Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 красавіка падпісаў Дырэктыву нумар 11 «Аб удасканаленні функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацненні выканальніцкай дысцыпліны», паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Дакумент прыняты ў развіццё ўказаў «Аб пяцігодцы якасці», «Аб узмацненні ролі старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў» і накіраваны на кардынальнае павышэнне эфектыўнасці функцыянавання сістэмы органаў дзяржаўнай улады, кіраўніцкай дзейнасці, узмацненне выканальніцкай дысцыпліны, сацыяльна адказнага стаўлення кожнага да працы.
У адпаведнасці з дырэктывай недапушчальна ўмяшанне дзяржаўных органаў, службовых асоб у кампетэнцыю адзін аднаго. Выключаецца фарміраванне і функцыянаванне саветаў, камісій, груп, іншых экспертных і кансультацыйна-дарадчых структур, якія падмяняюць дзяржаўныя органы, акрамя непасрэдна прадугледжаных заканадаўчымі актамі. Забараняецца неабгрунтаванае правядзенне нарад, у тым ліку ў дыстанцыйным фармаце.
Дакументам прадугледжваецца ўкараненне ў практычную дзейнасць сучасных лічбавых тэхналогій у дзяржаўным кіраванні, павышэнне эфектыўнасці службовых камандзіровак, правядзенне абавязковай ацэнкі стану выканальніцкай дысцыпліны ў дзяржаўным органе, улік яе пры прадаўжэнні або заключэнні з кіраўніком гэтага органа кантракта на новы тэрмін, прыняцці рашэнняў па выніках атэстацыі гэтага кіраўніка, павышэнні яго на пасадзе, прадстаўленні да дзяржаўных узнагарод.
Дырэктыва змяшчае нормы аб неабходнасці ўпарадкаваць працэс збору інфармацыі і скараціць залішнія запыты ў адрас юрыдычных асоб, а таксама забяспечыць інфармацыйную бяспеку.
Карэспандэнты «Звязды» з гэтай нагоды звярнуліся па каментарыі да прадстаўнікоў розных галін і ўзроўняў улады і кіравання.
Ігар Сяргееў, генеральны дырэктар ААТ «Беларускі цэментны завод», член Савета Рэспублікі, адзначае: «Дырэктыва прадугледжвае дасягненне нулявой бюракратыі. У прыватнасці, прадугледжана мінімізацыя выканання дакументаў на папяровых носьбітах, тым самым аддаючы перавагу ўкараненню ў практычную дзейнасць сучасных лічбавых тэхналогій. Таксама аптымізавана прыняцце прававых актаў: зніжана колькасць узгадненняў для зацвярджэння, прадугледжаны тэрміны іх разгляду. Прынятыя акты павінны быць прапрацаваны такім чынам, каб у далейшым не патрабавалі тлумачэнняў і не ўтрымлівалі спасылкі на іншыя адсылачныя нормы, што значна спрашчае працу з дакументам».
Кадры вырашаюць усё, падкрэслівае кіраўнік буйнога прадпрыемства. «Таму дзяржаўным органам усіх узроўняў пры фарміраванні кадравага складу неабходна звяртаць увагу на наяўнасць кампетэнцый у кандыдата, неабходных для выканання службовых абавязкаў ва ўмовах сучасных патрабаванняў. Таксама заключэнню або прадаўжэнню кантракта з кіраўніком дзяржаўнага органа або арганізацыі будзе папярэднічаць аналіз і ацэнка выканальніцкай дысцыпліны па пэўных крытэрыях», — абазначае важныя навацыі Ігар Сяргееў і дадае, што яны і іншыя палажэнні дырэктывы павысяць узровень адказнасці на працоўных месцах.
Ірына Даўгала, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, звярнула ўвагу на шматграннасць дакумента, падпісанага кіраўніком дзяржавы. «Вялікі мой вопыт работы ў органах дзяржаўнай улады дазваляе абсалютна ўпэўнена казаць аб тым, што такія дакументы не нараджаюцца за адзін дзень, — адзначыла дэпутат. — Гэты дакумент дакладна, сістэмна і вельмі канкрэтна расставіў усе кропкі над „і“ па тых акцэнтах выканальніцкай дысцыпліны, якія неабходна ўзмацніць. У першую чаргу размова ідзе практычна аб усіх галінах дзяржаўнай улады».
Парламентарый нагадала, што не так даўно адпаведным указам Прэзідэнт даў шырокія паўнамоцтвы кіраўнікам мясцовых органаў улады. «Калі паўнамоцтвы дадзены, за іх трэба несці адказнасць», — акцэнтавала ўвагу Ірына Даўгала.
— У дырэктыве вельмі дакладна расстаўлены прыярытэты па ўзмацненні дысцыпліны ў першую чаргу па эканамічных кірунках. Размова ідзе не толькі і не столькі аб выкананні прагнозных паказчыкаў, што сапраўды з’яўляецца больш чым важным і неабходным. Не менш важны момант — працоўныя рэсурсы. Кіраўнік дзяржавы ўказвае на неабходнасць удзелу працаздольных людзей у эканамічнай сістэме краіны. Гэта значыць: калі вы карыстаецеся выгодамі, дадзенымі дзяржавай, то вы і працаваць павінны адпаведна.
Асаблівую ўвагу парламентарый звярнула на пытанні інфармацыйнай дысцыпліны. Гэта, па яе словах, датычыцца не толькі органаў улады ўсіх галін, але і саміх грамадзян. Дэпутат выказала спадзяванне, што ўсе органы ўлады сістэматызуюць і зменшаць колькасць правядзення нарад, у тым ліку ў відэафармаце. «Гэта дастаткова сур’ёзная праблема, бо займае вялікі дыяпазон часу шараговых дзяржаўных служачых або кіраўнікоў структурных падраздзяленняў, — канкрэтызавала Ірына Даўгала. — Яшчэ кіраўнік такога рангу, як Сувораў, казаў, што дзе дысцыпліна — там і перамога. Так што дысцыпліна — і ў нас перамога будзе ва ўсім».
Дзякуючы Дырэктыве № 11 у рабоце Мінскага гарвыканкама стане менш нарад і больш увагі будзе аддадзена службовым камандзіроўкам — Надзея Лазарэвіч, першы намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама, каментуючы дакумент, звяртае ўвагу на яго практыкапрымяняльныя аспекты.
«Будзем больш уважліва глядзець на план мерапрыемстваў і камандзіровак, больш адказна будзем кантраляваць справаздачы па выніках камандзіровак і пытацца аб іх выніковасці не толькі ў мясцовых органаў улады, але і ў суб’ектаў гаспадарання», — адзначае яна.
«Вельмі выразна будзем адпрацоўваць уваходныя дакументы, якія прыходзяць да нас, — дадае Надзея Лазарэвіч. — Але з нас не толькі патрабуюць больш, нам дадзены дадатковыя магчымасці і функцыянал для мясцовых органаў улады. Дзяржава заўсёды кажа, што з пытаннямі на месцах трэба разбірацца максімальна хутка, прымаць аператыўныя і прадуманыя рашэнні. Іх мы і будзем выконваць».
Тамара Красоўская, старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама, член Савета Рэспублікі, пераканана, што ад выканальніцкай дысцыпліны ў органах улады напрамую залежыць высокая эфектыўнасць кіравання, бо дакладнае выкананне рашэнняў і даручэнняў паскарае рэалізацыю дзяржаўных праграм. «Калі дзяржорганы працуюць зладжана і выконваюць абяцанае, людзі больш давяраюць уладзе, што ўмацоўвае сацыяльную стабільнасць», — адзначае яна.
На думку Тамары Красоўскай, высокі ўзровень дысцыпліны нязменна прыводзіць і да эканамічнай выгады, бо ў такіх сферах, як будаўніцтва, ЖКГ і іншых, невыканальнасць нярэдка прыводзіць да зацягвання тэрмінаў рэалізацыі праектаў, што прыводзіць да іх падаражання, нямэтавага выкарыстання сродкаў, у тым ліку бюджэтных.
«Нам трэба разумець: сёння для рэалізацыі стратэгічных дзяржаўных мэт, нацыянальных праектаў і праграм патрэбна зладжаная, скаардынаваная работа ўсіх узроўняў улады, устаноў, ведамстваў, — гаворыць сенатар. — А без дакладнага парадку, высокай дысцыпліны нават найлепшыя ініцыятывы „гінуць“ у невыкананні. І ў сувязі з гэтым дысцыпліна важная не толькі як мэта, але і як інструмент для дасягнення рэальных вынікаў».
«Падпісанне Прэзідэнтам Дырэктывы № 11 — гэта лагічны і важны крок у мадэрнізацыі і павышэнні дысцыпліны органаў дзяржаўнага кіравання, — гаворыць Дзмітрый Дзямідаў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. — Менавіта з улікам таго, што асноўным кірункам дзейнасці дэпутацкага корпуса з’яўляецца цесная работа з людзьмі, прыняты дакумент будзе дадаткова кантраляваць дадзеныя абяцанні, узровень выканаўчай дысцыпліны. Гэта значыць, што ў перспектыве мы павінны дайсці да мінімальнага ўзроўню праблемных зваротаў падчас прыёмаў грамадзян праз удасканаленне работы мясцовай улады і адказных арганізацый».
На думку кіраўніка дэпутацкага корпуса Віцебшчыны, прыняцце дырэктывы — гэта вялікі ўклад у павышэнне якасці жыцця беларусаў праз прафесіяналізм і зладжанасць работы ўлады, а ўзаемадзеянне паміж галінамі ўлады і грамадскасцю стане асновай для дасягнення пастаўленых краінай мэт.
Пры правільным прачытанні дырэктыва стане надзейным фундаментам для павышэння эфектыўнасці функцыянавання ўсіх органаў дзяржаўнай улады на месцах, адзначае Людміла Сапега, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага РУП «Фармацыя», член Савета Рэспублікі. «А без гэтага немагчыма вырашыць амбіцыйныя задачы па карэнным павышэнні ўзроўню дабрабыту жыхароў усіх рэгіёнаў краіны, пастаўленыя Аляксандрам Лукашэнкам на найбліжэйшыя пяць гадоў. Невыпадкова асаблівая роля ў гэтым адводзіцца ўзмацненню выканальніцкай дысцыпліны, — працягвае сенатар. — Прычым у самым шырокім яе разуменні: ад працоўнай і вытворчай да асабістай адказнасці кожнага за даручаны ўчастак работы і рацыянальнага выкарыстання працоўнага часу. Іншымі словамі, падпісаная кіраўніком дзяржавы Дырэктыва № 11 павінна паставіць надзейную заслону найменшым праявам бюракратызму і заарганізаванасці ў дзейнасці дзяржаўных органаў і нацэліць іх на эфектыўнае вырашэнне праблем, звязаных з пытаннямі паляпшэння якасці жыцця нашых грамадзян».
Па словах Кацярыны Серафіновіч, члена Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, гэта своечасовы дакумент. «Ёсць у ім сказ, які мне вельмі падабаецца і які лічу важным на ўсіх адрэзках часу: „Добрасумленным, адказным, творчым стаўленнем да службовых абавязкаў, высокапрадукцыйным выкарыстаннем рабочагу часу кожны з нас уносіць свой уклад у агульны дабрабыт і стабільнасць краіны“, — прывяла прыклад дэпутат. — Мы ўжо звыкліся з тым, што ўзровень жыцця ў Беларусі высокі і як данасць успрымаем камфорт, добраўпарадкаванне, сацыяльныя выгоды. Часам і не ўспамінаем, што такая якасць жыцця не матэрыялізуецца з паветра, а з’яўляецца вынікам працы, працы кожнага з нас».
Кажучы аб тым, што зменіцца згодна з прынятай дырэктывай, Кацярына Серафіновіч заўважыла, што тыя кіраўнікі, спецыялісты, якія ў сваёй прафесійнай дзейнасці кіраваліся выключна інтарэсамі сваёй справы, вырашалі пытанні ў рамках уласнай кампетэнцыі, укаранялі лічбавыя тэхналогіі і не дапускалі парушэнняў працоўнай дысцыпліны ў калектыве і асабіста, працягнуць працаваць у звыклым для сябе тэмпе. «А вось тым, хто не столькі працаваў, колькі імітаваў працоўную дзейнасць, варта перагледзець сваё стаўленне да службовых абавязкаў», — дапоўніла дэпутат.
Парламентарыю імпануе, што новым заканадаўчым актам прадугледжваецца і забарона правядзення неабгрунтаваных нарад, у тым ліку ў дыстанцыйным фармаце.
«Час — самы каштоўны рэсурс, які ў нас ёсць, і траціць яго патрэбна рацыянальна, па-гаспадарску, — пераканана яна. — Не будзем скідваць з рахунку і настрой людзей, якіх збіраюць чарговы раз пагутарыць, а ім трэба вырашаць ужо пастаўленыя задачы, кантраляваць працэс работы».
Строгая выканальніцкая і службовая дысцыпліна неабходна для паспяховага развіцця не толькі канкрэтна ўзятага рэгіёна, але і ўсёй нашай краіны ў цэлым, а таксама для павышэння патэнцыялу ўсіх галін эканомікі і не толькі, адзначае Людміла Муравіцкая, старшыня Лагойскага раённага Савета дэпутатаў.
Паводле яе слоў, дырэктыва надасць імпульс для больш выразнага ўзаемадзеяння мясцовых органаў улады і грамадзян Беларусі: «У дакуменце пазначаны пытанні, на якія трэба звярнуць увагу, — мінімізацыя непатрэбных сустрэч, нарад, узмацненне пазіцый у выглядзе якаснай адпрацоўкі дакумента пры ўзаемадзеянні з нашымі грамадзянамі і суб’ектамі гаспадарання».
Кіраўнік дэпутацкага корпуса Лагойшчыны падкрэсліла, што гэтым дакументам прадугледжваецца ўкараненне ў практычную дзейнасць сучасных лічбавых тэхналогій у дзяржаўным кіраванні і павышэнне эфектыўнасці службовых камандзіровак: «Дзякуючы камандзіроўкам у першую чаргу можна на свае вочы ўбачыць, чым жыве той ці іншы населены пункт або рэгіён, якія цікавыя пункты росту для супрацоўніцтва ён прапаноўвае. Наша задача ў камандзіроўках — дапамагчы прадпрыемствам, даведацца, якія праблемныя пытанні хвалююць людзей і, вядома ж, наладзіць добрыя ўзаемаадносіны».
Акрамя таго, Дырэктыва № 11 накіравана на дэбюракратызацыю, спрашчэнне ўсіх адміністрацыйных і кіраўніцкіх працэсаў. «Дысцыпліна важная не толькі як мэта, але і як інструмент для дасягнення рэальных вынікаў, — гаворыць Людміла Муравіцкая. — Пераканана, што рэалізацыя палажэнняў дакумента стане новым этапам у пабудове моцнай, сацыяльна арыентаванай дзяржавы, дзе інтарэсы чалавека застаюцца найвышэйшым прыярытэтам».
Рыгор Пратасавіцкі, старшыня Столінскага райвыканкама, прызнаецца, што з першага азнаямлення з дакументам яго асабліва зачапіла патрабаванне забароны неабгрунтаванага правядзення нарад, у тым ліку ў дыстанцыйным фармаце. «Вядома, цяперашні стан тэхнікі і тэхналогій дае магчымасць аператыўна правесці нараду без збору яе ўдзельнікаў у адным месцы. Можна далучыцца да абмеркавання той ці іншай тэмы не выходзячы з будынка свайго выканкама, — гаворыць кіраўнік раённай вертыкалі. — Але ж гэтым сталі надта часта калі не злоўжываць, то захапляцца. І вось ужо сядзяць тыя ж старшыні сельсаветаў на нарадзе паўдня ў райцэнтры. Дадаць сюды час на дарогу, а ў некаторых яна ў адзін канец складае паўсотні кіламетраў, і выходзіць, што траціцца цэлы рабочы дзець. А эфектыўнасць работы гэтых людзей найбольш праяўляецца на месцах, „на зямлі“, як гаворыць наш Прэзідэнт. Інфармацыю ж па выніках нарады сёння магчыма давесці хутка і дакладна дзякуючы ўсё тым жа інфармацыйным тэхналогіям... Прыклады можна прыводзіць фактычна па ўсіх пунктах дырэктывы. Лічу яе патрэбнай і своечасовай. Думаю, што дакумент паспрыяе нашай рабоце ў рэгіёнах».