Top.Mail.Ru

Чаго чакаць ад новага кіраўніка літоўскага ўрада?

Прэм'ер - новы, праблемы - старыя



У Літве з’явіўся новы прэм’ер-міністр. Ім стаў старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Міндаўгас Сінкявічус, вылучаны на гэтую пасаду прэзідэнтам Гітанасам Наўседам пасля адстаўкі папярэдняга ўрада і зацверджаны літоўскім Сеймам у аўторак, 30 чэрвеня, васьмюдзесяццю галасамі дэпутатаў. Цяпер прэм’еру трэба будзе сфарміраваць і зацвердзіць новы правячы кабінет з прадстаўнікоў нядаўна створанай парламенцкай кааліцыі, куды ўвайшлі Сацыял-дэмакратычная партыя Літвы (СДПЛ), Дэмакратычны саюз «У імя Літвы» і Саюз сялян, зялёных і хрысціянскіх сем’яў Літвы.

Папярэдняя кааліцыя распалася з-за нежадання сацыял-дэмакратаў супрацоўнічаць з правапапулісцкай партыяй «Зара над Нёманам». Лідар апошняй, Рэмігіюс Жамайтайціс, вядомы шэрагам скандальных заяў, у тым ліку антысеміцкага і антыкамуністычнага характару. У той жа час ён і яго партыя выступалі за прагматычны дыялог з суседзямі, у прыватнасці, з Рэспублікай Беларусь. Закрыццё Вільнюсам пунктаў пропуску на літоўска-беларускай граніцы восенню 2025 года на падставе барацьбы з кантрабанднымі метэазондамі Жамайтайціс называў найгоршым рашэннем урада, якое прывяло толькі да хаосу ўнутры краіны, і патрабаваў аднаўлення дыпламатычнага дыялогу.

Але чашу цярпення вядучай палітычнай сілы ў парламенце (у сацдэмаў 52 месцы са 141) перапоўніла пазіцыя «Зары над Нёманам» па абаронных пытаннях, калі падапечныя Жамайтайціса выступілі рэзка супраць стварэння ваенных палігонаў паблізу ад дзяржаўных граніц і павелічэння на гэта ваенных выдаткаў. Таксама бензінчыку ў вогнішча палітычных рознагалоссяў падлілі публічныя заявы лідара «Зары над Нёманам» аб нібыта планаваным увосень дзяржаўным перавароце, які будзе суправаджацца «фізічнымі расправамі». У выніку ў чэрвені парламенцкае кааліцыйнае пагадненне было скасавана, а ўрад на чале з прэм’ерам Інгай Ругіненэ 23 чэрвеня пайшоў у адстаўку.

Перад новым кіраўніком урада і яго кабінетам прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа паставіў вельмі няпростыя задачы. Па-першае, у вельмі складаны перыяд узрастаючай геапалітычнай напружанасці патрабуецца захаваць фінансаванне абароннага сектара на ўзроўні не менш за 5 % ад ВУП, працягнуць актыўную падтрымку Украіны (у прыватнасці, перадаваць ёй не менш за 0,25 % ад літоўскага ВУП на ваенную дапамогу), а таксама ў прыярытэтным парадку забяспечыць разгортванне каля беларускай граніцы нямецкай танкавай брыгады да 2027 года і стварэнне нацыянальнага рэзерву зброі. Усё гэта каштуе немалых сродкаў.

Па-другое, пры гэтым ураду трэба прымудрыцца праводзіць сацыяльна-арыентаваную, фінансава ўстойлівую і інвестыцыйна-дружалюбную палітыку ўнутры краіны, забяспечваючы паскораную індэксацыю пенсій, увядзенне бясплатнага харчавання для ўсіх вучняў пачатковых класаў і пашырэнне субсідый грамадзянам на набыццё першага жылля. Паралельна неабходна сумясціць дзейнасць па зніжэнні бюракратыі шляхам аптымізацыі дзяржаўных паслуг і змяншэння адміністрацыйнай нагрузкі на бізнес з адначасовым павышэннем зарплат дзяржслужачым. І зноў для гэтага патрэбны грошы, і немалыя!

Увогуле, трэба адшукваць фінансавыя рэзервы, што ва ўмовах паскарэння інфляцыі, энергетычнага крызісу і падаражэння энергарэсурсаў з-за разрыву сувязяў з Расійскай Федэрацыяй, страты канкурэнтаздольнасці мясцовай прамысловасці з-за высокіх вытворчых выдаткаў, працяглага дэмаграфічнага спаду, эміграцыі кваліфікаваных кадраў і недахопу працоўнай сілы — становіцца практычна невырашальнай задачай. Па статыстыцы, Літва ўваходзіць у пяцёрку краін Еўрасаюза з самай высокай рызыкай беднасці і сацыяльнай ізаляцыі насельніцтва. Пры такіх умовах адзіным спосабам папоўніць бюджэт становяцца знешнія запазычанні, гэта значыць, новаму ўраду давядзецца з працягнутай рукой пайсці да Еўрасаюза. А гэта пагражае павелічэннем знешняга доўгу ад цяперашніх 39 % да амаль паловы ад ВУП.

Акрамя Еўрапейскага саюза, крыніцамі сродкаў маглі б быць і іншыя краіны. Напрыклад, Кітай, дзяржава багатая, і яна з задавальненнем дае пазыкі. Але — на жаль! З Кітаем у Літвы ўсё дрэнна. Некалі, пабегшы наперадзе паравоза, літоўскі ўрад паспяшаўся адкрыць у краіне афіцыйнае прадстаўніцтва Тайваня, тым самым паквапіўшыся на непахіснасць прынцыпу «аднаго Кітая», дзе Тайбэй разглядаецца як неад’емная і несамастойная частка Паднябеснай. Таму КНР фактычна разарвала дыпламатычныя адносіны з Літвой і выкрасліла яе са сваіх гандлёвых рэестраў. Цяпер у новага літоўскага ўрада стары галаўны боль — як наладзіць адносіны з Пекінам.

Перад сваім прызначэннем на пасаду прэм’ер-міністра Міндаўгас Сінкявічус заявіў, што распрацаваў некалькі варыянтаў нармалізацыі адносін з Кітаем. Аднак падрабязнасцяў не раскрыў і перспектывы гэтай нармалізацыі пакуль ацэньвае туманна. Магчыма, Сінкявічус баіцца, што ўсе намаганні па збліжэнні з Пекінам могуць пайсці прахам з-за дзейнасці былога міністра замежных спраў Літвы Кястуціса Будрыса, якога і ў новым урадзе на гэтай пасадзе зноў хацеў бы бачыць прэзідэнт Наўседа. На думку кіраўніка літоўскай дзяржавы, знешняя палітыка краіны не патрабуе кардынальных змен, яна заснавана на пэўных прынцыпах і кансерватыўная, як не патрабуе кардынальных змен і асабовы склад, які гэту палітыку рэалізуе. Ну, а чакаць змены поглядаў Будрыса асабліва не даводзіцца, яны дастаткова ясныя: ЗША і НАТА — сябры, Расія і Беларусь — ворагі, Кітай — саюзнік Расіі і Беларусі, а таму таксама не сябар. Так што наўрад ці на кітайскім напрамку літоўскай знешняй палітыкі адбудуцца сур’ёзныя змены ў найбліжэйшай будучыні.

Ну і галоўнае, што можа перашкодзіць эфектыўнаму функцыянаванню новага ўрада — гэта адвечны біч літоўскай палітычнай эліты ў выглядзе карупцыі. Сам новаспечаны прэм’ер Сінкявічус пару гадоў таму ўжо быў заўважаны ў махінацыях, працуючы ў Йанаўскім муніцыпалітэце. Каўнаскі акруговы суд нават прызнаў яго вінаватым у злоўжываннях, падробцы дакументаў і растраце. Сінкявічус атрымаў штраф на 12,5 тысячы еўра, яму было забаронена на працягу трох гадоў займаць пасады ў дзяржаўных, муніцыпальных альбо няўрадавых установах. Тады палітыка, які праштрафіўся, «адмазаў» яго ўплывовы бацька, дэпутат Сейма і кіраўнік Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне. Але цяпер на пасадзе прэм’ер-міністра адкрываюцца такія перспектывы, што карупцыйныя праявы папярэднікаў Сінкявічуса, Гінтаўтаса Палуцкаса (прысваенне маёмасці амаль на 345 тысяч еўра) і Інгі Ругіненэ (ільготныя пазыкі з дзяржбанка, замежныя ваяжы з сям’ёй за дзяржаўны кошт), будуць выглядаць як нявінныя забаўкі.

Будзем назіраць.

Аляксей Бяляеў, палітолаг

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю