Top.Mail.Ru

Чаму абыходжанню з фінансамі трэба вучыцца замалада?

80 % беларусаў прызнаюць неабходнасць кантролю асабістых фінансаў, але толькі кожны восьмы вядзе іх сістэмны ўлік. У гэтым і тоіцца небяспека патраціць больш за тое, што планавалі. У эру лічбавізацыі, калі распараджацца зберажэннямі можна проста з канапы, высокая рызыка страціць грошы ў адзін клік. Як навучыцца правільна кіраваць асабістым і карпаратыўным бюджэтамі? І чаму асновы фінансавай асветы варта прывіваць з дзяцінства? Гэтыя пытанні абмеркавалі эксперты на пляцоўцы тэлеканала «Першы інфармацыйны».


Як перамагчы сіндром «кубка кавы»?

Сёння не трэба весці ўлік асабістых сродкаў па-даўнейшаму на лістку паперы. Ёсць спецыяльныя мабільныя дадаткі, якія дапамогуць скласці асабісты фінансавы план на кароткатэрміновы і доўгатэрміновы перыяды. Галоўнае — задацца гэтай мэтай. Інтуіцыя і эмоцыі, папярэджваюць эксперты, — найгоршыя саюзнікі ў пытаннях бюджэтавання. Чалавечая псіхіка схільная да ілюзій. Узяць так званы сіндром «кубка кавы». Яго сутнасць у тым, што маленькія пакупкі, якія рэгулярна здзяйсняюцца, вырастаюць у велізарныя траты. Словам, без рацыянальнага пачатку ў пытаннях размеркавання даходаў не абысціся. Ёмістае паняцце «фінансавая граматнасць» уключае ў сябе і веды, і навыкі, і мадэлі разумных паводзін.

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Андрэй КАРТУН лічыць важным наяўнасць правільных установак па абыходжанні з грашыма:

— Мала проста валодаць нейкімі ведамі, трэба яшчэ ўмець іх прымяняць. Рэгулятар у свой час задаўся пытаннем, колькі нашых грамадзян валодае дадзеным навыкам. Такім чынам, нарадзіўся індэкс фінансавай асветы насельніцтва — шматкампанентны паказчык, які па нашым заказе Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі разлічвае раз на два гады. У гэтым даследаванні ўдзельнічае даволі вялікая колькасць рэспандэнтаў. Так, у 2024 годзе індэкс быў роўны 43 %. То-бок гэта доля насельніцтва, якая валодае базавымі аспектамі фінансавай асветы.

У аснове фінансавай дасведчанасці, сышліся ў меркаванні эксперты, ляжаць веды, якія пасля становяцца кампетэнцыямі. Ні асабістае, ні карпаратыўнае бюджэтаванне немагчыма без разумення асноў гэтага працэсу. Прычым развіццё згаданых кампетэнцый, а дзе патрабуецца, і абарона інтарэсаў грамадзян, узведзены ў ранг дзяржаўных прыярытэтаў. Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па эканоміцы, бюджэце і фінансах Раман БРОДАЎ нагадаў гісторыю са з’яўленнем на фінансавым рынку токенаў. На старце шмат гульцоў з ліку пачаткоўцаў рабілі няправільны выбар на карысць неэфектыўных праектаў. Каб дапамагчы беларусам зарыентавацца ў моры прывабных прапаноў, з удзелам сакратарыята ПВТ была распрацавана пэўная класіфікацыя інвестараў па ступені іх надзейнасці. Гэта інфармацыя маецца ў адкрытым доступе, і кожны ахвочы можа папоўніць свае веды ў галіне аперацый з лічбавымі знакамі.

Прэзідэнт даручыў стварыць дзейсны інстытут прафесійнай дапамогі ў кіраванні фінансамі. Ключавая роля ў гэтай рабоце адведзена Нацыянальнаму банку. Цяпер рэалізуецца новы пяцігадовы план дзеянняў па павышэнні фінансавай асветы.

— Трэці па ліку, — удакладніў Андрэй Картун. — Страхаванне, падатковая палітыка, банкаўскія паслугі — кансультатыўная дапамога арганізавана па ўсіх сектарах, уключаючы лічбавыя рызыкі. У гэтым працэсе задзейнічаны практычна ўсе дзяржорганы, прычым тлумачальная работа вядзецца для розных катэгорый насельніцтва. Каб гэта рабілася прафесійна, займаемся падобнай дзейнасцю разам з Міністэрствам адукацыі.

Такім чынам, задача дзяржавы — не толькі даваць грамадзянам розныя фінансавыя інструменты, але і мадэляваць правільнае да іх стаўленне. Тэмпы развіцця фінансавага рынку абумоўлены хуткім змяненнем эканамічных тэндэнцый. Сярэдні ўзровень фінансавай асветы насельніцтва не заўсёды за імі паспявае. Аб ролі пула кваліфікаваных коўчаў у працэсе навучання абыходжанню з фінансамі выказаўся намеснік міністра адукацыі Аляксандр КАДЛУБАЙ. Скажам, для фарміравання дадатковых кампетэнцый у прадпрымальнікаў мае сэнс прыцягваць да асветніцкай місіі паспяховых бізнесменаў.

Раман Бродаў акцэнтаваў увагу на тыповых памылках бізнесу ў пытаннях кіравання фінансавымі патокамі:

— Прадпрымальнік, будучы ўласнікам бізнесу, часта блытае сродкі на рахунку юрыдычнай асобы са сродкамі, якія знаходзяцца ў яго асабістым распараджэнні. Калі прадпрымальнік кіруе фінансавымі патокамі зыходзячы са сваіх адчуванняў як фізічнай асобы, а не як кіраўніка бізнесу, узнікаюць вельмі вялікія праблемы. Здаецца, што гэта памылка нясталага бізнесу. На жаль, ёсць прыклады, калі і буйныя прамысловыя прадпрыемствы са шматтысячнымі калектывамі робяць такія пралікі. Другі момант — гэта планаванне касавых разрываў. Фінансавая дысцыпліна ў адносінах паміж суб’ектамі гаспадарання пакуль у нас не на самым высокім узроўні. Часам з прычыны аб’ектыўных акалічнасцяў, часам — суб’ектыўных. У нас вельмі экспартна арыентаваная эканоміка. Цяпер плацяжы нярэдка затрымліваюцца. Касавы разрыў непазбежна ўзнікае. Таму любому прадпрыемству трэба гэта ўлічваць і выяўляць ключавыя пункты рызыкі. Разумець, калі грошы прыйдуць не ў тэрмін, як закрываць гэты разрыў. Вельмі важны кантроль юніт-эканомікі, бо калі не таргетаваць тавары ці паслугі з максімальнай маржынальнасцю, то ўзнікае эфект адчування павышанага попыту. Аднак пры маштабаванні бізнесу можна сысці ў мінус. Наступны момант — падаткі. У гэтых пытаннях трэба паводзіць сябе акуратна. Калі сумняваешся, лепш удакладніць. Ёсць Міністэрства па падатках і зборах і інстытут падатковых кансультантаў, якія здольныя аказаць падтрымку.

Стратэгія планавання

І ўсё ж, каб радзей памыляцца ў фінансавых разліках, асновы планавання расходаў, раяць эксперты, варта спасцігаць з самага юнага ўзросту. У гэтым кірунку Міністэрства адукацыі, канстатаваў Аляксандр Кадлубай, рэалізуе комплекс мерапрыемстваў.

— Разам з Нацыянальным банкам мы распрацавалі матрыцу кампетэнцый фінансавай асветы. Нашы спецыялісты яе абавязкова ўлічваюць пры распрацоўцы навучальных праграм па такіх прадметах, як матэматыка, інфарматыка, геаграфія, грамадазнаўства, «Чалавек і свет». Падчас урокаў у вучняў планамерна фарміруюцца пэўныя кампетэнцыі. Акрамя таго, сумесна з Нацыянальным банкам распрацавана лінейка факультатыўных заняткаў па пытаннях фінансавай асветы для вучняў 5-9 класаў. Факультатывы карыстаюцца асаблівай папулярнасцю. У мінулым навучальным годзе такія заняткі вяліся ў сямістах школах. Навучанне прайшлі больш за 5,5 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. З новага навучальнага года стартуе факультатыўная лінейка для вучняў 1–4 класаў. У перспектыве будзе распрацавана праграма і для старшакласнікаў.

Узровень фінансавай асветы становіцца адным з важных індыкатараў якасці адукацыі. Апошнія маніторынгі паказваюць досыць нядрэнны вынік выканання «фінансавых» заданняў. 92 % школьнікаў справіліся на сярэднім і вышэйшым за сярэдні ўзроўнях. У тым ліку тэставалася ўменне знайсці ў тэксце патрэбную інфармацыю і прымяніць яе для вырашэння канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. Вывучаць азы фінансавай граматнасці, падкрэсліў Аляксандр Кадлубай, вучні могуць таксама з дапамогай настольных гульняў, выпушчаных беларускімі вытворцамі. Такая падача робіць матэрыял даступным нават для самых маленькіх школьнікаў.

Старшыня праўлення ЗАТ «БСБ Банк» Сяргей ДУБКОЎ звярнуў увагу на падкаванасць у фінансавых пытаннях сучаснай моладзі. А вось старэйшае пакаленне, на думку эксперта, адстае ад зададзенай часам планкі:

— Яркі прыклад — тыя ж ашуканскія аперацыі з банкаўскімі плацежнымі картамі. Нягледзячы на тое, што выбудавана дастаткова дакладная інфармацыйная сістэма, кожны дзень адбываюцца інцыдэнты. І атрымліваецца парадокс. Нашы дзеці больш адукаваныя і прагматычныя ў фінансавых пытаннях, а вось іх бацькі жывуць у іншай парадыгме. Названай праблемай трэба займацца. Людзі старэйшага ўзросту аддаюць перавагу асабістым камунікацыям, і гэту асаблівасць неабходна ўлічваць.

Каб зрабіць працэс навучання фінасвеце больш камфортным, эксперты раяць удзяляць гэтаму пытанню хоць бы 15 хвілін на тыдзень. Але рэгулярна. І даюць карысныя рэкамендацыі. «Залатое правіла» алгарытму зберажэнняў: частку адкладзі, астатняе траць. Прынцып «24 гадзін»: запланаваў вялікую пакупку — падумай суткі. Штотыднёвы аўдыт фінансаў: аналізуй наколькі мэтазгодныя былі траты? Дакладнае вызначэнне мэт: прадумай, якія пакупкі з’яўляюцца прыярытэтнымі?

І, нарэшце, аб праўдзе і стэрэатыпах

Фінансава дасведчаны чалавек заўсёды вядзе строгі ўлік сваіх даходаў і расходаў. Па меркаванні экспертаў — гэта, безумоўна, праўда.

Падаткі — лішнія расходы, якія трэба аптымізаваць. Эксперты з гэтым сцвярджэннем катэгарычна нязгодныя. Калі ўвесь час спрабаваць шукаць шчыліны ў пытаннях выплаты падаткаў, узнікае небяспечная талерантнасць да правапарушэнняў.

Дзяцей бессэнсоўна вучыць фінансавай асвеце, бо каштоўнасць грошай чалавек разумее, толькі калі пачынае зарабляць сам. Эксперты аднадушныя: веды і ўменні абыходзіцца з грашыма лепш набыць да таго, як атрымаеш першы даход.

Фінансавая асвета — гэта ўменне жорстка эканоміць. Міф, паколькі навык разумна траціць свой даход не мае нічога агульнага з аскетызмам і адмовай ад радасцяў жыцця. Фінансавая дасведчанасць — гэта норма паводзін чалавека ў сям’і і ў грамадстве. Адказнасць перад самім сабой, сваімі блізкімі, сваім прадпрыемствам, сваёй краінай.

Таццяна ШЧАДРАНОК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю