Top.Mail.Ru

Чаму беларускія прадукты такія смачныя?

Зазірнуўшы ў беларускі супермаркет, дзе на прылаўках грувасцяцца горы салямі, кумпякоў і сардэлек айчыннай вытворчасці, а ў малочным аддзеле і зусім вочы разбягаюцца — цудоўная смятана, ёгурты, ражанка, масла, малако — і ўсяго гэтага нярэдка дзясяткі відаў, госці нашай краіны нярэдка ўпадаюць у ступар. Айчынная харчовая прадукцыя заваявала сэрцы не толькі блізкіх суседзяў, але і людзей з далёкага замежжа. Найперш — сваёй найвышэйшай якасцю.


Шматступеньчаты кантроль

Як вядома, у Беларусі наладжаны і жорсткі кантроль бяспекі ўсёй харчовай прадукцыі, якая вырабляецца на тэрыторыі краіны. Напрыклад, тыя ж малочныя прадукты праходзяць некалькі этапаў кантролю. Усё пачынаецца з фермы, на кожнай з якіх маецца ўласная лабараторыя. Менавіта тут перад адпраўкай партыі малака на перапрацоўчае прадпрыемства сыравіна праходзіць пярвічны кантроль: аналізуюць якасныя паказчыкі, у тым ліку на наяўнасць слядоў тых жа антыбіётыкаў. На перапрацоўчым прадпрыемстве малако праходзіць два ўзроўні кантролю: уваходны і вытворча-лабараторны — так званы «самааўдыт».

Шмат відаў прадукцыі, якая вырабляецца ў Беларусі, валодаюць маркіроўкай «Натуральны прадукт» і «Арганічны прадукт». У прыватнасці, у 33 прадпрыемстваў ёсць 105 сертыфікатаў на натуральнасць, і яны маюць права наносіць адпаведную маркіроўку на 308 найменняў харчовай прадукцыі. 6 вытворцаў атрымалі 11 сертыфікатаў на арганічную прадукцыю.

— У пяцігодку якасці важна захоўваць усе традыцыі беларускай якасці. Мы пастаянна ўдасканальваем патрабаванні, якія былі раней, пераглядаем старыя стандарты і адаптуем іх да патрабаванняў з акцэнтам на тэхнічнае рэгуляванне, якое дзейнічае ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі Дзяржстандарта Наталля Юсько.

На бяспеку і сапраўднасць

Адна з найбуйнейшых акрэдытаваных лабараторый, якая праводзіць даследаванні гатовай прадукцыі і сыравіны, у тым ліку з мэтай пацвярджэння якасці, працуе ў Навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні. Штогод тут даследуюць каля 30 тысяч узораў прадукцыі на якасць, бяспеку і сапраўднасць. Такі кантроль праходзіць прадукцыя, перш чым трапіць на спажывецкі рынак. Асобную ўвагу ўдзяляюць і сыравіне падчас распрацоўкі новага прадукту. У лабараторных умовах адсочваецца максімальнае захаванне карысных нутрыентаў, вітамінаў і мінеральных рэчываў, акрамя таго, важна не дапусціць утварэння якога-небудзь таксічнага рэчыва ў працэсе вырабу і захавання.

Ствараюць супрацоўнікі навукова-практычнага цэнтра і свае вырабы. Адна з апошніх распрацовак — спецыяльныя кансерваваныя фруктовыя прадукты для школьнага і дашкольнага харчавання. Як расказала намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і стандартызацыі РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні» Наталля Камарова, такія прадукты для школьнага і дашкольнага харчавання ў Беларусі былі створаны ўпершыню. Гэта фруктовыя соусы, пюрэ, дэсерты, кактэйлі, пры вырабе якіх прадугледжана выкарыстанне садавіны найвышэйшага гатунку. У прадуктах зменшана колькасць цукру, паніжана кіслотнасць, адсутнічаюць фарбавальнікі, араматызатары, падсалоджвальнікі, кансерванты, генетычна мадыфікаваная сыравіна. Камп’ютэрнае мадэляванне рэцэптурнага складу ў працэсе стварэння дазволіла распрацаваць больш за дзесяць рэцэптур, а таксама тэхналагічную дакументацыю па вырабе кансерваў. Гэта прадукцыя ўжо ўкаранёна ў вытворчасці — на Быхаўскім кансервава-агароднінасушыльным заводзе.

IMG_2478.jpg

Распрацаваны і кансерваваныя агуркі і таматы без утрымання забароненых у дзіцячым харчаванні спецый, дзе воцат заменены лімонным або яблычным сокам, а таксама фруктовыя кансервы са зніжаным утрыманнем цукру, якія адпавядаюць патрабаванням бяспекі для харчавання дзяцей школьнага і дашкольнага ўзросту.

— Яшчэ літаральна год таму стаяла задача разнастаіць харчаванне школьнікаў і дашкольнікаў. Дзеці любяць розныя соусы, але не ўсе яны падыходзяць для іх харчавання. Таму паставілі мэту: распрацаваць такія соусы, якія былі б у тым ліку і карысныя для дзяцей. Яны ўжо ёсць у продажы,— рэзюмавала Наталля Камарова.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю