Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў вырашыць пытанне з чэргамі на маршруткі ў гадзіны пік, у тым ліку за кошт прыцягнення на запатрабаваныя маршруты дадатковых адзінак тэхнікі, уключаючы электратранспарт. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе аб выніках работы БелАЭС, павелічэнні электраспажывання і прапановах аб будаўніцтве новых атамных магутнасцяў, паведаміла БелТА.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі развіваецца электратранспарт, прычым не толькі ў буйных гарадах. «Пілотныя праекты па пераводзе грамадскага транспарту на электрычны ўкаранёны ў Шклове, Жодзіне і Наваполацку. А ў цэлым на сёння ў краіне эксплуатуецца больш за 44 тысячы электрамабіляў і налічваецца звыш 1870 зарадных станцый», — прывёў даныя кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым выклікае здзіўленне, чаму існуе недахоп грамадскіх відаў транспарту ў прыгарадных і міжгародніх зносінах, заўважыў Прэзідэнт. Гэта тэма, па яго словах, узнімаецца людзьмі ў тым ліку ў сацыяльных сетках. «Людзі крыўдзяцца: стаяць, асабліва ў гадзіны пік, па 150 метраў, як яны пішуць, у чэргах, каб уціснуцца ў гэту маршрутку, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Слухайце, чаго вы з людзей здзекуецеся?!»
«Мы што, не можам замяніць гэтыя маршруткі, Аляксандр Генрыхавіч, аўтобусамі? — заўважыў Прэзідэнт, звяртаючыся да Прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына. — Трэба паставіць, аж да таго, што не толькі на рухавіках унутранага згарання аўтобусы, але і электробусы паставіць. І няхай ідуць. З задавальненнем людзі паедуць. Камфортна, паветрам дыхаюць у гэтым аўтобусе, не сядзяць там (як у маршрутках. — Заўв. БелТА) заціснуўшыся». Паводле слоў Прэзідэнта, гэта быў бы і больш бяспечны від транспарту: «Ну, страцім мы 2-3 хвіліны, але жывыя будзем і здаровыя».
«Аляксандр Генрыхавіч, ну што гэта, зноў мае ўказанні патрэбныя? Трэба бачыць, чым людзі жывуць. Мы проста гэта можам зрабіць, і гэта акупны праект», — падкрэсліў Прэзідэнт.