Top.Mail.Ru

Чаму аператары машыннага даення лічацца прафесійнай элітай?

Аператар машыннага даення на любой ферме — прафесійная эліта, кажа Гульнара Емяльяненка, кіраўнік МТК «Валосавічы» ААТ «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага» (таго самага калгаса Кіраўскага раёна, які ў часы СССР грымеў на ўсю краіну): «Зарплата ўсяго персаналу фермы залежыць ад якасці іх працы. Калі аператар будзе даіць сумленна, карова будзе даваць шмат малака. Сёння сярэднія надоі ў нас на ўзроўні 32 літраў у дзень ад кожнай каровы. З году ў год мы ўваходзім у тройку лідараў раёна па аб’ёме вытворчасці малака».



«Калі прыйшла, кароў баялася!»

У аператара машыннага даення МТК «Валосавічы» Галіны Аляксандраўны Лёгкай «гаворачае» прозвішча. Рука ў даяркі сапраўды лёгкая, таму і давяраюць ёй раздой — найбольш адказны ўчастак работы.

— Раздой — самае складанае: калі маладая кароўка толькі нарадзіла, вымя ў яе яшчэ тугое, — тлумачыць Гульнара Емяльяненка.

Сёння на падмогу даяркам прыходзіць сучаснае абсталяванне, але ж карова — жывая. Гэта не механізм, і без чалавечых рук яна не можа. Вельмі важна дадаіць жывёлу, кажа начальнік малочнатаварнага комплексу, інакш з’яўляецца рызыка мастытаў, а гэта наўпрост адбіваецца на таварнасці малака. Да таго ж падаюць надоі. Бывае, апарат адключаецца раней, а ў вымі высокапрадукцыйных кароў яшчэ застаецца малако. І прафесіянал абавязкова праверыць кожнае вымя рукамі, каб выключыць такую магчымасць.

— У нас 100% малака здаецца гатункам «экстра», — кажа суразмоўца. — То-бок усе жывёлы здаровыя. Колькасць саматычных клетак у малацэ — на ўзроўні 400 пры норме да 600. І ў тым заслуга нашых даярак, бо саматыка — гэта чысціня малака для спажыўца. Гэта наша адказнасць перад тымі, хто купляе малочныя прадукты.

Дарэчы, працаваць на ферме Галіна Аляксандраўна Лёгкая не планавала. Прынамсі, заставацца на гэтай рабоце доўга. Але прыйшла на МТК «Валосавічы» і затрымалася тут... на 25 гадоў! Спачатку працавала жывёлаводам, потым стала аператарам машыннага даення. Атрымала за добрасумленную працу і высокія паказчыкі шматлікія дыпломы, падзякі і граматы, а ў 2018 годзе — медаль «За працоўныя заслугі». Да паваротнага ж у яе жыцці 2000-га была Галіна Аляксандраўна прадаўцом у аграгарадку Мышкавічы.

— Шчыра кажучы, на ферму прыйшла, каб падзарабіць. Даіць я не ўмела, і нават баялася кароў. Але ў мяне была выдатная настаўніца — Валянціна Леанідаўна Клімовіч. Яна мяне ўсяму і навучыла.

Валянціна Леанідаўна, нягледзячы на пенсіённы ўзрост, працуе на МТК «Валосавічы» і сёння. Яна — у ліку найкаштоўнейшых кадраў сельгаспрадпрыемства. Ну а наша гераіня прызнаецца: «Думала, ну вось яшчэ трохі папрацую і вярнуся за прылавак». Але чамусьці марудзіла са звальненнем і ў выніку — засталася назаўжды.

— Калектыў у нас цудоўны — шчыры, добразычлівы. Заробкі годныя. А ўставаць а 4-й гадзіне раніцы я ўжо прывыкла, — тлумачыць сваё рашэнне жанчына.
3-45 копия (1).jpg

Будзе на каго пакінуць справу

Працуюць даяркі па схеме «двое сутак праз суткі»: то-бок два працоўныя дні чаргуюцца з выхадным. Іх звычайны дзень пачынаецца а чацвёртай раніцы, бо ў палове шостай трэба ўжо быць на ферме. Дояць на МТК «Валосавічы» тройчы: у шэсць раніцы і шэсць вечара, а з адзінаццаці да гадзіны дня — перадой. Ён неабходны, каб раслі надоі.

— Успомніце, раней пастух удзень заўсёды прыганяў статак да рэчкі, бабулі бралі вядзерцы і ішлі даіць кароў. У вёсках заўсёды даілі тройчы, — тлумачыць Гульнара Раманаўна.

Управіўшыся з ранішнімі справамі, у дзве гадзіны дня Галіна можа пайсці дадому, каб вярнуцца да вячэрняй дойкі. І яе працоўны дзень працягваецца да паловы дванаццатай, а то і да апоўначы.

— Вядома, праца цяжкая, стамляюцца спіна, ногі, — кажа Галіна Аляксандраўна.

Радуе, што сёння на ферму прыходзяць і маладыя даяры. Нядаўна ў калектыў МТК «Валосавічы» ўліліся яшчэ дзве «працоўныя адзінкі» — жанчына-даярка 35-і гадоў і хлопец-даяр 25-гадовага ўзросту. Працуюць добрасумленна, кажа Галіна Аляксандраўна, а значыць, будзе на каго пакінуць справу, калі старэйшае пакаленне пойдзе на пенсію.
Не гарадскі жыхар

Дойку 420–450 кароў абслугоўваюць два чалавекі. Суразмоўніца кажа, што яна навучылася адным позіркам адрозніваць высакаякаснае малако ад не надта якаснага. Навык каштоўны, бо дазваляе тут жа ізаляваць жывёлу, каб цалкам выключыць траплянне няякаснага малака ў агульны надой. Са знешнім асяроддзем на сучасных комплексах малако не «сустракаецца» — практычна стэрыльнае, яно бяжыць па цалках закрытых сістэмах труб у велізарныя цыстэрны.

— У савецкія часы з нас патрабавалі толькі шчыльнасць і тлустасць малака, — згадвае Гульнара Раманаўна. — Сёння патрабаванні да якасці нашай прадукцыі вельмі высокія. Але ўсе яны — выканальныя. За бялковасць малака гаспадарка ў месяц атрымлівае парадку 60 тысяч рублёў. І тлустасць пры норме 3,6% у нас дасягае (асабліва зімой, на высокабялковым рацыёне) 4%.

  • Асноўнае пагалоўе комплексу — 828 жывёлін. Гэта толькі дойны статак. А ёсць яшчэ цяляты і бычкі. 

І ўся гэта гаспадарка — адказнасць 38 супрацоўнікаў МТК «Валосавічы». У кароў на сучасных комплексах мянушак няма, толькі пластыкавыя біркі з лічбавым нумарам на вушах, дзе пазначана інфармацыя для жывёлаводаў. Але з гадамі ніякія нумары даяркам становяцца ўжо не патрэбныя: «сваіх» кароў яны лёгка пазнаюць, памятаюць іх характары: якая — спакойная, якая — бадлівая.

— І як спраўляцца з такімі, задзірлівымі?

— Толькі ласкай, — кажа суразмоўніца. — Ласкай і добрым словам. Між тым, хатнія справы таксама патрабуюць сіл і ўвагі. Раней на плячах Галіны Аляксандраўны ляжалі таксама клопаты аб дзвюх дочках. Цяпер дзеці выраслі, але дома яе чакае яшчэ адна «ферма» — куры і парасяты.

— Як усё паспяваю? Муж дапамагае. Ён працуе слесарам тут жа, на нашым комплексе.

Галіна распавядае: калі ў іх з мужам не супадаюць выхадныя (адзін застаецца дома, а другі выходзіць на працу), то той, хто вяртаецца дадому, абавязкова падвяргаецца «допыту»: «Што там у нас на ферме?»

 Баяцца работы Галіна Аляксандраўна не прывыкла. Больш за тое, без справы сядзець проста не ўмее.

— Да гультайства таксама трэба мець звычку, — жартуе яна.

Суразмоўніца пераканана: уся справа — у выхаванні. Калісьці, будучы яшчэ зусім юнай, маці Галіны Аляксандраўны з’ехала з гэтых месцаў падымаць цаліну. А вярнулася ўжо з мужам і дзецьмі.

— Спрабавала я жыць у горадзе, — расказвае Галіна Лёгкая. — Але, ведаеце, у вёсцы камфортней. Увосень яблыкамі пахне, летам півоні квітнеюць... Не, я не гарадскі жыхар. Тут я на сваім месцы.

Аляксандра Анцэлевіч.
Фота Віктара Іванчыкава.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю