Top.Mail.Ru

Чалавек «праінвеставаў» неіснуючым фірмам 220 тысяч рублёў. Як не трапіцца на вуду псеўдаброкераў і не стаць іх наступнай ахвярай

«Укладзі 100 рублёў — атрымай 1000»

Таргетаваная рэклама даўно стала адным з найважнейшых інструментаў прасоўвання бізнесу ў інтэрнэце. Варта чалавеку, напрыклад, пацікавіцца пакупкай тэлевізара, і неўзабаве яму пачынаюць прыходзіць аб’явы з прапановамі ў Іnstagram або на YouTube. Але часам усё далёка не так бяскрыўдна.

«Першая дзяржаўная платформа» — зусім не дзяржаўная

Апошнія гады ў інтэрнэце беларусам усё часцей трапляецца падазроная рэклама нібыта ад імя дзяржавы. Яркая назва, пераканаўчы тэкст: «першая народная праграма», «выгадны крэдыт». І нават такія прывабныя словы: «Дзякуючы нам ужо тысячы беларусаў атрымліваюць свой пасіўны прыбытак». У кадры тым часам — знакамітая асоба: вядомы тэлевядучы або чыноўнік. І вось карыстальнік ужо пераходзіць па спасылцы, нават не падазраючы, што ўсё гэта — хлусня і ашуканства.

Наглядны прыклад — рэклама «Першай дзяржаўнай платформы». Выкарыстанне ў ёй выявы афіцыйных сімвалаў Беларусі і аўтарытэту дзяржавы надае бачнасць легітымнасці. Аднак у органы ўнутраных спраў рэгулярна паступаюць звароты ад грамадзян, якія сталі ахвярамі іншых нядобрасумленных схем.

Па ўсіх законах дызайну

Часта ашуканцы хаваюцца пад вядомымі назвамі — «Беларусьнафта» або «Белнафтахім». «Навінкай» апошніх гадоў стала выкарыстанне нейрасетак для генерацыі аўдыя- і відэаматэрыялаў з вядомымі палітычнымі і грамадскімі дзеячамі. І створаныя ашуканцамі сайты выглядаюць сапраўднымі: акуратны дызайн, лагатыпы, дынамічныя графікі прыбытковасці, нібы «жывыя» водгукі. Усё, каб выклікаць адчуванне ўпэўненасці ў надзейнасці інвестыцыйнай прылады:

— Мы для сябе вылучаем цэлы кірунак — так званае «лжывае інвеставанне», — расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС Аляксандр РЫНГЕВІЧ. — Гэта калі чалавек, які ніколі раней не меў справы з інвестыцыямі, раптам трапляе на рэкламу ў інтэрнэце. У ёй прапаноўваецца ўкласці грошы нібы ў развіццё прадпрыемства або пад кіраванне нейкай структурай, якая абяцае даход. Сёння каля 10 % усіх цяжкіх злачынстваў у сферы кібербяспекі звязана менавіта з ілжывым інвеставаннем.

  • Міністэрства ўнутраных спраў нагадвае: дзяржаўныя праграмы і інвестыцыйныя ініцыятывы не рухаюцца праз рэкламу ў інтэрнэце. «Да таго ж кожны грамадзянін павінен разумець: нават рэальна існуючая інвестыцыйная платформа не гарантуе імгненнага прыбытку ў дзясяткі і сотні працэнтаў. Калі вам абяцаюць высокі даход пры мінімальных укладах — перад вамі махлярства», — рэзюмаваў Аляксандр Рынгевіч.

«Алё, вы выйгралі!»

У рэчаіснасці ніякага такога механізму не існуе, а мэта ў ашуканцаў адна: завалодаць вашымі персанальнымі данымі і фінансамі. Для гэтага карыстальнікаў, паводле слоў Аляксандра Рынгевіча, завабліваюць у «пастку». Па большай частцы — псіхалагічную:

— Пад маркай рэгістрацыі, выйгрышу прыза або атрымання кансультацыі просяць пакінуць нумар мабільнага. Пасля гэтага чалавеку тэлефануюць (часцей за ўсё праз месенджары) і пераканаўчым тонам просяць перадаць патрэбную ім інфармацыю. Напрыклад, некалькі дзён таму да нас звярнулася жанчына. Пасля пераходу па спасылцы ёй патэлефанаваў «менеджар» і дапамог стварыць асабісты кабінет. Пацярпелая перадала даныя сваёй банкаўскай карты, пасля чаго было ажыццёўлена спісанне ў 150 беларускіх рублёў. 

Псіхалогія даверу

Нумары, з якіх вам тэлефануюць, могуць быць расійскімі, беларускімі, нават еўрапейскімі — геаграфія не мае значэння. Галоўнае — увайсці ў давер, у шэрагу выпадкаў — пераканаць чалавека зрабіць першы перавод. Сума можа быць невялікай, каб не спалохаць. Затым карыстальніку паказваюць яго «асабісты кабінет», дзе відаць, як нібыта расце прыбытак. І вось ён ужо гатовы інвеставаць больш, жывучы надзеяй на лёгкі заробак.

Яго, вядома ж, не будзе. Зламыснікі актыўна адгаворваюць ад вываду сродкаў, абяцаючы бонусы і скідкі за далейшыя ўкладанні:

— Калі чалавек хоча вывесці «заробленае», яму гавораць: вы страціце прывілеяваны статус, заплаціце павышаную камісію або не зможаце ўдзельнічаць у «асаблівых інвестыцыйных праектах», — растлумачыў Аляксандр Рынгевіч. — Або ахвяры прапаноўваюць не заходзіць на платформу самастойна — маўляў, у вас будзе персанальны брокер, ён будзе ўсё рабіць за вас. І вось аднойчы гэты «брокер» нібыта робіць буйную стаўку на рост долара, але курс не мяняецца — і ўсе грошы «згараюць». Чалавеку адказваюць: «Мы гатовы былі вам усё аддаць, але вы ж самі рызыкнулі — і ўсё прайгралі».

Грошы на вецер

Некаторыя людзі нават бяруць крэдыты або прадаюць маёмасць. І ўсё, каб перавесці сродкі на невядомыя, часта замежныя рахункі. Вяртанне ўкладаў у падобных сітуацыях вельмі складана, а часам і зусім немагчыма зрабіць. Асабліва ў тым выпадку, па словах намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС, калі пераводы здзяйсняліся на працягу доўгага часу:

— Менавіта таму чым раней пацярпелы звяртаецца па дапамогу, тым вышэйшая верагоднасць спыніць трансакцыю да таго, як ашуканцы паспеюць абнаявіць сродкі.

Прычым ахвяры часцей за ўсё пераводзяць грошы добраахвотна.Нядаўна такім чынам невядомы зламыснік пад маркай інвеставання на біржы завалодаў грашовымі сродкамі пацярпелай на агульную суму 6800 рублёў. Беларуска ажыццяўляла пераводы са сваёй банкаўскай карткі на працягу некалькіх месяцаў.

Ведаць нельга верыць

Цікавы факт: «мэтавая аўдыторыя» такіх зламыснікаў — гэта не пенсіянеры, як можа здацца на першы погляд. У асноўным, паводле звестак МУС, ахвярамі розных псеўдаінвестыцыйных праграм становяцца людзі ад 30 да 40 гадоў. Актыўныя, якія працуюць, карыстаюцца сацсеткамі і анлайн-банкінгам. Многія — з вышэйшай і нават тэхнічнай адукацыяй, дасведчаныя аб існаванні падобных ашуканскіх схем. Аляксандр Рынгевіч расказвае:

— Быў выпадак, калі чалавек сядзеў у аўдыторыі, слухаў выступленне нашых супрацоўнікаў аб такіх злачынствах, а праз два тыдні прыйшоў з заявай. На момант правядзення прафілактычнай гутаркі ён «праінвеставаў» каля 50 тысяч беларускіх рублёў. А за наступныя два тыдні перавёў яшчэ каля 170 тысяч і толькі потым усвядоміў, куды і каму.

Як распазнаць кіберашуканцаў?

  1. Уважліва вывучыце сайт. Часта яны выкарыстоўваюць падобныя на рэальна існуючыя, але злёгку змененыя даменныя імёны. Любое несупадзенне павінна выклікаць насцярожанасць. Абавязкова шукайце юрыдычныя даныя: адрас кампаніі, уліковы нумар падаткаплацельшчыка, кантакты. У Беларусі фінансавыя арганізацыі абавязаны іх пакідаць.

  2. Звярніце ўвагу, куды прапануюць перавесці грошы. Калі рахунак знаходзіцца за мяжой ці вам раяць папоўніць крыптакашалёк, — гэта відавочная прыкмета махлярства. Нават калі ўсё выглядае пераканаўча, памятайце: замежныя пераводы і крыптавалютныя аперацыі практычна не паддаюцца адмене.

  3. Не давярайце захопленым водгукам у рэкламе. Замест іх шукайце скаргі на незалежных рэсурсах. Пацярпелыя часта пакідаюць падрабязныя апісанні схемы падману. Калі іх гісторыі супадаюць з тым, што прапануюць зрабіць вам, гэта адназначна трывожны званочак.

Аміна НАЗАРАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю