Спрэчныя пытанні зняты. Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Мінскага аблвыканкама расказалі БелТА, чаму ў Беларусі выключылі дыстанцыйнае навучанне ў замежных школах.
Кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Анжэла Кудаярава ўказала, што ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі няма такога паняцця, як «анлайн-навучанне» або «дыстанцыйнае навучанне». Гэта значыць навучэнцы ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі павінны вучыцца менавіта ў гэтай установе.
«З 1 верасня змяненнямі да Кодэкса аб адукацыі будзе ўрэгулявана, што дзеці, якія жывуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны вучыцца ва ўстановах адукацыі нашай краіны. Але калі дзеці з’язджаюць разам з бацькамі ў камандзіроўку на год і больш, то яны вучацца ва ўстановах адукацыі той краіны, дзе яны будуць пражываць», — расказала яна.
Калі дзіця, напрыклад, з’ехала ў Расію, то яно павінна навучацца ў мясцовай школе, а па вяртанні, калі яно грамадзянін Беларусі, — можа быць залічана ў беларускую школу і працягнуць навучанне. «Мы вывучаем адпаведнасць навучальных праграм», — растлумачыла Анжэла Кудаярава, дадаўшы, што ў замежных школах дыстанцыйна дзіця не вывучае ні беларускую мову, ні беларускую літаратуру, ні гісторыю Беларусі.
Паводле яе слоў, дзіця, якое навучалася за межамі краіны, можа вярнуцца і здаваць экзамены за 9-11-я класы. «Яно адлічваецца з нашай установы адукацыі, па пэўнай прычыне, напрыклад, бацькі паехалі працаваць, атрымлівае дакументы. Вяртаецца назад, залічваецца ва ўстанову адукацыі і як грамадзянін Рэспублікі Беларусь здае экзамены. Тут нічога не мяняецца», — адзначыла Анжэла Кудаярава.
Галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Наталля Дудкіна падкрэсліла, што ўзнікала шмат спрэчных пытанняў у гэтым напрамку, асабліва калі ідзе размова аб законных прадстаўніках. «Ёсць такія законныя прадстаўнікі, якія кажуць: маё дзіця навучаецца дома дыстанцыйна, яно ў школу не ходзіць. А потым мы прыходзім да здачы экзаменаў за 9-ы ці 11-ы клас, а ў дзіцяці не можам нават паглядзець праграму, якую яно вывучала. Гэта значыць, тая школа не можа прадставіць у поўным аб’ёме дакументы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Зараз гэтыя пытанні зняты. Законнаму прадстаўніку нічога не застаецца, не трэба нічога прыдумляць і дадумваць», — прывяла прыклад яна.
Гэтыя пытанні датычацца тых бацькоў, дзеці якіх жывуць у Беларусі, але школу не наведваюць.