Дырэктар Індыйскага культурнага цэнтра ў Мінску Каран ПАРАКХ у Беларусі жыве 11 гадоў. Тут ён знайшоў сваё каханне, гадуе сына і дачку, распачаў любімую справу, будуе планы на будучыню. «Я сачу, як Беларусь прыгажэе, развіваецца эканамічна. Нават за тыя гады, што я тут знаходжуся, яна прыкметна змянілася. Гэта бачна ў інфраструктуры, разнастайным асартыменце на прылаўках крам. На сто працэнтаў упэўнены, што краіна мае багаты патэнцыял і магчымасці для далейшага інтэнсіўнага росту».
Два вяселлі
«Я ніколі не думаў, што ў 29 гадоў кардынальна змяню сваё жыццё», — прызнаецца ён. Са сваёй абранніцай ён пазнаёміўся ў інтэрнэце. Вольга пасля паездкі ў Індыю спрабавала больш пра яе даведацца, а Каран цікавіўся, як замежныя госці ўспрымаюць яго краіну. З гэтай адкрытасці, жадання пазнаваць свет і пачалася гісторыя іх кахання. Яны ездзілі адзін да аднаго ў госці, а пасля было два вяселлі — у Індыі і ў Беларусі.
«Традыцыі, рытуалы для мяне шмат значаць, — дзеліцца мой суразмоўца. — Я разумею, што яны важныя і для Вольгі, і для яе сваякоў. Я ўбачыў, што беларусы захоўваюць сямейныя каштоўнасці, павагу да старэйшых».
Калі трэба было вырашаць, дзе маладым далей жыць, яны выбіралі паміж Індыяй і Беларуссю. «Мы разумелі, што для нас адкрыты ўвесь свет, былі прапановы трэціх краін, але мы былі цвёрда ўпэўнены, што трэба быць там, дзе ёсць блізкія нам людзі, нашы карані», — тлумачыць Каран.
Маладыя вырашылі першы год пажыць у Беларусі, паглядзець, як усё ў іх складзецца. Каран тады зусім не валодаў рускай мовай, аднак інтэнсіўна займаўся яе вывучэннем і праз пару месяцаў ужо мог чытаць шыльды, а праз пяць месяцаў — размаўляць. А сёння прызнаецца, што адчувае сябе
напалову беларусам. Разам са сваякамі Вольгі садзіць бульбу. Палюбіў дранікі, стравы з хрэнам, макарону з лісічкамі. Дарэчы, яму спадабалася збіраць грыбы і ягады ў лесе...
Побач з правільнымі людзьмі
Каран Паракх добра памятае першы візіт у Беларусь, калі ён прыехаў у госці да сваёй абранніцы: «Быў кастрычнік, ужо халадала, але, як сёння помню, якой прыгожай была тая восень з яе жоўтай лістотай!..»
Гэта была для яго зусім незнаёмая краіна, з іншым кліматам, менталітэтам і нават рытмамі. Пасля шумнага Дэлі яго ўразіла, як у Мінску мала людзей. Раней на фатаграфіях ён бачыў, што ў Беларусі багата прыгожых мясцін — хацелася на свае вочы ўсё ўбачыць: «Мы гулялі з Вольгай на Нямізе і каля ГУМа, выязджалі ў Нясвіж. Даводзілася шмат хадзіць пешшу, што для мяне нязвыкла. Я ў Індыі ніколі столькі не хадзіў: там жа ў мяне былі машына, скутар, плюс паўсюль рыкшы».
Новым для яго было і тое, што ў крамах трэба самім шукаць тавар, а ў Індыі падаюць тое, што просіш. Ён захапляўся чысцінёй, дысцыплінай, парадкам: «Тут не чакаюць, пакуль нешта разваліцца, каб пасля рамантаваць. Калі крыху нешта не так, пачынаецца рамонт ці прыборка».
Каран прызнаецца, што цэніць камфорт, і таму яму так падабаецца жыць у дагледжанай акуратнай краіне, побач з цудоўнымі людзьмі: «Мяне заўсёды здзіўляла, як сябе вядуць беларусы, наколькі яны, так бы мовіць, правільныя. Гэта паводзіны ў грамадскіх месцах, адносіны да іншых, павага да кожнага, спагадлівасць. І гэта не толькі ўнутры краіны — калі беларусаў сустракаеш у іншых краінах, іх ні з кім не зблытаеш!»
А яшчэ ён заўважыў, што беларусы не могуць сядзець без справы. Нават у вольны час, калі можна адпачыць: то за рамонт возьмуцца, то на дачы корпаюцца. «Я — гарадскі жыхар, і для мяне было новым, што людзі самі вырошчваюць агародніну. Мне спадабалася. Гэта цудоўна, калі ёсць уласныя прадукты, закруткі. У Індыі таксама багата марынаванай садавіны і агародніны, але часцей яны робяцца ў алеі».
Калі адрозненні збліжаюць
Каран Паракх заўважае, што Беларусь і Індыю звязваюць шматгадовыя сувязі. Невыпадкова адна з мінскіх плошчаў названа у гонар індыйскага горада Бангалор, пятага па велічыні ў гэтай краіне і вядомага як «індыйская
Сіліконавая даліна» дзякуючы высокай канцэнтрацыі ІТ-кампаній і структур нацыянальнай касмічнай галіны. Таксама яго называюць «горадам садоў» з-за багацця паркаў і зеляніны. У сваю чаргу адна з плошчаў Бангалора названа ў гонар Мінска. З 1986 года гарады з’яўляюцца пабрацімамі.
Каран зацікавіўся, чаму ў народаў Беларусі і Індыі, такіх розных, ёсць падобныя святы, звязаныя з культам агню, і чаму многія словы ў мовах аднолькавыя па гучанні. Ці не сведчыць гэта пра ўзаемадзеянні розных народаў, абмен інфармацыяй? Таму, калі ў Мінску ён адкрываў Індыйскі культурны цэнтр, найперш хацеў падзяліцца тымі назапашанымі яго народам ведамі, якія жыхары Беларусі могуць выкарыстаць для сябе, напрыклад, для захавання здароўя ці прыгатавання ежы.
Каран не раз праводзіў кулінарныя майстар-класы, у тым ліку на Беларускім тэлебачанні. Адзін з рэцэптаў, з якім ён знаёміць, датычыцца прыгатавання бульбы. У Індыі гэты прадукт таксама вельмі папулярны, але пры дапамозе спецый можна моцна змяніць яго смак.
А яшчэ Каран Паракх хоча пераадолець стэрэатыпы пра Індыю, паказаць, якая яна шматгранная, сучасная. Наколькі гэта вялікая краіна, сведчыць нават тое, што ў розных рэгіёнах — свой клімат: у адзін і той жа час у адным месцы можа быць +35 градусаў, а ў іншым — ляжыць снег.

Карану падабаецца, што ў апошнія гады Беларусь усё больш наладжвае супрацоўніцтва з краінамі Азіі. Ён спадзяецца, што культурны цэнтр, які ён адкрыў у Мінску, можа быць карысным у гэтым кірунку. Калі людзі будуць разумець культуру і больш чуць пра сучасную Індыю, гэта стане своеасаблівым арыенцірам, у тым ліку і для бізнесу. Так прасцей знайсці агульную мову з партнёрамі, зразумець, у якім кірунку развіваць узаемаадносіны.
«Мы праводзім семінары, майстар-класы, розныя мерапрыемствы. У нас вывучаюць хіндзі. Цэнтр гатовы працаваць і ў эканамічным кірунку. Да нас звяртаюцца з рознымі пытаннямі беларускія турыстычныя фірмы, ІТ-кампаніі, у камандзе якіх ёсць спецыялісты з Індыі», — расказвае Каран.
Знаёмства з нейкімі асаблівасцямі можа быць карысным пры наладжванні гандлёвых сувязяў. Індыя — адна з самых багатых вытворцаў малака, але там і вялікі попыт на такую прадукцыю. Каран мяркуе, што і для Беларусі магло б знайсціся месца на гэтым буйным рынку. Напрыклад, туды можна было б пастаўляць сухое малако і асобныя прадукты, якіх там няма. Яму асабіста падабаюцца нашы кефір і сыркі. У Індыі няма такой разнастайнасці па тварагу і сырам. Ён упэўнены, што трэба далей развіваць гандаль угнаеннямі і тэхнікай, прычым не толькі сельскагаспадарчай, але і «БелАЗамі»: «Вы б бачылі, якія вялікія ў Індыі кар’еры па здабычы мармуру!»
У Беларусі Каран знаёміць людзей з Індыяй, а калі бывае на сваёй радзіме, то расказвае там пра нашу блакітнавокую краіну, дзе яму ўтульна і спакойна.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота з архіва героя