Top.Mail.Ru

Чаму беларусы святкуюць Дзень Незалежнасці 3 ліпеня, у чым сакральны сэнс гэтай даты

Адзін з сімвалаў нацыянальнага суверэнітэту

Рашэнне аб святкаванні Дня Незалежнасці 3 ліпеня было прынята на рэспубліканскім рэферэндуме трыццаць гадоў таму, 24 лістапада 1996 года, на якім грамадзяне Беларусі выбралі гэту дату ў якасці галоўнага сімвала нацыянальнага суверэнітэту. Рашэнне адлюстравала канстытуцыйны прынцып народаўладдзя і перамогу волевыяўлення беларускага народа, што адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Згодна з Дэкрэтам ад 11 снежня 1996 года № 1 «Аб устанаўленні дзяржаўнага свята — Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь», Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) стаў дзяржаўным святам, якое было вырашана адзначаць 3 ліпеня — у дзень вызвалення сталіцы Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Гэта святое для нас свята сімвалізуе перш за ўсё народнае адзінства, якое дапамагло беларусам вытрымаць самы моцны ўдар лёсу, выжыць як нацыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны і перамагчы... Мы адзіныя ў імкненні абараніць гераічную спадчыну, памяць аб Вялікай Перамозе, сваё суверэннае права на выбар гістарычнага шляху. І няма ніякай іншай даты ў нашай гісторыі, якая б так глыбока прымушала задумацца аб каштоўнасці міру, незалежнасці і свабоды. 

Аляксандр Лукашэнка падчас святочнай прамовы 2 ліпеня 2021 г.

Пра канстытуцыйна-прававы аспект гэтага дня напярэдадні дзяржаўнага свята пагаварылі з суддзёй Канстытуцыйнага Суда Беларусі Віктарам РАБЦАВЫМ.

— Віктар Мікалаевіч, чаму для святкавання была выбрана менавіта гэта дата — 3 ліпеня, калі быў вызвалены толькі горад Мінск, а яшчэ палова рэспублікі заставалася пад нацысцкай акупацыяй?

— Горад Мінск як сталіца ўвасабляе ўсю краіну, усю нацыю. Мінск стаў сімвалам перамогі не толькі ў наступальнай аперацыі «Баграціён», але і сімвалам вызвалення ўсёй Беларусі. Без гэтай перамогі не было б ні беларускага народа, ні беларускай дзяржаўнасці. Вось чаму гэта гістарычная дата па волі беларусаў стала Днём Незалежнасці. Гістарычная, палітычная і сацыяльная значнасць гэтага дня ў тым, што беларусы па сваёй волі выбралі дату 3 ліпеня ў якасці аднаго з сімвалаў нацыянальнага суверэнітэту. У гэтым заключаецца адзін з галоўных прынцыпаў кіравання нашага Прэзідэнта — вырашаць найважнейшыя для дзяржавы і грамадства пытанні, непасрэдна раячыся з народам.

— Гаворачы сёння пра свята Дня Незалежнасці, ці можна сказаць аб тым, што найперш мы падкрэсліваем права беларусаў на суверэнітэт?

— Сакральны сэнс гэтага свята ў тым, што вызваленне Беларусі ад фашысцкай карычневай чумы паслужыла спыненню знішчэння беларускай нацыі, мовы, культуры. Беларускі народ атрымаў магчымасць для рэальнага развіцця, каб сёння называцца Рэспублікай Беларусь — суверэннай і незалежнай. Як сведчаць мінулыя гістарычныя падзеі, незалежнасць дасталася беларусам нялёгкай цаной, адстаяць яе дапамаглі імкненне да свабоды самавызначэння на працягу ўсёй гісторыі, бяспрыкладная мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады вайны, працавітасць нашых людзей і цвёрдая дзяржаўная пазіцыя па гэтым пытанні. Гэта даніна гераізму і стойкасці беларускага народа, самаахвярнай барацьбе падпольшчыкаў і партызан, бяспрыкладнаму працоўнаму подзвігу тых, хто падымаў краіну з руін, будаваў заводы, дамы, школы.

— У кантэксце дадзенага пытання нельга не адзначыць значэнне Канстытуцыі...

— Прыняты 15 сакавіка 1994 года, Асноўны закон нашай краіны шмат у чым вызначыў яе лёс на доўгія гады, замацаваў сапраўды паваротныя гістарычныя падзеі. Менавіта ў Канстытуцыі ўстаноўлены прынцыпы ўладкавання дзяржавы і грамадства, асноўныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян. Захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны замацавана ў абноўленай Канстытуцыі, у артыкуле 15 якой вызначана, што дзяржава забяспечвае захаванне гэтай памяці. Гістарычная памяць — гэта аснова духоўных і культурных традыцый беларускай нацыі, тое, што фарміруе ўнутраны стрыжань кожнага грамадзяніна-патрыёта, гартуе дух і натхняе на добрыя здзяйсненні ў імя папярэдніх пакаленняў, дабрабыту тых, хто сёння сваёй стараннай працай стварае даброты для нашай краіны. Згодна з артыкулам 54 Канстытуцыі, захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызме з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна нашай краіны.

Наш агульны абавязак быць вартымі спадчыны пераможцаў, актыўна супрацьдзейнічаць агрэсіўным спробам фальсіфікацыі і перапісвання гісторыі, прыніжэння ролі і ўнёску народа Беларусі ў Перамогу над фашызмам. А яшчэ мы абавязаны перадаць памяць і праўду аб той вайне нашым дзецям і ўнукам, бо памяць не падуладная законам часу. Яна была, ёсць і будзе тым фундаментам, які з’яўляецца залогам нашага мірнага, шчаслівага жыцця.

— Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў, што таксама прапісана ў Канстытуцыі. Аднак абараняць нашу краіну, яе незалежнасць, як неаднаразова падкрэсліваў Прэзідэнт, калі спатрэбіцца, будзем сур’ёзна...

— Своечасовая карэкціроўка Канстытуцыі ў гэтай частцы дазволіла размясціць на тэрыторыі нашай краіны тактычную ядзерную зброю і «Арэшнік». Мы з вамі з’яўляемся сведкамі таго, як гэта ацверазіла ворагаў нашай дзяржавы. Тыя, хто спрабуе вучыць нас дэмакратыі, павінны павучыцца ў нас падыходу да пабудовы дзяржавы. Незалежнасць Беларусі вымяраецца не стагоддзямі, але ў той жа час Беларусь — астравок міру, дабрабыту. Мы падаём прыклад, як можна кансалідаваць нацыю. Гэта і ёсць праява нашай ментальнасці не на словах, а на справе. Сёння, жывучы пад мірным небам, мы павінны на падмурку таго, што ўжо створана і дасягнута, далей развіваць нашу Беларусь, захоўваючы і памнажаючы ўсё лепшае, што маем. Мудры беларускі народ умее вучыць і засвойваць урокі гісторыі, абапіраючыся на здаровы сэнс, абараняючы сваю дзяржаўнасць, рухацца ў стваральным кірунку наперад.

Мы не проста дасягнулі значных поспехаў ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, але і ў вырашальныя для краіны дні, складаныя жыццёвыя перыяды захавалі і памножылі тое, чым заўсёды ганарыліся беларусы: любоў да міру, працавітасць, якая гарантуе асабісты ўнёсак кожнага ў агульную справу, салідарнасць, уменне слухаць і чуць. Цяпер лёс Беларусі, нацыянальныя інтарэсы — у нашых з вамі руках. Неабходна зрабіць так, каб не перарывалася гістарычная нітка, каб не гублялася адзінства народа, каб умацоўваўся гонар за краіну і працягвалася яе гісторыя — мірная і стваральная.

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю