Своеасаблівая выстаўка дасягненняў айчынных творцаў, майстроў мастацтваў сустракала ўдзельнікаў калегіі Міністэрства культуры, якая была прысвечана вынікам работы за 2025 год.
Пасяджэнне калегіі праходзіла пры ўдзеле намесніка Прэм’ер-міністра Наталлі Пяткевіч і першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзіміра Пярцова.Пра тое, чым была адметнай дзейнасць галіны ў 2025-м, расказаў міністр культуры Руслан Чарнецкі, які падкрэсліў, што любая работа павінна даваць канкрэтны вынік.
— Устойлівае развіццё сферы культуры немагчыма без эканамічнай эфектыўнасці, — адзначыў Руслан Чарнецкі. — Выкананы паказчыкі па аб’ёме выкарыстання пазабюджэтных сродкаў. Уласныя даходы арганізацый галіны павялічыліся на 23 % у параўнанні з папярэднім годам. Экспарт паслуг таксама вырас, што пацвярджае запатрабаванасць нашага прадукту за межамі.
Як было агучана, летась культурна-асветныя ўстановы прадэманстравалі высокія вынікі ў многім дзякуючы абноўленым падыходам да арганізацыі работы. Колькасць наведванняў бібліятэк павялічылася на 9,4 % у параўнанні з папярэднім годам, пераважна за кошт павышэння якасці мерапрыемстваў. Музейная сфера таксама дэманструе рост. Колькасць наведванняў павялічылася на 13,4 %, па колькасці экскурсій ёсць прырост на 10 %. Тэатры ў асноўным справіліся з пастаўленымі задачамі па пераходзе на новую сістэму фінансавання. Адметна і тое, што пашырылася іх гастрольная геаграфія і наогул міжнароднае супрацоўніцтва арганізацый культуры з установамі іншых краін. У кіно пастаўлены сур’ёзныя задачы, і выкананнем адной з іх з’яўляецца фільм «Класная», які дэманструе нядрэнныя зборы ў пракаце.
Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база сферы культуры. Ужо сёлета павінна завяршыцца рэстаўрацыя вучэбнага корпуса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і будынка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Да 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны плануюць ажыццявіць праект Саюзнай дзяржавы па рамонце, рэстаўрацыі і музеефікацыі Брэсцкай крэпасці.
І ўсе чакаюць завяршэння будаўніцтва новага Нацыянальнага гістарычнага музея, таму наперадзе вялікая работа па арганізацыі экспазіцыі і зместу адукацыйных праграм.
Гэта мае значэнне ў тым ліку для развіцця турызму.
У дадзеным кантэксце міністр адзначыў, што сёлета неабходна перагледзець падыходы па фарміраванні і вядзенні дзяржаўнага Спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, аналізаваць стан кожнага аб’екта і магчымасці выкарыстання яго турыстычнага патэнцыялу.
— Аснова функцыянавання любой сістэмы — у першую чаргу людзі, менавіта кадравы склад. На сённяшні дзень у сферы культуры працуе больш за 53 тысячы чалавек, — адзначыў Руслан Чарнецкі. — Нягледзячы на агульны дэфіцыт, забяспечанасць кадрамі арганізацый культуры захоўваецца на даволі высокім узроўні (95 %), што дазваляе нам рэалізоўваць пастаўленыя задачы.
Тым не менш людзі ўсё ж патрэбны: не хапае бібліятэкараў, артыстаў, рэжысёраў, кіраўнікоў калектываў мастацкай творчасці... Асаблівая ўвага — маладым кадрам, і тут культурная галіна мае свае навучальныя ўстановы, якія выпускаюць штогод 1500 спецыялістаў. З іх каля 64 % застаюцца працаваць у галіне. Таму маладых спецыялістаў падтрымліваць трэба, асабліва ў рэгіёнах, каб яны бачылі перспектыву прафесійнага росту не толькі ў абласных цэнтрах і буйных гарадах. Таму навучальным установам прыйдзецца скарэкціраваць свае планы ў бок мэтавай падрыхтоўкі.
Вядома, нішто лепш не агітуе моладзь выбіраць спецыяльнасць, чым заробак. Міністр культуры падкрэсліў: робяцца магчымыя захады для яго павелічэння за кошт стымуляцыйных выплат і надбавак.
Ларыса ЦІМОШЫК