Шоу на фоне хаосу
Паказальным стала тое, што, паводле звестак медыядаследавання AGB Nіelsen, апублікаванага польскім Нацыянальным саветам па тэлерадыёвяшчанні, апошнія дэбаты кандыдатаў прыцягнулі да экранаў больш за 6 мільёнаў чалавек. Пра іх БелТА распавёў польскі экс-суддзя Томаш Шміт: «Кандыдатам у прэзідэнты з’яўляецца, у прыватнасці, вядомы блогер Кшыштаф Станоўскі, які не хавае, што балатуецца, увогуле, жартам. Вядома, размова ідзе і аб павелічэнні аўдыторыі праграм Станоўскага, на якіх ён зарабляе. Блогер не забыўся пра рэквізіт і прынёс з сабой тузін сцягоў. Такім чынам ён нагадаў аб інцыдэнце, які адбыўся на папярэдніх дэбатах, калі незалежны кандыдат, падтрыманы партыяй „Права і справядлівасць“, Караль Наўроцкі ўручыў Рафалу Тшаскоўскаму (кандыдат ад „Грамадзянскай кааліцыі“) сцяг ЛГБТ, а сам размясціў на сваёй трыбуне польскі нацыянальны сцяг.
На гэты раз у Станоўскага былі з сабой, сярод іншых, сцягі Германіі, Еўрапейскага саюза, ЛГБТ, а таксама Аргенціны, Ватыкана і сцяг з эскулапавым змеем, сімвалам медыцыны. „Вы можаце выкарыстоўваць гэтыя сцягі для таго, каб упарыць контркандыдату — наперад. У мяне тут сцяг фемінізму, Германіі, Польшчы, Кыргызстана — усім знойдзецца занятак па душы“, — заявіў ён.
Тшаскоўскі ж у канцы дэбатаў паклаў на трыбуну Наўроцкага белы канверт з невядомым змесцівам. „І гэта апошні шанц, прапанова паводзіць сябе сумленна. Дзейнічайце, пан Караль“, — сказаў Тшаскоўскі. Наўроцкі не адразу ўзяў канверт у рукі. „Вы даяце мне хабар?“ — пацікавіўся ён. Згодна з высновамі выдання „Суперэкспрэс“, у канверце знаходзіўся нумар рахунку дома састарэлых, дзе пражывае Ежы Ж., кватэру якой у Гданьску Наўроцкі атрымаў у абмен на догляд».
Раней апытанне UCE Research, якое было праведзена па замове Onet, выразна расставіла прыярытэты жыхароў Польшчы. Рэспандэнтаў спыталі, на якіх пытаннях кандыдатам на пасаду прэзідэнта трэба засяродзіцца ў першую чаргу. Найбольшы працэнт адказаў быў звязаны з коштам прадуктаў і лекаў. «Са збянтэжанасцю назіраю за прэзідэнцкай кампаніяй у Польшчы: яе лідары не гавораць аб праблемах простых палякаў, такіх як доступ да аховы здароўя, магчымасці для атрымання адукацыі або проста дастойны старт у дарослае жыццё, — з горыччу заўважыў Томаш Шміт. — Ігнаруюцца праблемы вялізных груп працоўных людзей, пенсіянераў і атрымальнікаў пенсій па інваліднасці, якім усё цяжэй зарабляць на жыццё ў Польшчы, ахопленай хаосам, якая раздзіраецца ўсё новымі скандаламі».
Заакіанскія гульні
Яшчэ адна навіна наконт польскай унутрыпалітычнай сістэмы прыйшла з-за акіяна. Як паведаміла польскае выданне WPolіtyce, «судовы камітэт Палаты прадстаўнікоў ЗША апублікаваў поўны тэкст ліста, накіраванага ў Еўрапейскую камісію, у якім выказваецца занепакоенасць дзеяннямі ўрада Дональда Туска ў дачыненні да апазіцыі, кансерватыўных СМІ і свабоды слова ў інтэрнэце».
У чатырохстаронкавым дакуменце пералічваюцца факты пераследу палітыкаў з апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць», актывістаў і нават каталіцкіх святароў па палітычна матываваных абвінавачаннях, часта без неабходных доказаў. Апроч палітычнага пераследу апанентаў улады ў Польшчы, у лісце папярэджваецца аб падаўленні свабоды польскіх СМІ. Прыкладам таму стала адкліканне ліцэнзіі ў аднаго з самых папулярных польскіх тэлеканалаў, які крытыкаваў урад Туска. Судовы камітэт Палаты прадстаўнікоў ЗША чакае рэакцыі з боку Еўрапейскага саюза, інфармацыі аб мерах, прынятых у сувязі з гэтымі трывожнымі падзеямі.
А пры чым тут уласна выбары? Варта згадаць, што раней у Авальным кабінеце Белага дома прэзідэнт ЗША прыняў Караля Наўроцкага. Трамп пажадаў Наў-
роцкаму перамогі ў прэзідэнцкіх выбарах. Пагадзіцеся, у гэтым кантэксце зварот судовага камітэта Палаты прадстаўнікоў ЗША выглядае вельмі недвухсэнсоўна.
Каля кармушкі
Між тым польская электаральная кампанія не прывядзе да кардынальных змяненняў у адносінах з Мінскам. Пра гэта заявіў у эфіры «Альфа Радыё» палітолаг Юрый Шаўцоў: «Не варта чакаць, што нешта кардынальна памяняецца: у Варшавы ёсць значная інерцыя ў тым напрамку, які яна абрала яшчэ ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў». Размова ідзе аб курсе на відавочныя і схаваныя датацыі ад Бруселя, дадаў Юрый Шаўцоў: «Нават думкі аб адмове ад такога курсу ў іх няма. Але за гэта палякі ахвяруюць нацыянальным суверэнітэтам. На ўзроўні польскага грамадства існуе незадаволенасць тым, што ім даводзіцца плаціць высокую цану. Таму ўнутраная палітычная барацьба ў Польшчы заўсёды ўключае кампанент адстойвання ўласных інтарэсаў, але не да такой ступені, каб страціць датацыі. Гэта пастаянная тэма на ўсіх выбарах — і сёлетніх таксама».
Як заўважыў у эфіры тэлеканала СТБ галоўны рэдактар польскага партала Strajk.eu Мачэй Вішнеўскі, «досыць вялікая група людзей, якія да апошняга гавораць, што не ведаюць, за каго будуць галасаваць. Важна, ці пойдуць яны на выбары ў дзень выбараў і за каго аддадуць голас. У прынцыпе, ведаючы маю непрадказальную радзіму, можна чакаць пэўных сюрпрызаў. Але, калі нават без сюрпрызаў, калі ў другім раўндзе будуць Тшаскоўскі і Наўроцкі, гэта выбар, з майго пункту гледжання, паміж чумой і халерай».