Top.Mail.Ru

Чаму гэты сезон гістарычны для баскетбола і гандбола?

Вясна скончылася разам з чэмпіянатамі Беларусі сярод мужчынскіх каманд па гандболе і баскетболе. З кожным годам узровень унутраных чэмпіянатаў па гэтых папулярных відах спорту расце, прыцягваючы ўсё больш увагі. 


І кожны год вынік быў больш-менш прадказальным, хоць і не без інтрыгі. Але сезон 2024/2025 здзівіў і стаў без перабольшвання гістарычным. Пачнём з баскетбола. У фінале чэмпіянату Беларусі сустрэліся даўнія сапернікі — «Мінск» і «Гродна-93». Серыя атрымалася досыць напружанай і скончылася з вынікам 3:2 на карысць гродзенскіх баскетбалістаў. Каманда з горада над Нёманам спыніла «гегемонію» сталічных баскетбалістаў — «Мінск» нікому не аддаваў званне чэмпіёна краіны з 2009 года. А баскетбалісты «Гродна-93» апошні раз заваявалі «золата» ўнутранага чэмпіянату аж у 2004-м. Цяпер у іх актыве 9 тытулаў.

«Мы доўга ішлі да гэтай перамогі. Пяць матчаў у паўфінале, пяць — у фінале... Перад заключнай гульнёй нам трэба было проста супакоіцца: мы ведалі, у чым мацнейшыя за саперніка. Я вельмі рад, што мы выйгралі. Дзякуй балельшчыкам — яны былі шыкоўныя, як і заўсёды. Іх падтрымка вельмі дапамагала нам. У гэтым сезоне мы выйгралі і Кубак, і чэмпіянат Беларусі — атрымаўся добры год!» — падзяліўся ўражаннямі капітан «Гродна-93» Аляксей Трасцянецкі. Ён, дарэчы, быў прызнаны і найлепшым нападаючым чэмпіянату.

Серыя паміж гродзенскай і мінскай камандамі праходзіла ў сталіцы і ў Лідзе. І калі Мінск прывык да вялікіх спартыўных падзей, то райцэнтрам гэта пакуль у навіну. Проста зафіксуем для гісторыі: чэмпіянат Беларусі па баскетболе стаў больш непрадказальным і сапраўды народным.

Сенсацыяй скончыўся і мужчынскі чэмпіянат Беларусі па гандболе. Пачыналася таксама ўсё больш-менш традыцыйна. У фінале сустрэліся СКА-Мінск і «Мяшкоў-Брэст». Фінальная серыя расцягнулася на пяць матчаў і скончылася з вынікам 3:2 на карысць СКА-Мінск. Упершыню за 21 год сталічныя гандбалісты абыгралі брэсцкіх! Апошні раз СКА-Мінск станавіўся чэмпіёнам Беларусі ў 2002 годзе. Брэсцкія гандбалісты выйгравалі 11 чэмпіянатаў запар, усяго ў іх 16 тытулаў. Але «гегемонія» скончылася.

Гэта перамога — сапраўдны трыумф галоўнага трэнера СКА-Мінск Дзмітрыя Нікуленкава. Выхадзец з каманды, ён пасля заканчэння гульнявой кар’еры пачаў працаваць з хлопцамі, якія яшчэ нават не нарадзіліся ў той час, калі СКА апошні раз стаў чэмпіёнам Беларусі. І разам з імі напісаў новую прыгожую старонку ў гісторыі армейцаў. «Гэта перамога маладых хлопцаў, яны зрабілі вынік. Яны працавалі для трыумфу! Мы два гады падалі, падалі і яшчэ раз падалі, але падымаліся, падымаліся і яшчэ раз падымаліся. У нас змянілася палова каманды, аднак мы кожны раз трымаліся, спрабавалі нешта зрабіць. Я ганаруся сваімі хлопцамі, дзякуй ім вялікі», — не хаваў эмоцый Дзмітрый Нікуленкаў пасля перамогі з вынікам 29:27.

І хто пасля такіх гісторый скажа, што чэмпіянаты Беларусі — нецікавыя і прадказальныя?

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю