Рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, інтэнсіўная вытворчасць і сучасны аграменеджмент — галоўныя перавагі, якія адкрывае дакладнае земляробства. Пра гэта расказаў вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі геабатанікі і картаграфіі расліннага свету, кандыдат біялагічных навук Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Андрэй Понтус. Вучоныя распрацавалі інтэграваную лічбавую аграплатформу з выкарыстаннем розначасовых даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і ландшафтна-адаптыўных прынцыпаў вядзення высокаінтэнсіўнай сельгасвытворчасці з улікам кліматычных умоў, якія мяняюцца.
Убачыць пустазелле з вышыні палёту
У аснове дакладнага земляробства — электронныя карты палёў з дакладнай геапрывязкай, якія аграном выкарыстоўвае на планшэце ці смартфоне. Геаінфармацыйныя сістэмы дазваляюць ацаніць тэрыторыю з розных аспектаў. Гэта як шматслойны пірог, дзе аб’ядноўваецца тапаграфія, а для комплекснага аналізу падгружаюцца разнастайныя даныя: карты забяспечанасці мікра- і макраэлементамі канкрэтнага поля, стан палёў у рэальным часе на аснове вегетацыйных індэксаў, якія пралічваюцца ў аўтаматычным рэжыме.
Вучоныя Інстытута эксперыментальнай батанікі займаюцца маніторынгам прыродных рэсурсаў. Сёння касмічныя тэхналогіі дапамагаюць выяўляць землі, якія не выкарыстоўваюцца ў гаспадарчым абароце, рабіць ацэнку стану меліяраваных зямель, найперш у Прыпяцкім Палессі. У рамках Дзяржпраграмы «Навука і інавацыі», падпраграмы «Выкарыстанне касмічнай прасторы ў мірных мэтах» у 2020–2025 гадах яны распрацоўвалі праграмна-інфармацыйны комплекс ацэнкі стану пойменных геасістэм. На найбліжэйшую пяцігодку плануецца адсачыць яе ў дзеянні.
Сучасныя тэхналогіі дазваляюць атрымаць выдатныя інструменты для адаптаванага землекарыстання ва ўмовах палескіх ландшафтаў. У рамках праекта рабіўся маніторынг у пяці тэставых гаспадарках Прыпяцкага Палесся (у Петрыкаўскім, Жыткавіцкім, Столінскім, Пінскім і Лунінецкім раёнах).

Уключэнне ў сістэму дакладнага земляробства павінна пачынацца з глыбокага геа- і аграхімічнага даследавання. Выкарыстоўваюцца не толькі здымкі са спадарожнікаў, але і аэрафотаздымкі з дронаў. Высвятляецца стан палёў (ці ёсць там пустазелле), структура глеб. Аналіз патэнцыялу сельгасугоддзяў робіцца пад канкрэтную гаспадарку. Сёння трэба ўлічваць і кліматычныя ўмовы. Напрыклад, у засушлівы летні перыяд на поўдні з мелказалежнымі тарфянікамі, якія падсцілаюцца пяскамі, вільгаць «сыходзіць» хутка, а на Магілёўшчыне, Віцебшчыне і часткова Міншчыне, дзе землі больш «цяжкія» — супясчаныя, суглінкі і гліны, — яна трымаецца даўжэй. Дзякуючы сістэме дакладнага земляробства можна рабіць рэкамендацыі па культурах, якія лепш падыходзяць да вырошчвання, карэктаваць тэхналогіі, вызначаць, якія элементы і калі ўносіць, нават складаць так званыя карты магчымасцяў інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі. Так, аграном можа бачыць, дзе мае рэзервы для павышэння ўраджайнасці. Важна выявіць участкі, дзе пры пэўных умовах можна атрымліваць максімальную аддачу асобных культур, а дзе — збяднелыя глебы, на якіх весці гаспадарку немэтазгодна. Нельга забываць і пра экалагічную бяспеку земляробства, каб захаваць патэнцыял урадлівасці і перадаць наступным пакаленням.
Аградрон супраць шкоднікаў
Стварэнне лічбавых мадэляў паверхні палёў — таксама інструмент, які дазваляе эканоміць рэсурсы. Так, унесеныя ўгнаенні з павышаных участкаў могуць змывацца, на паніжаных — накоплівацца. Аграном можа бачыць у сябе на планшэце каардынаты такіх участкаў і вызначаць, дзе трэба дадаткова ўносіць мікра- і макраэлементы.
З выкарыстаннем аградронаў можна выяўляць ачагі, дзе праявіліся хваробы ці шкоднікі, каб іх своечасова ліквідаваць, гэтак жа вядзецца барацьба з інвазіўнымі відамі. Натуральна, ганяць вялікую тэхніку на «ачаговыя» апрацоўкі немэтазгодна, і стаўка на аградроны робіцца ва ўсім свеце. Гэта дазволіць сэканоміць на прэпаратах, паберагчы «аўтапарк». Да таго ж беспілотныя памочнікі з’яўляюцца больш прымальнымі для захавання структуры глебы, бо з выкарыстаннем цяжкай тэхнікі яна ўшчыльняецца, прыгнятаецца жыццядзейнасць карысных мікраарганізмаў. Дроны дазваляюць аграномам весці якасны маніторынг — напрыклад, бачыць поўную карціну перазімоўкі збожжавых, сачыць за станам агракультур на розных этапах, што раней у палявых умовах фізічна было немагчыма.

Вучоныя Інстытута эксперыментальнай батанікі супрацоўнічаюць з вытворцамі беспілотнікаў. Так апарат ператвараецца ў складаны інтэлектуальны прадукт, які дзякуючы распрацаваным пад яго праграмам дапамагае выконваць розныя задачы. Усё шырэй выкарыстоўваецца штучны інтэлект. Дрон можна «навучыць», напрыклад, рабіць падлік плошчаў таго ж пустазелля, вызначаць стан палёў.
Сучасныя тэхналогіі дазваляюць складаць прагнозы на будучы ўраджай. Адсюль ведаць, колькі спатрэбіцца тэхнікі і паліва для яго ўборкі. Дакладнае землекарыстанне ўключае і бухгалтарска-тэхнічны ўлік, дазваляе аграрыям эфектыўна кіраваць гаспадаркай, здзяйсняць поўны кантроль работы аўтапарку, рабіць ацэнкі эфектыўнасці выкарыстання тэхнікі, адсочваць бягучыя рыначныя кошты на пэўныя культуры, пралічваць прыбытак, і, магчыма, уносіць пэўныя карэктывы, пры спрыяльнай фінансавай сітуацыі пераразмяркоўваць сродкі, інвесціраваць у тэхналогіі (напрыклад, дадаткова закупляць угнаенні і прэпараты).
Нейрасеткі дапамагаюць з аналізам вялікіх баз даных. Дзякуючы новым тэхналогіям можна адсочваць, як выкарыстоўваюцца іншыя напрацоўкі вучоных, у тым ліку ў галіне селекцыі, біятэхналогій, назапашваць і перадаваць карысны вопыт.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота БелТА