Сфера інтарэсаў беларускіх навукоўцаў у медыцыне вельмі шырокая — ад стварэння новых лекавых прэпаратаў і фармакалагічных субстанцый для лячэння самых розных хвароб да ўкаранення тэхналогій штучнага інтэлекту і распрацоўкі першага айчыннага інтэрактыўнага калькулятара вызначэння біялагічнага ўзросту чалавека і хуткасці старэння. Усе інавацыі практыка-арыентаваныя і накіраваны на хуткае ўкараненне ў медыцынскія ўстановы і фармакалагічную вытворчасць.
Прамое імпартазамяшчэнне
Нацыянальная акадэмія навук кансалідуе намаганні розных спецыялістаў для фарміравання навуковых праграм, якія садзейнічаюць распрацоўцы перадавых дасягненняў і іх хуткаму ўкараненню ў практыку.
Што датычыцца медыцыны, то НАН Беларусі з’яўляецца распрацоўшчыкам фундаментальных даследаванняў і працуе ў цесным узаемадзеянні з установамі Міністэрства аховы здароўя. Менавіта развіццё прыкладных даследаванняў з’яўляецца асноўнай задачай устаноў медыцынскага і біялагічнага профілю НАН Беларусі.

— Апошнім часам дасягненні акадэмічных вучоных былі накіраваны на стварэнне новых дыягнастычных набораў, новых лекавых прэпаратаў і фармакалагічных субстанцый, якія могуць выкарыстоўвацца для лячэння сацыяльна значных захворванняў. Уся акадэмічная прадукцыя медыцынскага прызначэння — патэнцыял прамога імпартазамяшчэння і накіравана для рэалізацыі ў медыцынскія ўстановы, — расказвае намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення медыцынскіх навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Таццяна ГНЯДЗЬКО.
Аднак не толькі над стварэннем лекаў працуюць айчынныя навукоўцы. Яны займаюцца ўкараненнем у ахове здароўя тэхналогій штучнага інтэлекту, стварэннем новых адытыўных матэрыялаў (расходных матэрыялаў для 3D-друку), іншых новых тэхналогій.
Акрамя таго, гэта стварэнне новых гігіенічных нарматываў па ацэнцы навакольнага асяроддзя, па распрацоўцы ачышчальных сістэм для вады і забеспячэнні ёй насельніцтва.
Сярод інавацыйных праектаў мінулага года можна вылучыць распрацоўку і ўкараненне генерычнага лекавага прэпарата «Габапенцін-НАН», выпушчанага ўнітарным прадпрыемствам «Акадэмфарм». Гэта аналаг імпартных лекаў, прызначаны для пацыентаў з эпілепсіяй і захворваннямі нервовай сістэмы. Распрацоўка атрымала высокую адзнаку на дзяржаўным узроўні. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ўключыла «Габапенцін-НАН» у топ-10 вынікаў дзейнасці вучоных НАН у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў па выніках 2025 года. Над стварэннем прэпарата вучоныя працавалі больш за 4 гады. Па саставе гэта стапрацэнтны аналаг арыгінала, але па кошце беларускі прэпарат прыкладна на 50 % таннейшы.
Супраць грыпу і раку
Вывелі на айчынны рынак беларускія вучоныя і супрацьвірусны лекавы прэпарат «Флустоп кідс», прызначаны для лячэння і прафілактыкі грыпу, у тым ліку ў дзяцей. Інстытутам мікрабіялогіі распрацавана высокатэхналагічная біятэхналогія атрымання проціпухліннага нуклеазіду і яго фосфаліпідных вытворных, якія могуць быць выкарыстаны
для лячэння анкалагічных захворванняў. Інавацыйнай стала распрацоўка новага комплекснага падыходу да пераадолення антыбіётыкарэзістэнтнасці грамадмоўных патагенаў для аптымізацыі антымікробнай тэрапіі. Такое даследаванне выканана на базе лабараторыі Інстытута фізіялогіі.

Акрамя таго, супрацоўнікі гэтага інстытута займаюцца фундаментальным вывучэннем і даследаваннем сістэм работы мозгу, у прыватнасці, даследаваннем болевага сіндрому ў лабараторыі вывучэння болю. Тут навукоўцы актыўна супрацоўнічаюць з прадстаўнікамі ўстаноў аховы здароўя і медыцынскіх ВНУ для распрацоўкі абгрунтавання і ўкаранення доказных пераваг новых тэхналогій і метадаў лячэння, рэабілітацыі і дыягностыкі.
Калькулятар узросту і хуткасці старэння
Адным з сацыяльна значных праектаў стала распрацоўка першага айчыннага інтэрактыўнага калькулятара вызначэння біялагічнага ўзросту чалавека і хуткасці старэння, які размешчаны ў адкрытым доступе на афіцыйным сайце Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў.
Інструмент аналізуе вашы антрапаметрычныя даныя (вагу, рост, аб’ём таліі і сцёгнаў) і ацэньвае агульны рэальны стан арганізма ў параўнанні з фактычным узростам, а таксама вызначае хуткасць старэння — хутчэй ці марудней за норму яна адбываецца.
У гэтым жа падраздзяленні быў распрацаваны ласьён для ўмацавання валасоў для жанчын і мужчын, які дазваляе захаваць знешнюю прывабнасць.
Карысная кухня
У навукова-практычным цэнтры па харчаванні ўпершыню ў краіне распрацаваны нутрыентны аналаг рыбнай прадукцыі, які змяшчае ў сабе камбінаваны мясараслінны прадукт. Па харчовай каштоўнасці ён не саступае натуральнай рыбе. Яго мяркуецца ўвесці ў школьнае харчаванне. Дзеці, як вядома, не ахвотна ядуць рыбу з-за яе паху. Прадукт дазволіць яе замяніць і разнастаіць рацыён харчавання.
Упершыню ў Беларусі распрацавана пекцінзмяшчальная кансерваваная прадукцыя. Гэта сокавая прадукцыя, пюрэ і дэсерты, у якіх захавана ўся карысць садавіны. Таксама дзякуючы навуковым распрацоўкам асвоены вырабы ферментаванай агародніны і садавіны, якія валодаюць усімі ўласцівасцямі свежай і могуць выкарыстоўвацца для здаровага харчавання.

Сучасныя тэхналогіі вытворчасці вадкіх напояў на аснове прадуктаў перапрацоўкі малака распрацаваны ў інстытуце мясамалочнай прамысловасці. Гэты кірунак актыўна развіваецца, і адным з дасягненняў стаў створаны тут кансорцыум прабіятычных мікраарганізмаў для падтрымання здароўя і эфектыўнай жыццядзейнасці чалавека ў розных экстрэмальных умовах пражывання.
Як адзначае Таццяна Гнядзько, планы акадэмічных арганізацый найбліжэйшай пяцігодкі звязаны з рэалізацыяй 12 дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў. Сярод іх эксперыментальная медыцына і медыцынскія біятэхналогіі, у прыватнасці, стварэнне новых біяклетачных прадуктаў, фарміраванне доказнай медыцыны па функцыянаванні сістэмы жыццезабеспячэння чалавека і эфектыўнасць зберажэння здароўя, геноміка (вывучэнне геному і генаў чалавека), генетыка і распрацоўка новых, у тым ліку і дыягнастычных метадаў, якія адкрыюць новыя магчымасці для выяўлення схільнасці да захворванняў і лячэння асобных паталагічных станаў.
Алена КРАВЕЦ
Фота Віктара Іванчыкава