Top.Mail.Ru

Чаму глядзець мультфільмы карысна ўсёй сям’ёй?

Сярод васьмі праграм ХХХІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» анімацыйны конкурс мае сваю непаўторную танальнасць. Найперш таму, што мультфільмы падабаюцца ўсім: і дзецям, і дарослым. Плюс гэтае мастацтва дае прастору рэжысёрам з дапамогай захапляльных сюжэтаў і яркіх вобразаў герояў даносіць аўдыторыі важныя тэмы і пасылы. Праграма асноўнага конкурсу анімацыйных фільмаў (куды адабралі 50 работ з Расіі, Ірана, Францыі, Бельгіі, Швейцарыі і іншых краін) сёлета ў чарговы раз пацвердзіла, што кінафорум аб’ядноўвае ў нябачным дыялогу каля вялікага экрана людзей розных пакаленняў. Мы завіталі на паказы двух зборнікаў анімацыйнага конкурсу менавіта для ўзроставай катэгорыі 6+, каб даведацца, якія тэмы сёння хвалююць стваральнікаў такіх фільмаў, як яны ўвасабляюць свае ідэі, а таксама, ці можна такія мультфільмы разглядаць як цікавы варыянт для сямейнага адпачынку.


Знаходзіць новыя ракурсы

Першы зборнік, які прэзентавалі шырокай аўдыторыі ў рамках «Лістапада», меў назву «Хвастатыя, крылатыя і вусатыя». Кінагісторыі знаёмілі нас са светам жывёл, птушак і іншых жывых істот, якія насяляюць нашу планету. У гэты блок трапілі 8 рэжысёрскіх работ з Францыі, Швейцарыі, Бельгіі і Расіі.

— У нас у гэтым годзе дзве дзіцячыя праграмы: «Хвастатыя, крылатыя, вусатыя» і «Я адкрываю свет». Але ўсе мультфільмы зняты не проста так, а з мэтай расказаць пра штосьці добрае і важнае. Як правільна сябе паводзіць, каб не згубіцца, як важна цаніць дружбу, чаму трэба беражліва адносіцца і паважаць не толькі такіх, як мы самі, — адзначае праграмны дырэктар асноўнага конкурсу анімацыйных фільмаў ХХХІІ ММКФ «Лістапад» Канстанцін АНДРУШАЧКІН. — Аўтары здымаюць фільмы не проста дзеля прыгажосці і самавыяўлення, а з мэтай звярнуць увагу дзяцей на сапраўды важныя і актуальныя тэмы. І ўвасабляюцца гэтыя ідэі вельмі якасна, з добрай драматургіяй, з прыгожым візуальным радам. А значыць, дзеці не проста даведваюцца нейкую гісторыю, але яшчэ і бачаць прыгажосць.


Сапраўды, у кожным з васьмі фільмаў першага зборніка гледачы не толькі назіралі за сюжэтнымі перыпетыямі самых розных герояў, але і эмацыйна пражывалі разам з імі гісторыю іх узаемадзеяння. Так, анімацыйны фільм «Кажаны і казуркі» са Швейцарыі адкрывае нам свет, дзе побач суіснуюць матылькі, мухі, светлячкі і сямейства кажаноў. І вядома, апошнія палююць на першых — гэта закон прыроды. Але ўсё змяняецца ў адно імгненне, калі дзіця кажаноў вырашае выратаваць муху, светлячка і матылька ад перспектывы стаць абедам для бацькоў. А пасля кажаняці адкрываецца, што ў кожнай з гэтых казурак таксама ёсць жыццё з дзецьмі, пра якіх трэба клапаціцца, 
з сябрамі, якім яны дарагія... І гэта дае і гледачам нагоду паглядзець на жыццё і навакольных пад іншым ракурсам, а яшчэ і ўласным дзецям патлумачыць, што гісторыя кожнага па-свойму каштоўная і непаўторная ў гэтым свеце. І калі вам па сілах змяніць яе да лепшага, то трэба дзейнічаць.

Барацьба і перамога непрадказальныя

Мультфільм з Расіі «Калі мы былі травой» рэжысёра Кацярыны Курычавай ужо (што характэрна для многіх кінастужак «Лістапада») паспеў гучна заявіць пра сябе і на іншых кінафорумах. Так, летам ён узяў «Залатую малпу» ў Ханчжоу на Міжнародным фестывалі анімацыі і коміксаў (CІCAF). Прычым гэта першая работа расійскага рэжысёра, якая адзначана на кінафоруме такой узнагародай за ўсю гісторыю яго існавання. Ці ўдасца з такім жа поспехам фільму скарыць і сэрцы міжнароднага журы ў Мінску, пакуль невядома. Але гледачы віталі яго па-сапраўднаму цёпла. Бо мультфільм належыць да тых анімацыйных гісторый, за праглядам якіх пражываеш самыя розныя эмоцыі — ад хвалявання і суму да радасці і шчырага смеху. Выкананая ў тэхніцы маляванай 3D-анімацыі кінастужка захапляе сваім сюжэтам і каларытам увагу гледача. Ён з цікавасцю назірае за жыццём чатырох пучкоў травы. З вясны да зімы паказана, як яна расце, знаходзіць сяброў, вывучае свет, трапляе нават у прыгоды, часам дакучае старому дубу, які, здаецца, марыць толькі аб цішыні. І ў экранным сюжэце так лёгка пазнаць просты і нават досыць распаўсюджаны жыццёвы сюжэт людзей.

Падобныя аналогіі глядач мог счытваць у кожным анімацыйным фільме, што і не дзіўна, бо законы існавання вельмі падобныя ў людзей і ў прыроды. А вось другі блок мультфільмаў для самых юных аб’яднаў у сябе гісторыі пад назвай «Я адкрываю свет». Сюды ўвайшло шэсць анімацыйных работ ад рэжысёраў з Ірана, Іспаніі, Мексікі і Расіі. Кожную з кінастужак зборніка можна і варта разглядаць дасканальна і ўдумліва, таму спынімся на некаторых. Напрыклад, фільмы «Уцёкі ў Свет Летуценняў» (рэж. Рэмі Дзюрэн, Францыя, Бельгія) і іранскі «Першы дзень» (рэж. Хасэйн Мойн ) аб’ядноўвае тэма дзіцячых страхаў. Праўда, у першым выпадку ён звязаны з выхадам на сцэну 
ў школьным спектаклі, а ў другім паказвае яго маштаб у свядомасці дзіцяці, якое ідзе ў першы клас. А вось кінастужкі «Мона» іспанскага рэжысёра Альмудэні Монсу і мексіканская «Прагулка для Эміліа» (рэж. Мігель Анайя Борха) ужо дазваляюць разам з героямі даследаваць тэмы, наколькі рознымі могуць быць сем’і, ці можа рэальнае жыццё (няхай і ўбачанае з аўто таксі) адкрыцца больш цікавым за яго віртуальныя варыянты...

— У мінулыя гады я ўдзельнічаў у «Лістападзе» як канкурсант, а сёлета ўпершыню — у журы. І анімацыйная праграма мае свае асаблівасці, — падзяліўся сцэнарыст, рэжысёр, мастак-аніматар, член журы анімацыйнага конкурсу ХХХІІ ММКФ «Лістапад» Дзмітрый УЛАСАЎ. — Яна вельмі разнастайная: 

і па ўзроўню выканання, і па светапогляду аўтараў і іх прафесійнаму майстэрству. Ёсць як дэбютанты, так і прафесіяналы, але ўсе змагаюцца на роўных. І гэта незвычайна, у тым ліку і для судзейства. Таму тут можа перамагчы любы.

Алена ДРАПКО
Фота з адкрытых крыніц


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю