Top.Mail.Ru
64

Чалавечы фактар і цана памылкі: галіновы прафсаюз Магілёўшчыны прааналізаваў прычыны траўматызму ў 2025 годзе

Тэхнічная інспекцыя працы Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва падвяла вынікі 2025 года.


Статыстыка паказвае: праблема вытворчага траўматызму па-ранейшаму застаецца актуальнай. У мінулым годзе тэхінспектары правялі 54 праверкі і выявілі амаль 400 парушэнняў. Большая частка з іх аператыўна ліквідавана наймальнікамі. Разам з тым ніякія прадпісанні не здольныя абараніць чалавека, калі ён сам ігнаруе элементарныя правілы бяспекі.

Рэзанансным выпадкам стала гібель слесара-рамонтніка ў маі мінулага года. Мужчыну знайшлі без прыкмет жыцця ў бункеры абсталявання. Экспертыза ўстанавіла: крытычная канцэнтрацыя праміле алкаголю ў крыві пазбавіла чалавека магчымасці кантраляваць свае дзеянні і адэкватна ацэньваць небяспеку, што і прывяло да непапраўных наступстваў.

Алкаголь стаў прычынай траўм і ў іншых выпадках. Так, цеставод атрымала сур’ёзнае пашкоджанне рукі падчас мыцця заквасачнай машыны, таксама знаходзячыся ў стане ап’янення.

Аналіз паказаў: чалавечы фактар у шматлікіх выпадках становіцца прычынай вытворчага траўматызму. Большасць вытворчых траўм — гэта вынік парушэння тэхналагічнай дысцыпліны: наступіў не туды, не замацаваў, не праверыў, паспадзяваўся на вопыт... У выніку — цяжкія калецтвы, у якіх віна наймальніка часта адсутнічае.

Адной з ключавых мер па прадухіленні трагедый абласная арганізацыя галіновага прафсаюза разглядае ўзмацненне «народнага кантролю». Каб пераламаць сітуацыю з траўматызмам, стаўка робіцца на падрыхтоўку кваліфікаваных грамадскіх інспектараў, якія працуюць непасрэдна ў калектывах і бачаць рызыкі знутры.

У 2025 годзе сістэмнае навучанне прайшлі 67 спецыялістаў і 33 грамадскія інспектары прадпрыемстваў галіны. Супрацоўніцтва з прафсаюзным універсітэтам «МІПСА» дазволіла вывесці падрыхтоўку прафактыву на новы ўзровень, а на красавік і май 2026 года ўжо запланаваны чарговыя адукацыйныя курсы.

Аднак у прафсаюзе падкрэсліваюць: нават самая эфектыўная сістэма падрыхтоўкі — толькі частка поспеху. Адукацыйныя праграмы даюць веды, але не могуць замяніць усвядомленую дысцыпліну кожнага канкрэтнага чалавека.

Старшыня абласной арганізацыі Алег Камінскі адзначае:

— Мы можам навучыць тысячы інспектараў і выдаць сотні рэкамендацый, але бяспека на вытворчасці — гэта перш за ўсё асабісты выбар работніка. Прафсаюз дае веды і інструменты кантролю, аднак прымусіць чалавека цаніць сваё жыццё, калі ён сам гэтага не жадае, практычна немагчыма.

Падводзячы вынік абмеркаванню пытанняў аховы працы, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва Аксана Канстанціновіч зрабіла асаблівы акцэнт на персанальнай адказнасці кожнага звяна — ад радавога работніка да тэхнічнага інспектара працы:

— Наша агульная задача — захаваць галоўныя каштоўнасці: здароўе і жыццё людзей. Сёння мы павышаем патрабаванні да работы нашых тэхнічных інспектараў працы, але важна разумець: бяспека — працэс калектыўны. Мала стварыць умовы. Захаванне правілаў аховы працы — гэта не фармальнасць, а адзіная рэальная гарантыя таго, што чалавек вернецца дадому жывым і здаровым.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю