Неўзабаве таленавітыя юнакі і дзяўчаты з усёй краіны з’едуцца ў Мінск, каб узяць удзел у такой маштабнай падзеі, як I Форум маладых літаратараў Беларусі. Іх чакаюць цікавыя сустрэчы з прафесіяналамі, важныя адкрыцці, парады ад вядомых пісьменнікаў, цікавыя экскурсіі і шмат іншага. Напярэдадні мерапрыемства мы спыталі ў прадстаўнікоў розных рэгіёнаў, чаго яны чакаюць ад форуму.
Віталія БЕЛАГАЛОВА, навучэнка Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. І. Салярцінскага, празаік:
— На маю думку, у першую чаргу гэта магчымасць праявіць сябе. Юныя таленты змогуць прадэманстраваць свае здольнасці на такім высокім узроўні. Гэта шанц паказаць шматграннасць і непаўторнасць сваёй асобы, пазнаёміць іншых са сваёй творчасцю. Дзякуючы зносінам з іншымі ўдзельнікамі гэтага мерапрыемства таксама ёсць магчымасць пашырыць свой «пісьменніцкі кругагляд», дапоўніць багаж новымі ідэямі і атрымаць мноства карысных парад.
Не існуе нічога лепшага за творчы сінтэз гарачых сэрцаў маладых творцаў. Падзея абяцае стаць захапляльнай, напоўненай пазнавальнымі зносінамі, матывацыяй і выдатным настроем.
Давід МОХАР, настаўнік рускай мовы і літаратуры СШ № 17 г. Брэста, паэт:
— Кожны малады творца — гэта няспелы самотны парастак у бясконцым полі мастацтва. Пакуль пісьменнік малады і неспрактыкаваны, ён саромеецца зрабіць першы крок насустрач вялізнаму свету літаратуры. Сарамлівыя паэты не разумеюць сваё месца ў плыні словатворчасці, лічаць свой уклад сціплым і недастатковым. Ці самотны я ў абраным мною шляху? Хтосьці прасякнецца акіянам агню, які бушуе у маёй душы? Ці вызначыць хтонебудзь мае памылкі, недакладнасці, слабасці? Усе гэтыя пытанні мучаць нас, маладых паэтаў, хвалямі сумненняў...
У гэтым плане Форум маладых літаратараў Беларусі — збор усіх гэтых кветак надзеі ў адзін цудоўны букет! Падобнае мерапрыемства — адлюстраванне ўнікальнай літаратурнай флоры з усёй Беларусі! Найвялікшая радасць сабрацца разам, зачытацца творамі адзін аднаго і заявіць без утойвання: «Я гэткі не адзін!»
Арсеній ГРОДА, студэнт філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, паэт:
— Я лічу такія мерапрыемствы важнымі, бо яны дазваляюць адчуць, што ты не адзін, што твае думкі і памкненні падзяляюць многія блізкія табе па духу людзі. Гэта таксама важна для абмену вопытам сярод аднаго пакалення, бо існуе вялікая колькасць праблем, тэм для творчасці, якія нас аднолькава хвалююць, але асаблівым чынам адлюстроўваюцца ў творах кожнага. Асабіста я заўжды адкрыты і чакаю новых знаёмстваў, яркіх вершаў, якія ўражваюць, новых ідэй і эмоцый. Акрамя таго, форум можа быць крыніцай карысных ведаў, якія ўзбагачаюць творчасць і садзейнічаюць развіццю ўласнага аўтарскага стылю, сваёй непаўторнай мовы, якая гучыць выразным голасам маладосці ў вершах.
Ксенія УРБАНОВІЧ, настаўнік беларускай мовы Гімназіі № 2 імя І. В. Болдзіна (Гродна), перакладчык, паэтэса, празаік:
— Правядзенне форуму маладых літаратараў важнае і актуальнае. Гэта цудоўная магчымасць падзяліцца сваёй творчасцю, энергіяй сваёй паэзіі, атрымаць натхненне ад паэзіі іншых. Адчуваю, што будзе цікава, узнёсла і лёгка! З нецярпеннем чакаю гэтай падзеі.
Максім ХАЦКЕВІЧ, фельчар Паліклінікі № 4 Барысаўскай ЦРБ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, празаік:
— Форум — гэта прастора, якая якраз і ствараецца для зручнасці абмеркавання нейкіх значных пытанняў і праблем. Напэўна, у маладых літаратараў іх хапае. Калі вырашылі арганізаваць такі форум, значыць, узнікла пытанне, што можна нас запрасіць для ўдзелу, і добра, што ствараюцца такія дыялогавыя пляцоўкі.
Гэта першы форум, таму ён мае для нас асаблівае значэнне. Спадзяюся, ён стане сваеасаблівай інвестыцыяй у будучыню нашай культуры, дапаможа нашаму пакаленню з’яднацца і заняць сваё месца ў літаратурным цэху побач з прафесійнымі пісьменнікамі. Важна, каб на форуме закранулі пытанне, каму і навошта ў нашай краіне неабходны пісьменнікі як сацыяльна значныя адзінкі. Патрэбна вызначыцца, як спрыяць паляпшэнню якасці працы пісьменніка.
Ірына МАТЛАК, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік:
— Форум маладых пісьменнікаў уяўляе сабой унікальнае мерапрыемства, дзе аўтары-пачаткоўцы могуць абмяняцца сваімі ідэямі, атрымаць зваротную сувязь і развіваць свае навыкі. Гэта магчымасць пазнаёміцца з аднадумцамі, што спрыяе стварэнню творчай атмасферы і падтрымцы адзін аднаго ў літаратурных пачынаннях. Форум можа стаць карысным для ўсіх, хто хоча атрымаць канструктыўную крытыку ад іншых удзельнікаў, пабачыць свае слабыя месцы і працаваць над імі. Зносіны з іншымі пісьменнікамі, прафесіяналамі ў літаратурнай сферы дапамагаюць адкрыць новыя магчымасці для супрацоўніцтва. Удзел у абмеркаванні актуальных тэм літаратуры і пісьменніцтва можа натхніць на новыя ідэі і праекты, а знаёмства з работамі іншых аўтараў можа стаць крыніцай для матывацыі, для далейшага творчага росту. Такім чынам, форум маладых пісьменнікаў з’яўляецца не толькі пляцоўкай для абмену ідэямі, але і прасторай для ўсебаковага росту, падтрымкі і натхнення на шляху да літаратурнага поспеху.
Анастасія АРЦЕМ’ЕВА, выкладчык англійскай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, паэтэса:
— Бясцэннымі заўсёды застаюцца абмен вопытам і пашырэнне кола зносін сярод аўтараў, непазбежна цікавыя новыя погляды і ідэі, тэндэнцыі ў сучаснай літаратуры, паколькі менавіта моладзь фарміруе той напрамак, у якім будзе развівацца літаратура. Чым больш згуртаваныя мы — тым якасней тое, што робім, бо зваротная сувязь і крытыка спрыяюць нашаму развіццю. Якасная літаратура рэдка можа развівацца ў ізаляцыі, таму форум маладых літаратараў — важная падзея, якая павінна стаць рэгулярнай, дазваляючы новым імёнам у літаратуры не толькі дэманстраваць сваю творчасць, заяўляць пра сябе, але і развівацца.
Падрыхтавала Ірына ПРЫМАК