Новы «сябар»
Па даных шэрагу даследаванняў, у 2025 годзе самым папулярным кірункам прымянення штучнага інтэлекту ў паўсядзённым жыцці стала «эмацыянальнае суправаджэнне». «Прыкметай нашага часу» з’яўляецца імкненне людзей абмяркоўваць пачуцці, сумненні, канфлікты не з сябрамі і нават не з псіхолагам, а з... нейрасеткамі.
Пад запыт «проста пагаварыць» пастаянна вядуцца распрацоўкі ў многіх краінах. Ёсць і беларускія, расказалі ў аддзеле інтэлектуальных сэрвісаў Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Але наколькі бяспечна тое, што (у тым ліку ў складанай жыццёвай сітуацыі) сёння ўсё больш людзей па ўсім свеце аддаюць перавагу размовам з нейрасеткамі, а не жывым адносінам (з сябрамі, блізкімі або псіхатэрапеўтам)?
«Ты — малайчына» замест «сам вінаваты»
— За жаданнем абмяркоўваць са штучным інтэлектам асабістыя тэмы стаіць цалкам зразумелае імкненне да прыняцця і прызнання, — тлумачыць загадчык аддзела інтэлектуальных сэрвісаў АІПІ НАН Беларусі Вольга Дыдо. — Усе чат-боты праграмуюцца, каб аказаць чалавеку падтрымку. ШІ ніколі не скажа: «Сам вінаваты», ён скажа: «Ты ўсё роўна малайчына». Так прапісваюцца промпты для нейрасеціва паўсюдна. Тэарэтычна, можна прапісаць промпт і ў негатыве — тады штучны інтэлект будзе адказваць у дэпрэсіўным ключы, але гэта нікому не патрэбна. Так, мадэлі ШІ навучаюцца — у прыватнасці, могуць узяць «на ўзбраенне» вашы моўныя звароты, нават погляды і меркаванні. Аднак пазітыўны, добразычлівы і дружалюбны настрой адказаў яны захаваюць.
— Першыя мадэлі нейрасетак у 1960-х дазволілі спрошчана мадэляваць працу мозгу, — расказвае доктар навук, загадчык лабараторыі матэматычнай кібернетыкі Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Аляксандр Тузікаў. — У 1980-х узнікла паняцце «асацыятыўнай памяці» — такую мадэль назвалі «сеткай Хопфілда» ў гонар яе вынаходніка Джона Хопфілда, ушанаванага пазней, у 2024 годзе, Нобелеўскай прэміяй па фізіцы. А ў 2000-я былі ўведзеныя так званыя «глыбокія мадэлі».
За апошняе дзесяцігоддзе нейрасеткі навучыліся таму, што ў 1990-х здавалася нерэальным, напрыклад распазнаванню мовы. З’явіліся мадэлі, якія сталі з поспехам вырашаць задачы, што раней лічыліся прэрагатывай чалавека.
Эфект ELІZA
Але вернемся ў 1960-я: тады быў створаны адзін з першых чат-ботаў — ён імітаваў псіхолага. Адносіны з «пацыентамі» будаваў на неверагодна простых (як здаецца на сённяшні дзень) шаблонах, але людзі, на якіх яго «тэсціравалі», хутка ўпэўніваліся, што іх «сапраўды чуюць і разумеюць» (псіхалагічны феномен атрымаў назву «эфект ELІZA»).
— Чаму адносіны з ШІ ўспрымаюцца намі, як клопат і падтрымка? Усё проста: такі «суразмоўца» не асуджае, не ацэньвае, не перабівае. Ён не патрабуе рацыянальных тлумачэнняў вашых дзеянняў або думак. І не стоміцца ад тых негатыўных эмоцый, якія вы на яго «вывальваеце», — тлумачыць практычны псіхолаг, гештальт-тэрапеўт Кацярына Алёхіна.
Чалавек хутка запісвае бот у разрад «родных і блізкіх», бо менавіта з ім мы дзелімся самым патаемным, просім даць параду, зноў і зноў прыходзім па падтрымку. І карыстальнік падсвядома пачынае безумоўна давяраць рэкамендацыям нейрасетак — пазітыўным, уважлівым і добразычлівым. Між тым, у карыснасці такіх парад, аб’ектыўна, варта ўсумніцца.
Усяго толькі інструмент
Дык ці можна лічыць штучны інтэлект асобай?
— Не выключаю, што праз нейкі час гэтыя сістэмы можна будзе так назваць. Ужо сёння ствараюцца так званыя вялікія моўныя генератыўныя мадэлі, якія, хоць і з моцнай нацяжкай, можна лічыць асобай — з уласнымі поглядамі і прыхільнасцямі, — кажа Аляксандр Тузікаў.
Але нават калі штучны інтэлект праз дзесяцігоддзі, а магчыма, усяго толькі гады (тэхналогіі сёння развіваюцца імкліва), можна будзе назваць асобай, гэта асоба будзе зусім не чалавечай. «Размовы па душах» з ШІ ўжо сёння выцясняюць з жыцця многія жывыя чалавечыя адносіны, пішуць псіхолагі. Вельмі па-чалавечы людзі выбіраюць не чэснасць і аб’ектыўнасць, не асэнсаванне сітуацыі, а згодніцтва, хуткае палягчэнне, душэўны камфорт і той водгук, што супадае з іх жаданнямі і чаканнямі. Калі тэхналагічны прагрэс замяняе чалавечыя адносіны, насамрэч, тут варта весці гаворку пра праблему, падкрэсліваюць псіхолагі.
— Калі мы шукаем суцяшэння ў сферы тэхналогій і не ўмеем звярнуцца па падтрымку да іншага чалавека, відавочна, гэта не норма, — рэзюмуе Кацярына Алёхіна. — Ісці ў нагу з прагрэсам — правільна і для дзяржавы ў цэлым, і для яе грамадзян у прыватнасці. Добра, што ў Беларусі сучасныя тэхналогіі эфектыўна развіваюцца. Важна разумець, што штучны інтэлект — не «адушаўлёны» таварыш і сябар, а вельмі карысны, аднак усяго толькі інструмент. Праграма, пабудаваная на пэўных шаблонах. І сяброўства, і паразуменне з ім — не больш чым самападман.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ