Top.Mail.Ru

Чаму Фучжоу атрымаў сваю «шчаслівую» назву?

Горад Фучжоу — сталіца правінцыі Фуцзянь, што на паўднёвым усходзе Кітая. Гэты мегаполіс Паднябеснай (тут цяпер, паводле розных ацэнак, больш чым 8 мільёнаў жыхароў) не на слыху, як Пекін ці Шанхай. Між тым у старажытнага горада з гісторыяй у больш чым два тысячагоддзі насамрэч шмат разынак, якія можна пабачыць толькі тут. Гэты старажытны порт спалучае ў сабе атмасферу імператарскага мінулага, маляўнічую прыроду і ўнікальную фуцзяньскую культуру.


Пачнём з таго, што ў перакладзе з кітайскай Фучжоу гучыць не інакш як «шчаслівы горад». І шмат у чым гэта сапраўды так. Горад размешчаны на рацэ Міньцзян, на месцы яе ўпадзення ва Усходне-Кітайскае мора. Гістарычна Фучжоу быў домам для значнай абшчыны народа танка, таксама вядомага як «лодкавыя людзі». Яны традыцыйна жылі на джонках і сампанах прама на рацэ Міньцзян, фарміруючы ўнікальную плывучую культуру са сваімі звычаямі і ладам жыцця.


Першая гарадская сцяна на гэтых тэрыторыях з’явілася ў 202-м годзе да нашай эры, хаця паселішча тут існавала задоўга да гэтай даты. Гэта горад, які калісьці прымаў у госці сусветна вядомага падарожніка Марка Пола, і праз порт якога кітайскі чай адпраўлялі па ўсім свеце.

Тут дагэтуль захавалася мноства разнастайных гістарычных і прыродных славутасцяў. Варта абавязкова прагуляцца па атмасферных гістарычных раёнах горада і найпрыгажэйшых парках, а таксама ўбачыць Белую і Чорную пагады на двух з трох узгоркаў, якія атачаюць Фучжоу. 

Тры завулкі і Сем алей (Саньфан цысян) — так называюцца старажытныя кварталы ў цэнтры Фучжоу. Гэта найбуйнейшы гістарычны раён у Кітаі, які займае 400 тысяч кв. метраў. Завулкі і алеі складаюцца з сотняў узведзеных з грубага каменя і ўпрыгожаных арнаментам і разьбой будынкаў ХІV-ХІХ стагоддзяў. Нягледзячы на гістарычны статус, у гэтых дамах і цяпер жывуць людзі.


Тры завулкі і сем алей — гістарычны культурны квартал, які з’яўляецца адным з аб’ектаў нацыянальнага ўзроўню. Квартал захаваў больш за 200 старажытных будынкаў, 15 з якіх з’яўляюцца аб’ектамі нацыянальнай культурнай спадчыны. Белыя сцены з чорнымі чарапічнымі дахамі, сцены з конскімі галовамі і разьбяныя аконныя рашоткі ўвасабляюць выключную эстэтыку традыцыйнага фучжоўскага жылога дома і архітэктурнае майстэрства.

Квартал быў заснаваны ў эпоху дынастыі Цзінь, аформіўся ў эпоху Тан і Пяці дынастый, быў удасканалены ў эпоху Сун і Чжоў, а квітнеў у эпоху Мін і Цын. Яго называюць «жывым помнікам сістэмы ліфан» і «музеем архітэктуры эпохі Мін і Цін». Цэнтральнай воссю квартала з’яўляецца паўднёвая задняя вуліца, на захадзе знаходзяцца тры завулкі — Іцзінь, Вэньжу, Гуанлу, а на ўсходзе сем алей — Янцяа, Лангуан, Тая, Хуан, Аньмін, Гун і Цзі. Гэтыя вуліцы і алеі аб’ядноўваюцца ў комплекс пад назвай «Тры завулкі і сем алей», які з’яўляецца самай яркай і захаванай гістарычнай культурнай зонай не толькі Фучжоу, а і ўсяго Кітая.

Ну і, вядома ж, панды, якіх можна пабачыць у Fuzhou Panda World. Прычым бамбукавыя мядзведзікі тут ажно двух відаў — акрамя традыцыйна бела-чорных ёсць яшчэ чырвоныя панды, пра якіх я, прызнаюся, раней і не чуў. Гэтыя звяркі адначасова нагадваюць ката, лісу і янота. Для восеньскага «антуражу» надзвычай падыходзяць!


Мора літаральна побач — агульная працягласць берагавой лініі горада Фучжоу складае ўнушальныя 1137 кіламетраў. Праўда, гэта не зусім пляжны адпачынак у прывычным уяўленні. Хутчэй, маляўнічыя мясціны для доўгіх прагулак. Напрыклад, да папулярнага пляжу Наньаа, які абмываецца водамі Тайваньскага праліва (злучае Усходне-Кітайскае і Паўднёва-Кітайскае мора), можна дабрацца па адной з ліній гарадскога метро, а пасля даехаць на аўтобусе. Купанне тут забаронена, аднак пейзажы — звышнатуральныя. Цяпер, праўда, нярэдкія штормы і моцныя вятры з пяском. Аднак турыстаў гэта не спыняе. Тым больш прываблівае магчымасць апынуцца паблізу ад Тайваня.

Уздоўж узбярэжжа шмат натуральных добрых гаваняў, з якіх больш за 100 натуральных глыбакаводных, дзе можна пабудаваць прычалы для суднаў водазмяшчэннем ад 10 да 200 тысяч тон. Востраў Хайтань ва ўсходняй прыбярэжнай зоне з’яўляецца найбуйнейшым у правінцыі Фуцзянь і пятым па велічыні ў Кітаі. 

Фучжоу нярэдка называюць «горадам баньянаў». Гэтыя велічныя дрэвы знакамітыя тым, што на працягу амаль тысячы гадоў фарміруюць унікальнае аблічча і мікраклімат кітайскага мегаполіса. Усё пачалося ў эпоху дынастыі Паўночная Сун (каля 1063–1067 гадоў), калі кіраўнік горада Чжан Баюй сутыкнуўся з праблемай моцнай летняй спякоты і паводак. Каб выратаваць жыхароў ад спёкі, ён выдаў указ, які абавязваў кожную сям’ю пасадзіць каля свайго дома баньян. Ідэя спрацавала настолькі добра, што неўзабаве ўвесь горад патануў у густым цені. У гістарычных хроніках адзначалася, што ўлетку жыхарам Фучжоу больш не трэба было раскрываць парасоны для абароны ад сонца.


Баньяны з іх магутнымі стваламі і каранямі, якія звісаюць з галін, зараз растуць тут паўсюль — у парках, на плошчах (напрыклад, на скрыжаванні Наньмэньдоу) і ўздоўж дарог, стаўшы жывым знакам і галоўным прыродным упрыгажэннем старажытнага горада. Сёння ў горадзе налічваецца больш за 160 тысяч гэтых дрэў, сярод якіх звыш тысячы — доўгажыхары. 

Адной з самых вядомых славутасцяў Фучжоу сёння з’яўляецца «кароль баньянавых дрэў», які знаходзіцца ў Нацыянальным лясным парку Фучжоу. Яго вышыня перавышае 20 метраў, а крона займае плошчу 1330 квадратных метраў, забяспечваючы цень адразу для тысячы чалавек!

Гэта гіганцкае дрэва ўражвае не толькі сваімі велізарнымі памерамі, але і багатай экасістэмай — пад яго кронамі знайшлі прытулак мноства відаў птушак. Яго пышная лістота стварае карціну, якую часта апісваюць як «адно дрэва, якое ператвараецца ў цэлы лес». Цікава, што баньян скідвае пасохлую лістоту не ўвосень, а... вясной.

 

Своеасаблівая і тутэйшая гаворка — мясцовы фучжоўскі дыялект (фучжоўхуа) лічыцца адным з самых складаных для разумення нават для носьбітаў іншых дыялектаў групы Мінь, да якой ён адносіцца. Яго ўнікальная фанетыка і лексіка робяць яго сапраўднай лінгвістычнай загадкай для многіх жыхароў Кітая.

Калі да ўсяго гэтага дадаць яшчэ гарадскую кветку язмін і ўнікальную кулінарную традыцыю (адзін суп «Буда скача праз сцяну» чаго варты), то становіцца зразумелым, чаму Фучжоу атрымаў сваю «шчаслівую» назву. 

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Мінск — Фучжоу — Мінск 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю