Top.Mail.Ru

Чаму баляць суставы і ці можна іх вылечыць?

Артрыт і яго таварышы

Колькасць рэўматычных захворванняў у апошнія гады значна вырасла. Урачы звязваюць гэта як з пераяданнем і тым, што мы мала рухаемся, так і з нядаўняй пандэміяй каранавіруса. Чаму ўсё больш людзей хварэюць на рэўматычныя захворванні і як знізіць рызыку захворвання на артрыт, расказалі спецыялісты.

Стрэсы, лішняя вага, каранавірус...

Колькасць людзей з хваробамі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі ў краіне набліжаецца да мільёна. Як паведаміла галоўны пазаштатны рэўматолаг Міністэрства аховы здароўя Наталля МАРТУСЕВІЧ, у параўнанні з 2022 годам лік пацыентаў у абсалютных значэннях павялічыўся на 80 %.

— Гэта звязана са зменай ладу жыцця — яго рытм паскараецца, вельмі шмат стрэсаў, мы часта пераядаем, не заўсёды сочым за якасцю харчавання, менш рухаемся. Усё гэта не можа не адбіцца на стане апорна-рухальнага апарата. Моцна паўплывала і пандэмія каранавіруснай інфекцыі. Яна стварыла цэлы пул пацыентаў, у якіх сапраўды баляць мышцы і звязкі, але пры гэтым яшчэ ўключаюцца імуналагічныя змены, такія ж, як і пры рэўматычных захворваннях, — расказала галоўны рэўматолаг.

Рэўматычныя захворванні — гэта ў асноўным запаленчыя захворванні суставаў, мікракрышталічныя артрыты, астэаартрыт. Часцей за ўсё сустракаюцца астэаартрыт (яго яшчэ называюць адкладам соляў), на яго пакутуе каля 170 тысяч чалавек, падагра і рэўматоідны артрыт. Гэтыя хваробы павышаюць рызыкі сардэчна-сасудзістай паталогіі, адбываецца парушэнне рухальнай актыўнасці і назіраецца моцна выражаны болевы сіндром. На жаль, захворванне няўхільна прагрэсіруе.

Што ж прапануе медыцына? Тут вылучаюць два асноўныя кірункі. Першы з іх — максімальна ранняя дыягностыка. Менавіта тады лячэнне захворвання з’яўляецца самым эфектыўным. Другі кірунак — выкарыстанне біялагічнай тэрапіі, новых інавацыйных тэхналогій, у прыватнасці, прэпаратаў біялагічнай тэрапіі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў нашай краіне.

— Яны выкарыстоўваюцца пры аўтаімунных захворваннях і дазваляюць кропкава, уздзейнічаючы на сутнасць паталагічнага працэсу, запаволіць тэмпы прагрэсіравання, прадухіліць развіццё інваліднасці. Напрыклад, у мінулым і пазамінулым гадах у Мінску дзякуючы шырокаму прымяненню гэтых прэпаратаў у нашых пацыентаў пры рэўматоідным артрыце ніводны з іх не выйшаў на інваліднасць. Іншымі словамі, гэта высокаэфектыўныя прэпараты, — расказала Наталля Мартусевіч.

Цяпер распрацоўваецца і найноўшая тэхналогія, якая дазволіць кропкава дастаўляць пэўныя прэпараты да пашкоджаных органаў і сістэм. Гэта можа дапамагчы максімальна нівеліраваць пабочныя эфекты ад прымянення прэпаратаў.

Дыета і фізкультура

На жаль, аўтаімунныя паталогіі, у тым ліку рэўматычныя захворванні, нельга прафілактаваць, але можна знізіць рызыкі іх развіцця або максімальна адсунуць іх. Напрыклад, для прафілактыкі рэўматоіднага артрыту рэкамендуецца не курыць. Курэнне запускае ў людзей са спадчыннай схільнасцю прадукцыю імуналагічных маркераў. Яны могуць з’яўляцца за 6-8, а часам 10 гадоў, да таго як пачнецца захворванне суставаў.

Акрамя таго, неабходна есці збалансаваную, якасную ежу. Доказную базу тут атрымала міжземнаморская дыета. Гэта ўжыванне тлустых відаў рыбы, поліненасычаных тлустых кіслот (амега-3) да 2 г у суткі (курсамі 1,5-3 месяцы). Трэба таксама абмежаваць ужыванне чырвонага мяса да двух разоў у месяц, перавагу лепш аддаваць мясным прадуктам з птушкі. Рэкамендуецца есці дастатковую колькасць клятчаткі — пяць штук фруктаў ці агародніны ў дзень, пажадана сезонных. Гэта тыя ж буракі, капуста, агуркі, бульба, морква, ягады. Такая дыета добра ўплывае на мікрабіёту кішэчніка і пранікальнасць кішэчнага бар’ера.

Для прафілактыкі астэаартрыту пачынаючы з дзіцячага ўзросту абавязкова адсочваць наяўнасць і адсутнасць плоскаступнёвасці ў дзяцей, правільнай постаці, якая ў выпадку яе парушэння фарміруе няправільныя звычкі, няправільную хаду. Неабходна штодня займацца лячэбнай фізкультурай, яна дазваляе захаваць правільныя восі нагрузкі. Справа ў тым, што гэта захворванне, пры якім механічная нагрузка сустава адыгрывае ключавую ролю ў запуску захворвання. Важна таксама не набіраць лішнюю вагу цела, бо з-за гэтага ўсе рэўматычныя захворванні працякаюць з большай актыўнасцю.

Магніты, ток, крыятэрапія

Для рэабілітацыі людзей з рэўматычнымі захворваннямі з болевым сіндромам выкарыстоўваюцца фізіятэрапеўтычныя метады. У Беларусі яны вельмі развіты — практычна кожная ўстанова аховы здароўя мае добрае аснашчэнне фізіятэрапеўтычнай апаратурай. Для купіравання болевага сіндрому выкарыстоўваюцца магнітатэрапія, крыятэрапія, лячэнне крыягеннымі экстра-нізкімі тэмпературамі. Ёсць апараты лакальнай тэрапіі, якія дазваляюць астудзіць запалены сустаў і знізіць вастрыню болі. Пасля купіравання вастрыні болю дадаюцца метады з выкарыстаннем электрычнага току.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю