Top.Mail.Ru

«Чалавек ведаў, што робіць, казаў праўду, і людзі яму верылі...»

Падчас выступлення Прэзідэнта Беларусі ў Савеце Федэрацыі ў Маскве старшыня Савета Федэрацыі Валянціна Матвіенка павіншавала Аляксандра Лукашэнку з пачаткам яркай палітычнай кар’еры. У сакавіку 1990 года, а дакладней, 18 сакавіка, дырэктар саўгаса Гарадзец Шклоўскага раёна Аляксандр Лукашэнка падчас паўторнага галасавання (барацьба за мандаты была сур’ёзная: на 310 месцаў прэтэндавала 1427 кандыдатаў) стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У адказ Прэзідэнт Беларусі заўважыў: «Было такое. І вельмі гэтым ганаруся. Калі б гэтага перыяду, як і іншых, не было ў маім жыцці, я б, можа, і не быў Прэзідэнтам. Самы галоўны мой перыяд у жыцці — дэпутацкая работа. Я бачыў усіх, я бачыў усё і я там навучыўся высокім тэхналогіям — палітычным, дыпламатычным і іншым — і як губка гэта ўсё ўбіраў. За той перыяд мне не сорамна»...


Як звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл РУСЫ, палітычная кар’ера Аляксандра Лукашэнкі пачалася значна раней, чым 18 сакавіка 1990 года, калі ён быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Сенатар удакладніў, што палітычнай работай кіраўнік дзяржавы пачаў займацца яшчэ будучы камсамольскім работнікам, афіцэрам палітупраўлення, кіраўніком прадпрыемства.

Аднак найбольш яскрава лідарскія якасці Аляксандра Лукашэнкі, па словах парламентарыя, праявіліся ў перыяд яго дэпутацкай работы. «Людзі старэйшага ўзросту глядзелі тэлебачанне (ішлі прымыя рэпартажы з залы пасяджэнняў): усе яны хацелі чуць смелыя, адкрытыя, прагрэсіўныя выступленні маладога дэпутата Вярхоўнага Савета Аляксандра Лукашэнкі, — канстатаваў сенатар. — Яго выступленні адрозніваліся рацыяналізмам, смеласцю. Ëн мог смела выказаць любы пункт гледжання, данесці пры разглядзе законапраекта пастулат — гэты закон трэба прымаць ці не трэба, чаму не трэба, закон прынясе карысць або шкоду. Дзякуючы сваім лідарскім якасцям, абгрунтаванасці і сістэмнасці, у Аляксандра Лукашэнкі адкрылася вялікая перспектыва як палітычнага лідара». 

Міхаіл Русы падкрэсліў, што шлях дэпутата — вялікая школа жыцця. «Яна прывучыла да сістэмнасці, дэталёвай прапрацоўкі кожнага закона, бо за гэтым стаіць лёсы людзей, прадпрыемстваў і лёс краіны, — заўважыў сенатар. — Прэзідэнт патрабуе гэтага і сёння. На працягу 31 года патрабуе, каб кожны закон быў якасны, прадуманы. Гэта дапамагае, прымушае нас весці эфектыўную работу, бо асноўнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы — справядлівасць. Справядлівасць ва ўсім: справядлівыя адносіны, справядлівыя рашэнні і справядлівыя цэны». 

Пра Аляксандра Лукашэнку як пра дэпутата загаварылі ўжо ў 1991 годзе, калі ён стаў адзіным чалавекам у Парламенце, які не стаў галасаваць за распад СССР, узгадаў у эфіры Альфа-радыё дэкан факультэта журналістыкі БДУ, палітолаг Аляксей Бяляеў:

— Потым пра яго загаварылі ў пачатку 90-х, калі ён узначаліў камісію па барацьбе з карупцыяй і правёў некалькі яркіх выступленняў. Я памятаю, што тады дзівіўся: як такі малады чалавек не баіцца кінуць выклік супольнасці? Ён расследаваў карупцыйныя праявы ўнутры дэпутацкага асяроддзя, выносіў абвінавачанні старшыні Вярхоўнага Савета Станіславу Шушкевічу і не баяўся гэтага. А яго выступленні былі прынцыповымі і жорсткімі, таму прыцягвалі ўвагу. Мы ведаем, што пазней гэта адыграла вялікую ролю ў ягонай прэзідэнцкай кампаніі.

Дэкан факультэта журналістыкі БДУ дадаў, што літаральна за некалькі гадоў Аляксандр Лукашэнка здолеў медыйна раскруціцца пры тым узроўні развіцця медыя, калі існавалі толькі газеты і тэлебачанне.

— Але чалавек змог стварыць сабе медыйны вобраз бескампраміснага барацьбіта за народныя інтарэсы літаральна за некалькі гадоў. Бо потым, у 1994 годзе, ён з шумам выйграў прэзідэнцкія выбары. Усе яго сапернікі аказаліся на задніх ролях. І гэта пры актыўным супрацьдзеянні, якое ніхто не хаваў, і спробах выцесніць Аляксандра Лукашэнку з перадвыбарнай кампаніі. Аднак чалавек ведаў, што робіць, казаў праўду, і людзі яму верылі, ішлі за ім. Самае галоўнае — пазней наш Прэзідэнт ні разу не адступіў ад сваіх слоў, не падмануў, як многія іншыя палітыкі. Пры гэтым і першапачаткова ён выглядаў як чалавек, які разумее, што нельга ўсё рэзка мяняць, кідацца з боку ў бок.. Увесь шлях, пачынаючы ад дэпутата і да сённяшняга дня, знаходзячыся на пасадзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ён не падманваў сваіх выбаршчыкаў, сапраўды працуе на карысць краіны і грамадзян.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю