Чаму для стварэння жывой агароджы каля дарог цяпер выкарыстоўваюць кустоўе, а не елкі, у эфіры тэлеканала СТБ расказаў начальнік упраўлення правядзення работ і ўтрымання дарожнай сеткі РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» Дзмітрый Дземідовіч, паведамляе БелТА.
«Асноўнае прызначэнне яловай агароджы — у зімовы перыяд засцерагаць участкі аб снежных заносаў. Але цяпер рэаліі такія, што ад елкі мы перайшлі да кустоўя. Змяніўся клімат, елка горш прыжываецца, за ёю патрэбны большы догляд. Кустоўе менш патрабавальнае ў гэтым плане і расце значна хутчэй», — заўважыў Дзмітрый Дземідовіч.
Ён падкрэсліў, што для таго, каб дасягнуць вышыні 2 м, якая будзе выконваць ахоўную функцыю, кустам трэба ўсяго толькі пару гадоў. А ялінам для таго, каб дасягнуць такога росту, спатрэбіцца 6-8 гадоў. «Калі браць тое ж кустоўе, у 2025 годзе мы іх высадзілі 41 тыс. У 2026 годзе за студзень-май мы ўжо высадзілі больш за 47 тыс. кустоў. У першую чаргу мы выбіраем тыя ўчасткі, якія больш снегазаносныя. Гэта там, дзе да дарогі прымыкаюць адкрытыя ўчасткі, як правіла гэта поле, сельгасугоддзі, і там, дзе дарога праходзіць у невысокім насыпе, да 1 м», — адзначыў начальнік упраўлення.
Дзмітрый Дземідовіч расказаў, што перад тым, як выбраць пасадачны матэрыял, праводзіцца аналіз грунту. «Мы атрымліваем заключэнне, ці прыдатны ён, яго ўласцівасці і для якіх менавіта кустоў ён прыдатны. Яшчэ пытанне цаны. Зразумела, выбіраем тое, што танней. Найменш патрабавальныя — спірэя, яна ж пузыраплоднік, і шыпшына. Цэны розныя, але ў сярэднім саджанцы куста двухгадовай спірэі каштуюць каля чатырох рублёў», — адзначыў ён.