінны быць справядлівымі, зразумелымі, ісці ад жыцця, прымацца для людзей і ў ім’я людзей. Заклікаю вас уважліва ставіцца да прапрацоўкі законапраектаў, ініцыяваць іх грамадскае абмеркаванне на розных пляцоўках — на сустрэчах у працоўных калектывах, з насельніцтвам, у моладзевых аўдыторыях. Калі неабходна — уносьце прапановы», — падсумавала Наталля Качанава.

Вынікі работы Савета Рэспублікі за 30 гадоў
Гэты год адзначаны важнымі падзеямі ў жыцці краіны. 30 гадоў таму закладзены асновы двух інстытутаў народаўладдзя: Нацыянальнага сходу і Усебеларускага народнага сходу. Ініцыятыва аб стварэнні двухпалатнага парламента была вылучана кіраўніком дзяржавы і падтрымана беларускім народам на рэспубліканскім рэферэндуме ў лістападзе 1996 года.
«Членам Савета Рэспублікі першага склікання выпала асаблівая місія. Гэта быў час актыўнага дзяржаўнага будаўніцтва і фарміравання прававых асноў суверэнітэту. Краіна мела патрэбу ў выразных і сістэмных законах, якія забяспечваюць дынамічнае развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы. Тады побач з маладым Прэзідэнтам усталі людзі, якія не пабаяліся ўзяць на сябе адказнасць за будучыню Беларусі.
Толькі за час працы першага склікання было прынята 18 кодэксаў. Усяго ж за тры дзесяцігоддзі Савет Рэспублікі разгледзеў каля 3 тыс. законапраектаў, у тым ліку 39 кодэксаў. Двухпалатная сістэма стала надзейным прававым фільтрам і гарантыяй таго, што кожны закон працуе на карысць грамадзян, улічваючы інтарэсы рэгіёнаў. Наш вопыт парламенцкага будаўніцтва настолькі пераканаўчы, што сёння цікавасць да яго праяўляюць многія дзяржавы», — звярнула ўвагу Наталля Качанава.
За 30 гадоў членамі Савета Рэспублікі сталі 395 чалавек. «Гэта высокі гонар і каласальная адказнасць, бо кожную вобласць і Мінск прадстаўляюць толькі восем чалавек. Яны ў большасці сваёй працуюць (у парламенце. — Заўв. БЕЛТА) не на прафесійнай аснове — працуюць на прамысловых прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах, уносяць важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё нашай краіны. Дазвольце выказаць найглыбейшую ўдзячнасць членам Савета Рэспублікі ўсіх скліканняў за вернасць абавязку, бяззаветнае служэнне Айчыне і ўмацаванне прававой сістэмы краіны», — сказала старшыня Савета Рэспублікі.

Дзень народнага адзінства і УНС
«Бягучы перыяд нашай працы не менш важны і адказны. 17 верасня мы адзначым Дзень народнага адзінства. Для беларусаў адзінства — гэта падмурак незалежнасці і адзін з ключавых фактараў устойлівага развіцця. Толькі згуртаваны народ здольны пераадолець любыя выклікі і захаваць сваю самабытнасць», — падкрэсліла Наталля Качанава.
Наперадзе таксама трэцяе пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу, на якім дэлегаты падвядуць вынікі першага года пяцігодкі.