Top.Mail.Ru

Чаму Герой Савецкага Саюза беларус Іван Пстыга ледзь не быў збіты славутым асам?

На яго скрозь прыцэл глядзеў Пакрышкін.

108 гадоў таму, 10 красавіка 1918 года, нарадзіўся Іван Іванавіч Пстыга — маршал авіяцыі, Герой Савецкага Саюза, заслужаны ваенны лётчык СССР, адзіны з беларусаў узнагароджаны 7 (!) ордэнамі Чырвонага Сцяга.

Пад дружалюбным агнём

Даўно адгрымелі залпы Вялікай Айчыннай вайны. Шэраг заслужаных афіцэраў, сярод якіх было нямала Герояў Савецкага Саюза, паступілі ў Акадэмію Генеральнага штаба. У адной навучальнай групе апынуліся тройчы Герой Савецкага Саюза знішчальнік Аляксандр Іванавіч Пакрышкін і Герой Савецкага Саюза лётчык-штурмавік Іван Іванавіч Пстыга. Аднойчы ў 1956 годзе паміж імі адбылася характэрная размова...

— Было ў пачатку вайны такое: ідзём на заданне, да нас прыбудоўваюцца два МіГ-3, — расказаў Іван Іванавіч аднагрупнікам. — Думаем, што ляцець са знішчальнікамі надзейней. Раптам адбываецца неверагоднае — адзін з МіГаў дакладнымі стрэламі збівае камандзіра нашай эскадрыллі і накідваецца на мой самалёт. Калыхаю машыну з крыла на крыло, паказваю нашы апазнавальныя знакі. Гэта дапамагло... МіГ адышоў убок... 

— Гэта быў я, — збянтэжана і засмучана заявіў Аляксандр Іванавіч.

— Жартуеш, Саша?

— Ды якое там «жартуеш»! У пачатку вайны я сапраўды збіў Су-2. Быў са мной такі страшны выпадак, не ведаў самалёты Сухога, бо яны з’явіліся ў часцях перад самай вайной, а выгляд у іх зусім незвычайны — падумаў, што фашыст...


Гэтая гісторыя здарылася ў Адэскай ваеннай акрузе на берагах ракі Днестр, а пасля падзення Кіева і Харкава, калі ў бамбардзіровачным авіяпалку засталося толькі 11 самалётаў, лейтэнанта Пстыга, у ліку іншых лётчыкаў, накіравалі перавучвацца на новы самалёт-штурмавік Іл-2.

У наступныя гады Іван Пстыга ваяваў на Паўднёва-Заходнім, Сталінградскім франтах, дзе быў родапачынальнікам вулічных баёў штурмавікоў, Бранскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскім, 3-м Беларускім і 1-м Украінскім у якасці камандзіра эскадрыллі, начальніка паветрана-стралковай службы дывізіі і авіякорпуса. Сустрэў Дзень Перамогі ў званні падпалкоўніка, камандзіра 893-га штурмавага Віцебскага Чырванасцяжнага авіяцыйнага палка, які дабіваў з паветра дэмаралізаваныя рэшткі нямецкіх войскаў. Усяго за гады вайны Пстыга здзейсніў 164 баявыя вылеты, збіўшы ў паветраных баях асабіста 2 варожыя знішчальнікі.

Беларус родам з Башкірыі

Іван быў чацвёртым дзіцем у беларускай сялянскай сям’і, дзе акрамя яго выхоўваліся яшчэ пяць сясцёр і два браты. Нарадзіўся ён у вёсцы Сухопаль у Башкірыі, куды яго родныя эвакуіраваліся ў 1914 годзе пасля пачатку Першай сусветнай вайны. Пасля заканчэння сярэдняй школы вясной 1936 года па камсамольскай пуцёўцы Іван Пстыга быў накіраваны на вучобу ў Энгельскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча. Пайшлі напружаныя навучальныя будні. Спачатку навучальны самалёт У-2, затым шматмэтавыя Р-5 і Р-6 і, нарэшце, баявы хуткасны франтавы бамбардзіроўшчык.

Пасля заканчэння вучылішча ў 1940 годзе лейтэнанта Пстыга накіравалі служыць камандзірам Су-2 у 211-ы бамбардзіровачны авіяцыйны полк, дыслакаваны на аэрадроме Катоўск каля мяжы з Румыніяй. Свой першы баявы вылет будучы маршал авіяцыі здзейсніў днём 22 чэрвеня 1941 года, адбамбіліся па калоне румынскіх войскаў.

Камандзір звяна 504-га штурмавога авіяпалка адразу ж вызначыўся ў баях падчас наступлення савецкага Паўднёва-Заходняга фронту. Дзясяткі танкаў, аўтамабіляў, перапраў ворага знішчыла звяно штурмавікоў пад камандаваннем Пстыга, і неўзабаве малады лётчык быў прызначаны камандзірам эскадрыллі.

Над руінамі Сталінграда

Вось як аб баях у Сталінградскім небе Іван Іванавіч расказвае ў сваіх мемуарах.

Неяк у сярэдзіне верасня 1942 года ўсіх лётчыкаў эскадрыллі, якой я камандаваў, выклікаў маёр Болдырыхін. Калі мы паўсталі перад ім, ён сказаў:

— Цяжкую мы сёння атрымалі задачу... Варожыя танкі прарваліся на вуліцы Саратаўскую і Камуністычную і разрэзалі нашу групоўку. Нам загадана знайсці гэтыя танкі і знішчыць... Задачу выконваць вам, таварыш Пстыга, — сказаў на заканчэнне Болдырыхін і загадаў рыхтавацца да вылету.

Ад гарадскога вакзала мы адшукалі Саратаўскую і Камуністычную вуліцы. Але дзе танкі?.. Зноў забіла трывога. Аднак ненадоўга. Танкі знайшлі ў цені дамоў, хутчэй, у цені таго, што засталося ад дамоў. Налічылі іх больш за дзясятак, дакладней лічыць не было калі...

Мы паслядоўна — па адным з баявога парадку круг — пікіравалі і штурмавалі танкі, з гармат і кулямётаў амаль ва ўпор абстрэльвалі адыходзячых фашыстаў. Атрымаўся сапраўдны вулічны бой штурмавікоў. І вось, бачу, задыміўся адзін танк, другі, трэці... Нас падбадзёрылі з зямлі: «Атакуеце добра! Яшчэ заход...» Хтосьці крыкнуў па радыё: «Адыходзяць! Адыходзяць!»

Сапраўды, уцалелыя танкі, прыкрываючыся дымам пажараў, пачалі адыходзіць. А мы працягвалі іх атакаваць. Усе лётчыкі зрабілі па восем заходаў, зрасходавалі ўсе бомбы, РСы, большую частку гарматных снарадаў. Баявую задачу мы выканалі бліскуча і без страт сваіх самалётаў.


Ну вось зрабілі пасадку. Ідзём дакладваць камандзіру палка Болдырыхіну. Памятаю, толькі я вымавіў словы:

— Таварыш маёр, старшы лейтэнант... 

Як ён даволі рэзка перапыніў даклад:

— Адставіць!

Я агледзеў сябе, паправіў абмундзіраванне і зноў:

— Таварыш маёр, старшы лейтэнант...

Тут Болдырыхін не стрымаў усмешкі і кажа:

— Іван Іванавіч, ды вы — капітан! — Ён цёпла павіншаваў мяне і іншых лётчыкаў групы з выкананнем задання.

Пазней нам стала вядома, што, пакуль мы вярталіся з баявога задання, камандуючы паветранай арміяй Цімафей Хрукін выклікаў на тэлеграф камандзіра нашай дывізіі палкоўніка Гарлачэнка і коратка перадаў, што група дзейнічала выдатна, і прасіў усім лётчыкам абвясціць падзяку. Затым Хрукін пацікавіўся: «Хто вадзіў групу?» Гарлачэнка адказаў: «Пстыга». «А хто ён у вас па пасадзе?» — «Камандзір эскадрыллі». «А па званні?» — «Старшы лейтэнант». — «Дык вось, ён — капітан!» Гарлачэнка падзякаваў камандарму, той пытаецца: «Чым узнагароджаны Пстыга?» «Ордэнам Чырвонага Сцяга». — «Неадкладна прадставіць усіх лётчыкаў групы да ўзнагароджання ордэнамі, а Пстыга — да самага вялікага ордэна»...

Пройдзе шмат гадоў. На юбілейных урачыстасцях 8-й гвардзейскай, былой 62-й арміі, я апынуўся побач з маршалам Чуйковым. Успамінаючы Сталінградскую бітву, Васіль Іванавіч паведаміў, як у вельмі цяжкі момант вулічных баёў у Сталінградзе яго войскам аказала дапамогу група штурмавікоў.

— Дзе гэтыя малайцы зараз? Ці застаўся хто з іх у жывых?.. — скончыў ён свае ўспаміны.

Я не ўтрымаўся і кажу:

— Ёсць жывыя!..

Чуйкоў здзівіўся:

— А ты адкуль ведаеш?

— Цвёрда ведаю, таварыш маршал. Бо вядучым, камандзірам гэтай групы, быў я.

Чуйкоў кінуўся да мяне, абдымае і кажа:

— Братка ты мой, няўжо гэта ты?!

Я мусіў паўтарыць прызнанне.


Пасяджэнне не адбылася

У 1965 годзе палітычнае кіраўніцтва ФРГ вырашыла правесці паседжанне заходнегерманскага бундэстага на тэрыторыі Заходняга Берліна. Было прынята палітычнае рашэнне двух ЦК — савецкага і ўсходнегерманскага яго сарваць, паколькі гэтае рэкламнае мерапрыемства не было прадугледжана ніводнай дамовай. На 7 красавіка 1965 года ў Заходнім Берліне, у Кангрэс-халле азначылі правядзенне пасяджэння. Дэпутаты туды з’ехаліся, прыляцеў старшыня бундэстага ФРГ Герстэнмаер. На аэрадроме ён сабраўся сказаць прамову, а ў гэты час над ім пара савецкіх знішчальнікаў перайшла на звышгук. Як бабахнулі — шыбы паляцелі. Герстэнмаер закрыў рот, пачакаў, пакуль сціхне грукат, зноў адкрыў рот — зноў гром. Спікер нырнуў у сваю машыну, паехаў у Кангрэс-халле.

— Палкоўнік Бабаеў, які спецыяльна за гэтым назіраў, зрабіў назіральную пляцоўку на даху суседняга дома і па тэлефоне мне дакладваў, — успамінае Іван Пстыга. — Таварыш камандуючы, на даху Кангрэс-халле чалавек сто сабралася, палова з трыногамі для фотаапаратаў і кінакамер! 

Я кажу: «Садзьмуць!» Пайшла чацвёрка Су-7Б камэска Сурніна. Гэты мог, вобразна кажучы, у адно вакно ўляцець, у другое вылецець. Падвёў самалёты ніжэй дамоў, а потым рэзка — у набор вышыні. Бабаеў тангенту тэлефона забыўся ў хваляванні адпусціць, я чую які раздзірае душу гук. «Здзьмуў?» — пытаю. «Як загадалі. На даху засталося тры трыногі». — «А людзі?» — «Кудысьці падзеліся, не ведаю».

Вынік «налёту» на Кангрэс-халле быў такі: трое памерлі ў зале, 18 чалавек адвезлі ў шпіталь, астатнія на «звышгукавой» хуткасці на машынах па прасёлкавых дарогах замест аўтабанаў уцякалі за мяжу.

Двойчы за час вайны родныя Пстыга атрымлівалі «пахаванку» на яго, але кожны раз ён заставаўся жывы і працягваў граміць ворага. Дзень Перамогі Іван Іванавіч разам з аднапалчанамі сустрэў у небе над Берлінам.

— Але вось зараз спыталі б мяне: які б абраў лёс? — прызнаўся журналісту маршал. — Калі б такое адбылося, адкажу: пачаў бы ўсё так, як пачынаў у маладосці! Я ганаруся, што лёс падарыў мне шчасце быць лётчыкам.

Сяргей Ручанаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю