Top.Mail.Ru

Бывае, праўда вочы коле...

Гэту гісторыю з сярэдзіны 60-х гадоў мінулага стагоддзя мне расказала суседка бабуля Вольга. Далей з яе слоў.


— Мая сястра тады была маладзіцай, жыла непадалёк у вёсцы, гадавалі з мужам двое дзяцей. Большы з іх, хлопчык Ваня, у свае шэсць гадоў ужо чымсьці дапамагаў. Тым восеньскім надвячоркам забаўляў, калыхаў малую сястрычку і хоць-нехаць пазіраў у акно, бо за ім завываў ну вельмі ўжо моцны вецер! Ён то адчыняў, то зачыняў, з петляў зрываў непрыкрытую брамку. «А калі б яшчэ і дзверы ў хлеў ды пасля ў загародку?.. Цікава, што тады было б?» — падумаў хлопчык.

Паспрабаваў уявіць і тут жа ўголас выдаў:

— Мама, глянь! Гэты шалёны вецер усе нашы дзверы парасчыняў... Карова на вуліцу выйшла, свінні павылазілі.

— Ды быць не можа?! — не паверыла, здзівілася маці, але ж падышла да Вані, паглядзела ў акно. За ім, на дварэ, — ніякіх жывёл (нават сабака ў будцы схаваўся), дзверы ў хлеў зачынены...

— Што ж ты прыдумаў, сынок? — пажурыла Ваню матуля. — Напалохаў мяне, схлусіў... Нельга так рабіць, сорамна, грэх. Трэба заўсёды і ўсім казаць праўду, а то божанька пакарае.

Ваня хлопчыкам быў разумным і паслухмяным: словы матулі ён добра запомніў, а дзён праз колькі...

З самай раніцы ў хату да іх прыбегла суседка.

— Маня, Манечка! — загукала з парога. — У вёсцы аблава! Самагонку шукаюць. Хавай, калі маеш, а то...

Маня на нейкія імгненні застыла каля печы, але ж разумела, што часу на роздум у яе няма, таму хуценька дастала з-пад ложка няпоўны трохлітровік з гарэлкай, акінула вокам хату. На паліцы з посудам убачыла дзве невялічкія гумавыя грэлкі, пераліла ў іх самагонку і з думкай, куды б схаваць, зноў замітусілася па хаце.

У гэты час у калысцы заплакала дачушка. Маці падхапіла яе на рукі і дала патрымаць Ваню. Сама ў гэты час хуценька дастала з калыскі пасцель, пад сеннічок палажыла грэлкі, зверху на іх — коўдрачку, падушачку, дачушку — Ваню загадала калыхаць.

А ў дзверы да іх ужо стукалі «госці» — трое: участковы, старшыня сельсавета і нейкі важны «ўпаўнаважны»:

— Гарэлку на продаж гоніце? Альбо самі п’яце? — грозна спытаў апошні.

— Ды няпраўда ж! Ды хто вам гэта сказаў?! — стала бараніцца гаспадыня. — Мы нічога не прадаём, гарэлкі не п’ём, не гонім.

— А вось гэта мы зараз праверым, — паабяцаў участковы і стаў адчыняць усе шафы і шафкі, варочаць падушкі, зазіраць пад ложкі, пад печ і за печ, зверху на ёй абмацваць транты... І ўсё гэта марна, бо нічога нідзе не знайшоў.

— Значыць, пойдзем у сені, у хлеў, — сказаў упаўнаважаны, ужо адчыняючы дзверы, каб выйсці з хаты, але тут свой голас падаў Іван:

— Вы не там шукалі, дзядзечкі! Паглядзіце вось тут, у калысцы!

...Што было далей, распавядаць не варта. Маня, бедная, і прасіла, і маліла, казала, што слоік гарэлкі муж купіў для сябе: на ўсякі выпадак, на лекі, проста для таго, каб была ў хаце, што ў вёсцы без гэтай атруты нічога не зробіш, а значыць, не пражывеш... Але ж хто яе слухаў?!

...Калі ўсе паперы (акт на «канфіскацыю» ды пратакол) былі падпісаны і тройца ўжо выйшла з хаты, Маня апусцілася на зэдлік і горка заплакала.

— Мама, не трэба, не плач, — стаў суцяшаць яе сын. — Я ж праўду сказаў, я ж не падмануў іх. Значыць, правільна зрабіў? Так, як ты вучыла?

Крыць матулі не было чым. Заставалася альбо сварыцца, альбо гладзіць малога па галаве ды спадзявацца, што хутка ён падрасце і ўсё зразумее.

Т. НОВІК

г. Клецк

Вядучая рубрыкі Валянціна ДОЎНАР

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю