Top.Mail.Ru

Чалавек не можа абыякава ставіцца да сваёй спадчыны

Так мяркуе сябра Бярэзінскага клуба народных майстроў Васіль Каваленка. Тыя ж рэчы, што засталіся ад родных і блізкіх, нагадваюць нам пра мінулае, ствараюць настрой.



Шлях да збіральніцтва ў кожнага свой. Захапленне Васіля Стэфанавіча пачалося з царскай манеты, якую знайшоў падчас рэканструкцыі дома ў горадзе Погары, што на Браншчыне. А можа і раней.

— Там, на маёй радзіме, у сяле Юдзінава створаны комплекс з пяці музеяў, — расказвае суразмоўца. — Перш за ўсё — гэта музей-запаведнік палеаліту. Адкрыў старажытнае пасяленне беларускі археолаг Канстанцін Палікарповіч... Калі мне было гадоў 10, навуковыя супрацоўнікі, студэнты таксама праводзілі раскопкі. 

Мы з задавальненнем дапамагалі. Дарэчы, на месцы раскопак знойдзена жытло з касцей маманта, шмат бытавых артэфактаў, упрыгажэнні.

Дык можа адсюль вытокі захаплення?

А яшчэ — ад беражлівага стаўлення да памяці і рэчаў сваіх родных. Самымі каштоўнымі сярод іх калекцыянер лічыць бабуліну ікону і бацькаву ваенную гімнасцёрку: Стэфан Мікітавіч ваяваў на 1-м Беларускім і 1-м Украінскім франтах, узнагароджаны медалём «За адвагу», ордэнам Чырвонай Зоркі, некалькі разоў быў паранены...

Дарэчы, аднавіла гэты дарагі экспанат жонка Васіля Стэфанавіча — Вера Эдуардаўна — майстрыха з сапраўды залатымі рукамі.

Сямейны шлях Каваленкаў пачаўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе яны разам вучыліся і адкуль па размеркаванні паехалі на радзіму мужа. Працавалі на Погарскай цыгарэтна-цыгарнай фабрыцы, якая ў свой час пастаўляла прадукцыю нават для Чэрчыля, у сельскай гаспадарцы, органах унутраных спраў... За плячыма ў Васіля Стэфанавіча і вопыт прадпрымальніка. Пяць дамоў ён пабудаваў сваімі рукамі, апошні — у Беразіно. Сюды, на радзіму жонкі, «пераехала» і калекцыя.

Колькасць рарытэтаў у ёй наўрад ці паддаецца падліку. Розныя прылады працы, посуд, свяцільнікі, гадзіннікі, швейныя машынкі, форменнае адзенне, пагоны (нават царскай арміі), сімволіка, значкі...

Да многіх рэчаў з гісторыяй збіральніку давялося прыкласці рукі, асвоіць азы прафесій электрыка, зваршчыка, рэстаўратара, цесляра, сталяра, пасля чаго ці не кожны з прадметаў стаў большым ці меншым гонарам. У ліку першых Васіль Стэфанавіч як сапраўдны інжынер называе навігацыйную лінейку лётчыка 1941 года, хардвугламер, які выкарыстоўваўся ў генштабах для распрацоўкі арыенціраў стральбы.

Аднак для гэтага калекцыянера кожны яго экспанат мае ўнутраны сэнс, якім хочацца дзяліцца. У раённым цэнтры рамёстваў, у цэнтральнай бібліятэцы арганізуюцца розныя выставы, і сям’я Каваленкаў — у ліку самых актыўных удзельнікаў.

Што адметна, павагу да працы, да вывучэння гісторыі сужэнцы Каваленкі прывілі сваім дзецям — сыну і дачцэ, а таксама семярым унукам. Дарэчы, адзін з іх, Андрэй, сёлета паступіў у Мінскае сувораўскае вучылішча. 

А да гэтага — чым не падстава для гонару — праводзіў экскурсіі ў сваім школьным музеі, дзе стварыў і пакінуў... «Куток дзядулі».

Значыць, усё не дарэмна? Значыць, ёсць працяг захаплення, а па-сутнасці — справы жыцця з матывацыяй, з унутраным сэнсам і нават характарам.

Ала АЛЬФЕР
г. Беразіно


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю