Упор на практыку
Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт славіцца сваёй багатай гісторыяй і традыцыямі медыцынскай адукацыі. Тут дзейнічае шэсць факультэтаў, падрыхтоўка вядзецца па спецыяльнасцях «Педыятрыя», «Лячэбная справа», «Медыка-дыягнастычная справа» і «Медыка-псіхалагічная справа». У сярэднім штогод ВНУ выпускае 600–700 маладых спецыялістаў. Выпуск 2024 года склаў 750 чалавек.
— У першую чаргу мы робім упор на практыкаарыентаванае навучанне. Заняткі праходзяць у сучасных карпусах, клінічных базах і лабараторыях. Студэнты маюць магчымасць практыкавацца ў найлепшых бальніцах рэгіёна, што садзейнічае набыццю рэальных навыкаў, — расказаў Андрэй Болтач. — З першага курса яны навучаюцца ў нашым сімуляцыйна-атэстацыйным цэнтры. Дзякуючы абсталяванню і рэалістычным сімулятарам многія кафедры ўкаранілі аб’ектыўна-структураваны клінічны экзамен.
У адукацыйным працэсе ў ВНУ шырока выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі, актыўныя метады навучання і работа з партнёрамі. Дзякуючы новым методыкам многія студэнты з году ў год становяцца пераможцамі міжнародных алімпіяд па фундаментальных і клінічных дысцыплінах. Ва ўніверсітэце таксама працуюць зімовыя і летнія навукова-адукацыйныя школы. Узровень выкладання і навуковай дзейнасці ўстановы пацверджаны мноствам дзяржаўных і міжнародных узнагарод. Гэтыя поспехі сталі магчымымі дзякуючы зладжанай рабоце выкладчыкаў, студэнтаў і супрацоўнікаў. А гэта значыць, што студэнт можа быць упэўнены ў якасці адукацыі і не шукаць, напрыклад, варыянты за мяжой.
Гарантаванае першае працоўнае месца
Выпускнікі бюджэтнай формы навучання ў мінулым годзе пераважна былі размеркаваны ў Гродзенскую, Брэсцкую і Мінскую вобласці. Дарэчы, 98 % выпускнікоў платнай формы навучання ГрДМУ таксама выбралі для сябе размеркаванне на першае працоўнае месца.
Усё большую вагу сярод формаў навучання займае мэтавая падрыхтоўка. ГрДМУ рыхтуе спецыялістаў у інтарэсах арганізацый па ўсёй краіне. Падставай для ўдзелу ў конкурсе на месца для атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі з’яўляецца дагавор, падпісаны абітурыентам і арганізацыяй.
У мэтавага навучання ёсць шэраг пераваг, на якія трэба звярнуць увагу. Гэта больш простая працэдура паступлення — трэба здаць толькі ўнутраны экзамен па біялогіі. А таксама выпускніку гарантавана першае працоўнае месца, прычым вядомае з першага курса.
— Выпускнікі мэтавай формы навучання размяркоўваліся ў адпаведнасці з рэгіянальнай прыналежнасцю і заключанымі дагаворамі, — адзначыў Андрэй Болтач. — У цэлым сярод выпускнікоў няма абмежаванняў па населеных пунктах, дзе даецца першае працоўнае месца. Так, магчыма размеркаванне ў буйныя раённыя цэнтры і ў абласныя гарады для тых, хто за час навучання паказаў высокія вынікі ў вучобе, навуцы, грамадскім жыцці і спорце.
Запатрабаванасць
ГрДМУ — адзіны ўніверсітэт у Беларусі, дзе шмат гадоў дзейнічае медыка-псіхалагічны факультэт. Выпускнікам дадзенага факультэта прысвойваецца кваліфікацыя «Урач», а пасля праходжання інтэрнатуры: «Урач-псіхіятр-нарколаг», «Урач-псіхатэрапеўт» і «Урач-псіхіятр дзіцячы». Пасля стажыроўкі — «Дзяржаўны судовы эксперт-псіхіятр».
— Выпускнікі гэтага факультэта шырока запатрабаваны не толькі ў сістэме аховы здароўя, але і ў арганізацыях. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства адукацыі і Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз зацікаўлены ў нашых выпускніках. У 2025 годзе выпуск гэтых унікальных спецыялістаў складзе 120 чалавек. Працаўладкаваны будуць студэнты як бюджэтнай, так і платнай формы навучання. Геаграфія размеркавання рознабаковая: ад цэнтральных раённых бальніц да Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя.
Мары здзяйсняюцца
У сям’і Мацвея Лянцэвіча, студэнта 4 курса лячэбнага факультэта, ніхто ў медыцыне не працуе, але малады чалавек заўсёды захапляўся дадзенай сферай і марыў, што аднойчы ўвойдзе ў гэту прафесію.
— Малым жартаваў, што буду ўрачом. Сур’ёзна над гэтым задумаўся ў 7 класе. Канчатковае рашэнне аб паступленні ў медыцынскі ўніверсітэт прыняў пасля перамогі на адным з конкурсаў па хіміі. Хачу быць анестэзіёлагам-рэаніматолагам. Яшчэ мне хацелася б выкладаць, сумяшчаць навуковую дзейнасць з практычнай.
Мацвей адзначае, што медыцына вымушае заўсёды знаходзіцца ў тонусе, быць у курсе апошніх даследаванняў. Анестэзіялогія і рэаніматалогія ахопліваюць усе раздзелы медыцыны, бо трэба дакладна разумець, як працуе арганізм, а таксама дасканала валодаць ведамі па фармакалогіі.
— Анестэзіялогія і рэаніматалогія — кірунак, які дынамічна развіваецца. Да таго ж ён патрабуе прыняцця імгненных рашэнняў. Як правіла, пацыенты рэанімацыі знаходзяцца ў цяжкім стане, таму трэба хутка і дакладна вырашаць, што рабіць. І ты адразу бачыш вынік тваёй працы. У анестэзіялогіі таксама няма часу на разварушванне, ты тут і цяпер прымаеш рашэнні ў залежнасці ад таго, як ідзе аперацыя. Вельмі важна зладжана ўзаемадзейнічаць з хірургічнай камандай.
Нягледзячы на ўсе складанасці, Мацвей любіць выбраную прафесію і ганарыцца ёю. Кажа, што ў цэлым стрэсаўстойлівы чалавек, да таго ж сам працэс навучання дапамагае выпрацаваць пэўныя навыкі самарэгуляцыі. Ды і сам ён чалавек захоплены, і цяга да ведаў і самаўдасканалення вельмі дапамагае. Таксама ідзе на карысць досвед работы ў брыгадзе хуткай дапамогі.
— Праграма ва ўніверсітэце пабудавана так, што ты паступова ўваходзіш у курс справы, збіраеш веды, якія ўжо потым стануць падмуркам пры вывучэнні выбранай спецыялізацыі. Натуральна, што ўніверсітэт клапоціцца і аб тым, каб студэнты маглі праяўляцца творча. У нас праходзяць розныя мерапрыемствы, ёсць творчыя калектывы, навуковыя гурткі. Бо важна ўмець пераключацца. Існуе студэнцкае супрацоўніцтва, якое садзейнічае рэалізацыі ідэй моладзі.
Урач — гэта самаадданая праца. Яна патрабуе звышканцэнтрацыі, але пры гэтым дае неабмежаванае поле для прафесійнага развіцця. А таксама медык павінен валодаць пэўнымі маральнымі якасцямі.
— Урач павінен быць прыстойным і падаваць станоўчы прыклад сваім пацыентам. Ну і, безумоўна, важна любіць сваю справу. На мой погляд, без гэтага добрым урачом стаць нельга, — рэзюмаваў Мацвей.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аддзела па сувязях з грамадскасцю ГрДМУ
Кампетэнтны каментарый
«Павялічваем „бюджэт“ па актуальных спецыяльнасцях»
У спісе найбольш запатрабаваных у эканоміцы краіны 69 спецыяльнасцяў: інжынерныя, педагагічныя, медыцынскія і сельскагаспадарчыя.
— Набор у ВНУ захоўваецца на ўзроўні мінулага года, — гаворыць начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Пішчоў. — У цяперашнюю ўступную кампанію ва ўніверсітэтах нашай краіны гатовы прыняць 48,2 тысячы студэнтаў. На бюджэтную форму план набору павялічаны на 400 чалавек у параўнанні з мінулагоднім. Усяго на бюджэт плануецца прыняць каля 31,8 тысячы маладых людзей. Заўважу, што план прыёму сфарміраваны з улікам найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў і прывядзення ў адпаведнасць структуры набору ва ўніверсітэты з перспектыўнай патрэбай заказчыкаў кадраў.
Прадстаўнік ведамства таксама звярнуў увагу на падрыхтоўку школьнікаў у профільных класах (групах) інжынернай накіраванасці на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Сёння такіх класаў — 580, у іх навучаецца каля 6,5 тысячы школьнікаў. На падыходзе першы выпуск.
— Выпускнікі інжынерных класаў, а гэта каля 2,5 тысячы чалавек, пры ўмове выдатнай паспяховасці, а таксама пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета школы, змогуць паступіць у ВНУ па сумоўі на найбольш запатрабаваныя эканомікай інжынерныя і педагагічныя спецыяльнасці ўжо сёлета, — гаворыць Сяргей Пішчоў.
Яшчэ адна траекторыя навучання, якая здольная запоўніць у будучыні нішу матываваных студэнтаў, а пасля заканчэння ВНУ і неабходных спецыялістаў, — мэтавікі.
— Пры прыёме абітурыентаў у ВНУ на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў 2025 годзе будуць выкарыстоўвацца падыходы, якія мы паспяхова прымянялі летась. Гэта паступленне па конкурсе сярод асобных арганізацый-заказчыкаў, сярэдні бал дакумента аб адукацыі па большасці спецыяльнасцяў — не ніжэйшы за 7,0 (акрамя найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў), уключэнне ў склад экзаменацыйных камісій выкладчыкаў ВНУ і настаўнікаў школ. Дарэчы, колькасць мэтавых месцаў у ВНУ ў параўнанні з 2024-м павялічылася на 800 і складае каля 6,4 тысячы, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення.
Сяргей Пішчоў не пакінуў без увагі і такое важнае для абітурыентаў пытанне, як адкрыццё новых спецыяльнасцяў.
— У 2025 годзе адкрыта падрыхтоўка па 10 новых спецыяльнасцях у сістэме вышэйшай адукацыі, па пяці — сярэдняй спецыяльнай і па чатырох кваліфікацыях — прафесійна-тэхнічнай адукацыі, — канкрэтызаваў ён.