Усяго два тыдні засталося да старту ХХХІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», які сёлета пройдзе з 31 кастрычніка па 7 лістапада пад дэвізам «Гісторыя, што змяняе погляд». Кінастужкі для васьмі конкурсных праграм сёлета адбіралі з больш як 3600 заявак са 120 краін свету. А ў выніковую праграму трапіла 155 кінастужак. На сустрэчы з журналістамі арганізатары і праграмныя дырэктары расказалі, што ўбачаць беларускія гледачы на вялікім экране.
Інтарэс сусветнага маштабу— Да кінафестывалю сёлета праявілі вялікі інтарэс ва ўсім свеце. На адбор паступіла больш за 3600 заявак з 120 краін, — адзначыла начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына ДРЫГА. — Там прадстаўлены не толькі нашы традыцыйныя актыўныя ўдзельнікі — Расія, краіны СНД, Кітай, Індыя, Іран, Пакістан, але і краіны Еўропы і далёкай дугі. Праграмныя дырэктары раскажуць, наколькі ім было складана адбіраць, каб у праграму трапіла сапраўды толькі самае цікавае і лепшае кіно. Некаторыя кінастужкі ўжо зарэкамендавалі сябе на міжнародных фестывалях, аднак не абыдзецца без навінак і свежых прэм’ер.
У праграме сёлетняга кінафоруму гледачоў чакаюць восем конкурсных праграм. Па прапанове Беларускага саюза кінематаграфістаў і кінематаграфічнай супольнасці дабавіўся Конкурс кароткаметражных фільмаў. Ён дасць магчымасць паказаць сябе маладым аўтарам, якія яшчэ выспяваюць для поўнага метра, але ўжо маюць жаданне выказацца. Тут атрымалі больш за 2200 заявак. У фінальную праграму выбралі 13 кінастужак. Беларускае кіно шырокай аўдыторыі будзе прэзентавана на Конкурсе нацыянальнага кіно (у праграме 20 фільмаў, усе прэм’ерныя), а таксама кінастужкі нашых рэжысёраў убачым і ў шэрагу іншых конкурсаў. Напрыклад, фільмам адкрыцця сёлета будзе кінастужка «Пераломны момант» рэжысёра Дзмітрыя Сарокі, які яшчэ пазмагаецца і ў конкурсе «Кіно маладых». Усяго ў конкурсе пабачым 10 фільмаў, што адабраны з больш як 350 заявак. Праграму конкурсу нацыянальных кінашкол склалі 27 фільмаў са звыш 200 дасланых заявак.
Прэм’еры і вялікія імёны
Што датычыцца асноўнага конкурсу ігравых фільмаў, то, па словах яго праграмнага дырэктара Дзмітрыя МАРЫНІНА, сярод адабраных для сёлетняга «Лістапада» ёсць як пераможцы сусветнавядомых кінафорумаў (Каны, Венецыя і Сан-Себасцьян, які цяпер стаў пляцоўкай для сапраўдных наватараў кінематаграфіі), так і шэраг прэм’ер:
— Ужо ў першы дзень пакажам, на мой погляд, цудоўны фільм гэтага сезона «Сірат» Олівера Лашэ, пераможцу Канскага фестывалю. Гэта кінастужка — мост паміж пеклам і раем, жыццём і смерцю, паміж ілюзіямі і прасвятленнем. І па гэтым мосце давядзецца прайсці героям. Фільм здымаўся ў мараканскай пустыні. Усіх запрашаю на гэты фільм. Таксама ў нас у праграме лідары кінапракату ў сяброўскіх нам краінах, такіх як Венесуэла, Пакістан, Індыя, Кітай, — зазначыў Дзмітрый Марынін. — Яшчэ чакаецца дзве вялікія прэм’еры — фільм «Тамерлан» і кінастужка «Мой дзед», у якой у галоўнай ролі зняўся Уладзімір Гасцюхін. У асноўным конкурсе менавіта гэтай кінаработай будзе прадстаўлена Беларусь. Хоць фільм і зроблены ў Расійскай Федэрацыі, але ён абсалютна беларускі па ідэі, па ментальнасці. Акрамя гэтага, свой фільм згадзіўся прадаставіць вучань вялікага рэжысёра ХХ стагоддзя Жана Люка Гадара — Фабрыс Араньё. Кінамайстар не толькі даў нам фільм, але і правядзе анлайн майстар-клас.
У конкурсе неігравога (дакументальнага) кіно за ўвагу гледача і прызнанне аўтарытэтнага журы будуць змагацца 17 кінастужак. І, як расказаў праграмны дырэктар гэтага конкурсу Сяргей Кацьер, сёлета атрымалася вельмі моцная праграма:
— У нас атрымалася як ніколі моцная праграма, якой я за апошнія пяць гадоў не сустракаў ні на адным кінафестывалі дакументальнага кіно. І гэта зразумела, бо ў нас фільмы-пераможцы папярэдніх кінафорумаў за апошні год. Паверце мне, гэта кінастужкі вартыя ўвагі гледачоў. Глыбокае, мастацкае, дакументальнае кіно, дзе ёсць цікавыя героі, вострыя сучасныя тэмы, якія нікога не пакінуць абыякавым, — адзначыў ён.
Не менш цікавымі будуць і іншыя конкурсныя праграмы. Так, для прыхільнікаў анімацыі падрыхтавалі цэлых 47 фільмаў, якія пакажуць у пяці тэматычных праграмах. У пазаконкурсную праграму адабралі больш за 10 фільмаў, а вось у конкурснай праграме «Лістападзіка» пабачым 6 кінафільмаў.
Спяшайцеся па квіткі
Традыцыйна пляцоўкамі для правядзення кінафестывалю стануць кінатэатры горада Мінска. Тут пройдуць конкурсныя і пазаконкурсныя паказы. Па добрай традыцыі паказы фільмаў пройдуць і ў рэгіёнах нашай краіны. Таму гэта сапраўды фестываль, які аб’ядноўвае ўсю краіну.
Продаж квіткоў на цырымонію адкрыцця стартаваў 16 кастрычніка, а з 17 кастрычніка набыць квіткі ўжо можна і на самі кінасеансы фестывалю.
Алена ДРАПКО