Псіхалагічны бар’ер, можна лічыць, пераадолены — мы ўпэўнена і з пышнымі букетамі школьнікаў ступілі з лета ў восень. І зноў, як у знакамітай песні Міхаіла Шуфуцінскага, адбылося 3 верасня. І гэты «знамянальны» ліст календара мы перагарнулі. Цяпер застаецца толькі сачыць за прагнозамі сіноптыкаў: ці супадуць яны з каляндарнымі чаканнямі і нашымі ўнутранымі адчуваннямі?..
Верасень, як старанны вучань, прыйшоў згодна з раскладам і перакінуў нас з гарачага лета ў кліматычныя рэаліі восені: тэмпература ніжэй за 20 градусаў, шэрыя дажджы, пранізлівы вецер... Ажыццявіць усе задуманыя планы першаму асенняму месяцу дапамаглі аж тры цыклоны з мілагучнымі жаночымі імёнамі Рафаэла, Сіна і Тэса, аднак з далёка не вытанчанай грацыяй і тым яшчэ капрызным норавам. Гэтыя цыкланічныя барычныя ўтварэнні вельмі адчувальна сапсавалі нам надвор’е і настрой — акрамя ападкаў, яны даставілі дадатковую порцыю дыскамфорту ў выглядзе моцнага парывістага ветру і паўночнай прахалоды. Ці дасць восень перадышку ў выхадныя, даведаліся ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У суботу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы. Месцамі прагрымяць навальніцы. Ноччу месцамі, днём у многіх раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі 15–20 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе 9–16 °C цяпла, днём — 15–22 °C вышэй за нуль.
У нядзелю на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, днём у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Ноччу месцамі, днём у многіх раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі 15–20 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе 7–14 °C цяпла, днём — 15–21 °C вышэй за нуль.
Віктар ЛЮБІМАЎ