Top.Mail.Ru

Чабатар: у развіцці эканомікі Беларусі за першыя чатыры месяцы года адзначаецца пазітыўная дынаміка

За перыяд са студзеня па красавік бягучага года сапраўды адзначана пазітыўная дынаміка ў развіцці эканомікі, у асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця. ВУП выйшаў на ўзровень 100,2 %, або плюс 0,6 пункта ў адносінах да студзеня-сакавіка. Паводле нашых ацэнак, у красавіку эканоміка прырасла на 1,8 працэнта. Гэта вынік тых дзеянняў, якія прадпрымаліся па стымуляванню і развіццю ўнутранага попыту і па экспарце. Аб гэтым заявіў міністр эканомікі Юрый Чабатар.


Ён звярнуў увагу, што работа эканомікі будуецца на трох асноўных кірунках — інвестыцыйнай праграме, вытворчай і экспартнай. Галоўным Юрый Чабатар назваў інвестыцыйнае развіццё.

— Тут мы закладваем у тым ліку і будучыню эканомікі — новыя прадпрыемствы. За апошнія два месяцы — і ў сакавіку, і ў красавіку — прырост інвестыцый склаў больш за 5 %. Мы адзначаем, што гэта ў асноўным адбываецца за кошт рэалізацыі камерцыйных праектаў — гэта будаўніцтва новых прадпрыемстваў, нашай новай рэгіянальнай ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». Адзначу, што толькі за бягучы перыяд ужо 375 праектаў у рэгіянальнай ініцыятыве. Мы з нашымі калегамі выпрацавалі ўжо досыць зразумелы алгарытм працы. Банкі бачаць усе заяўкі рэгіянальнай ініцыятывы, працуюць напрамую з кліентамі, у іх ёсць адпаведны KPI па заключэнні дагавораў і асваенню рэсурсаў у бягучым годзе.

Міністр эканомікі адзначыў, што ў рамках гэтай ініцыятывы рэалізуюцца прыярытэты пяцігодкі. Напрыклад, з 375 праектаў ініцыятывы больш за сотню — гэта турыстычныя праекты. У інвестыцыйным плане — будаўніцтва жылля. Асноўны кірунак пяцігодкі — гэта будаўніцтва арэнднага жылля, і за бягучы перыяд яго рост адбыўся ў паўтара раза. Тыя блокі, па якіх Урад прымаў намаганні па магчымасцях іх росту і фінансавання, стварэння ўмоў, сябе апраўдалі.

Што датычыцца вытворча-экспартнай праграмы, Юрый Чабатар адзначыў, што ў гэтым кірунку работа праходзіць ва ўвязцы з нашым асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам — Расіяй:

— Мы бачым, што ў Расіі таксама ВУП выйшла ў станоўчую зону. Таму і нашы экспарцёры на сабе гэта пачынаюць адчуваць. Экспартная праграма — рост 114 %. Мы таксама паставілі сёлета задачу асваення рынкаў іншых краін СНД, далёкай дугі — Афрыканскага рэгіёна. Тут прыняты адпаведныя праграмныя дакументы Урада і спецыяльныя мерапрыемствы па стымуляванню прасоўвання прадукцыі на гэты рынак.

Звяртаючы ўвагу на якасныя паказчыкі, Юрый Чабатар паведаміў, што інфляцыя за 4 месяцы склала 2,5 %:

— Калі паглядзець, то такія ж падобныя параметры ў нас былі ў 2017 і 2019 гадах. У гэтыя гады гадавая інфляцыя адзначалася на самым аптымальным нізкім узроўні. Вядома, гэта прыводзіць да таго, што ў нашага насельніцтва застаецца больш рэальных даходаў — 107,6 % за апошні перыяд. Гэта дазваляе падтрымліваць ўнутраны попыт.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю