«Ідэя правядзення «ІНАПРАМа» ў Мінску нарадзілася ў 2023 годзе, калі Беларусь была краінай-партнёрам гэтай выстаўкі ў Екацярынбургу. У нас у гэтым годзе адкрыўся новы Мінскі міжнародны выставачны цэнтр, які адпавядае ўсім стандартам для правядзення такіх буйных мерапрыемстваў. У ім 15 тыс. кв. м закрытых плошчаў, вялікая кангрэсная частка, канферэнц-залы. Усім, хто падасць заяўку на ўдзел, хопіць месца і часу для правядзення сваіх дзелавых мерапрыемстваў. Будуць арганізаваны шатлы з чыгуначнага вакзала, з асноўных атэляў, каб удзельнікі і госці маглі прыязджаць і ад’язджаць з камфортам. Чакаем восенню ў нас у Мінску ўсіх — прадстаўнікоў бізнесу, афіцыйныя дэлегацыі. Госці змогуць азнаёміцца з буйнейшай экспазіцыяй Беларусі і паказаць сябе. Чакаем прадстаўнікоў дзясяткаў краін свету па двух напрамках: першы — удзел са сваёй прадукцыяй і прапановамі, другі — удзел у вялікай дзелавой праграме. Заявак ужо даволі шмат. Чакаем і падпісання кантрактаў на палях выстаўкі», — сказаў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў.Міністр прамысловасці Беларусі Андрэй Кузняцоў падкрэсліў, што такія пляцоўкі, як «ІНАПРАМ», надаюць магутны імпульс развіццю ўзаемадзеяння паміж краінамі. «Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй заўсёды вызначалася высокім узроўнем інтэграцыі і кааперацыі. Кааперацыяй звязаны больш як 10 тыс. беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў», — звярнуў увагу ён.
Намеснік дырэктара па маркетынгу МАЗ Аксана Міхеева адзначыла, што прадпрыемства з’яўляецца штогадовым удзельнікам «ІНАПРАМа» ў Екацярынбургу. «Для нас гэта не толькі буйная выставачная, але і перагаворная пляцоўка, дзе збіраюцца прадстаўнікі расійскіх рэгіёнаў, іншых краін СНД, далёкага замежжа. Штогод мы экспануем актуальныя рашэнні для транспартнага комплексу. Для МАЗа цяпер глабальнай мэтай з’яўляецца пашырэнне кааперацыі з расійскімі прадпрыемствамі, паглыбленне лакалізацыі, інтэграцыя расійскай кампанентнай базы ў нашу тэхніку. Вядома ж, мы вельмі чакаем «ІНАПРАМ» у Мінску, дзе мы зможам экспанаваць больш шырокі мадэльны рад. Папярэдняя канцэпцыя — транспарт на экалагічна чыстым паліве. Будзе прадстаўлены электрычны смеццявоз, газавы аўтобус. Акрамя таго, будуць прадэманстраваны новыя рашэнні для лагістыкі», — анансавала яна.Паводле інфармацыі арганізатараў, асноўнымі раздзеламі выстаўкі будуць машынабудаванне і кампаненты, металургія і матэрыялы, хімічная прамысловасць, прамысловыя інфармацыйныя тэхналогіі, аўтаматызацыя вытворчасцей, паслугі для прамысловасці. Таксама чакаецца больш за 20 мерапрыемстваў дзелавой праграмы, у тым ліку галоўная пленарная сесія, спецыялізаваныя сесіі па інвестыцыях, інавацыйных тэхналогіях у прамысловасці і экспарце з удзелам міжнародных экспертаў, прэзентацыі прамысловага і інвестыцыйнага патэнцыялу рэгіёнаў, спецыялізаваныя адукацыйныя сесіі для маладых спецыялістаў.
Фота: БелТА