Top.Mail.Ru

Чаму краіны Балтыі і Польшча вырашылі замініраваць свае межы

Чатыры ўсходнееўрапейскія краіны выйшлі з Атаўскай канвенцыі. Якую небяспеку гэта нясе?



Краіны Балтыі, Польшча выйшлі з Канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мін. Прычынай яны назвалі пагрозу з боку Расіі. Масква заявіла, што гэтае рашэнне прывядзе да далейшай эскалацыі напружанасці ў рэгіёне.

Яшчэ 18 сакавіка Латвія, Літва, Эстонія і Польшча (пакінем у дужках таксама Фінляндыю, якая паступіла аналагічна) заявілі аб выхадзе з Атаўскай канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мін. Сваё рашэнне яны матывавалі тым, што з моманту ратыфікацыі гэтага дакумента сітуацыя з бяспекай у Еўропе пагоршылася, а ваенныя пагрозы краінам НАТА, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю, «значна ўзмацніліся».

«У святле гэтай нестабільнай абстаноўкі, адзначанай расійскай агрэсіяй і яе працяглай пагрозай еўра-атлантычнай супольнасці, жыццёва важна ацаніць усе меры па ўмацаванні нашых магчымасцяў стрымлівання і абароны, — гаворыцца ў сумеснай заяве міністраў абароны чатырох краін, якія прапанавалі свайму кіраўніцтву выйсці з Атаўскай канвенцыі. — Гэтым рашэннем мы пасылаем выразны сігнал: нашы краіны гатовыя і могуць выкарыстоўваць усе неабходныя меры для абароны нашай тэрыторыі і свабоды». У дакуменце, аднак, падкрэсліваецца, што чатыры краіны застаюцца адданыя гуманітарнаму праву, у тым ліку і абароне грамадзянскіх асоб падчас узброенага канфлікту.

Канвенцыя аб забароне прымянення, назапашвання запасаў, вытворчасці і перадачы супрацьпяхотных мін і аб іх знішчэнні (Атаўская канвенцыя) была падпісана 3 снежня 1997 года ў Атаве, набыла сілу ў 1999-м. Яе ўдзельнікі абавязваюцца не прымяняць, не распрацоўваць, не вырабляць, не набываць, не назапашваць, не захоўваць і не перадаваць іншым бакам супрацьпяхотныя міны; яны абавязаны на працягу чатырох гадоў пасля таго, як дакумент уступіць для іх у сілу, знішчыць усе свае запасы гэтых боепрыпасаў. Удзельнікі таксама павінны штогод паведамляць аб сваіх запасах, ходзе праграм іх знішчэння і аб усіх замініраваных супрацьпяхотнымі мінамі раёнах.

мины.jpg

Да канвенцыі сёння далучыліся 164 краіны. Латвія ратыфікавала дакумент у 2005 годзе, Літва — у 2003-м, Эстонія — у 2004-м, Польшча — у 2012-м. З краін—удзельніц Атаўскай канвенцыі 94 поўнасцю знішчылі свае запасы супрацьпяхотных мін. Свае абавязкі знішчыць міны не выканалі Украіна (у 2024 годзе ў яе было 3,3 млн мін) і Грэцыя.

Выхад з канвенцыі дазволіць краінам Балтыі і Польшчы аднавіць вытворчасць супрацьпяхотных мін, растлумачыў міністр абароны Латвіі Андрыс Спрудс. «Мы павінны быць гатовы да таго, што Расія будзе працягваць уяўляць пагрозу нашаму рэгіёну, незалежна ад зыходу вайны Расіі на Украіне», — напісаў ён у сацсетцы X, адзначыўшы, што выхад з канвенцыі накіраваны на ўмацаванне межаў чатырох краін. 

Перш чым рэкамендаваць такую меру, удакладніў Спрудс, міністэрства абароны Латвіі і яе ўзброеныя сілы прааналізавалі эфектыўнасць супрацьпяхотных мін, пазіцыі саюзнікаў, а таксама магчымую пакупку і вытворчасць гэтых боепрыпасаў. «Падчас ацэнкі была зроблена выснова аб магчымасці развіцця вытворчасці супрацьпяхотных мін у Латвіі і краінах рэгіёна. Неабходныя магчымасці ёсць у латвійскай прамысловасці, у рэспубліцы развіта металаапрацоўка. Рэгіянальны падыход дазволіць знізіць залежнасць ад замежных паставак, асабліва пры вытворчасці выбуховых рэчываў і боегаловак», — гаворыцца ў паведамленні латвійскага абароннага ведамства.

Польшча таксама плануе вырабляць міны самастойна: як заявіў намеснік міністра абароны Павел Бэйда, у планах выпусціць 1 млн штук, рабіць гэта будуць заводы Польскай зброевай групы (дзяржаўны холдынг, які аб’ядноўвае дзясяткі абаронных кампаній). Размяшчаць міны плануецца ў рамках ініцыятывы «Усходні шчыт», накіраванай на стварэнне ў краіне прыгранічных умацаванняў. «У нас няма выбару. Сітуацыя на мяжы сур’ёзная. Гаворка ідзе пра польска-беларускую і польска-расійскую межы», — сказаў Бэйда.

мины2.jpg

Міністэрства абароны Літвы дадаткова звярнула ўвагу, што Расія ў Атаўскай канвенцыі не ўдзельнічае. «У яе велізарныя запасы супрацьпяхотных мін, якія яна актыўна выкарыстоўвае супраць Украіны, якая падпісала Атаўскую канвенцыю, — гаворыцца ў заяве ведамства. (Кіеў далучыўся да яе ў 2005 годзе, а ў 2024-м ЗША адобрылі пастаўкі Украіне супрацьпяхотных мін. ААН паведаміла, што Кіеў выкарыстоўвае гэтыя боепрыпасы на полі бою).

Эстонія выходзіць з канвенцыі «ў знак рэгіянальнай салідарнасці», але выкарыстоўваць супрацьпяхотныя міны не плануе. «Вядома, Эстонія і нашы рэгіянальныя саюзнікі застаюцца адданымі захаванню міжнароднага гуманітарнага права і абароне грамадзянскага насельніцтва нават пасля выхаду з Атаўскай канвенцыі», — запэўніў міністр абароны рэспублікі Хана Пеўкур. У снежні 2024 года, калі гэтую тэму абмяркоўвалі ў эстонскім парламенце, абароннае ведамства рэспублікі заявіла, што выходзіць з канвенцыі не трэба. Пеўкур назваў гэты від узбраенняў «састарэлым і дурным» і прапаноўваў разгледзець альтэрнатыўныя сродкі — у прыватнасці, беспілотнікі і касетныя бомбы.

Як гэтае рашэнне ацаніла Масква

У Расіі заявілі, што рашэнне краін Балтыі і Польшчы «непазбежна прывядзе да далейшай эскалацыі напружанасці ў Еўропе і дэградацыі сітуацыі ў галіне рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі», і паабяцалі крокі ў адказ. «Краіны Захаду гатовыя адмовіцца ад міжнародна-прававых абавязацельстваў літаральна ў любую секунду, тады, калі ім уздумаецца, калі ім гэта выгадна і спатрэбіцца. Яны абсалютна не турбуюць сябе ў пошуку важкіх і адэкватных аргументаў для абгрунтавання такіх дзеянняў. Зрабілі заяву і «вышлі», — сказала прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава.

Расія таксама выйшла з дамоўленасцей, прадоўжыла яна, «але гэта былі крокі ў адказ на разбурэнне гэтых дамоўленасцей або на выхад з іх іншых удзельнікаў». «Калі мы рабілі падобныя крокі, мы заўсёды іх аргументавалі, праводзячы спецыяльныя канферэнцыі, брыфінгі ці даючы поўнафарматныя тэкставыя тлумачэнні з лічбамі, датамі, фактамі і гэтак далей, — заявіла яна. — І ў першым, і ў другім выпадку мы заўсёды рабілі максімум для прадухілення падобнага развіцця падзей.

Мы прэвентыўна працавалі над захаваннем дамоўленасцей. Толькі тады, калі яны разбураліся не намі, а іншымі ўдзельнікамі, мы аб’яўлялі пра ўласныя рашэнні».

Масква сцвярджае, што падзяляе мэты і задачы Атаўскай канвенцыі, але далучэнне да яе лічыць немэтазгодным. «Проціпяхотныя міны застаюцца эфектыўным і малазатратным сродкам забеспячэння бяспекі працяглых расійскіх межаў» — так краіна матывавала сваю адмову ад удзелу ў пагадненні.

«Канвенцыя яшчэ пры яе распрацоўцы не вельмі падабалася расійскаму боку. Аргумент нашых ваенных быў такі: нашы межы вельмі працяглыя, суседзі не заўсёды дружалюбныя, таму для таго, каб іх цалкам засцерагчы, акрамя нейкіх электронных сэнсараў, нам патрэбныя і супрацьпяхотныя міны, — растлумачыў вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага даследчага інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін імя Я. М. Прымакова Расійскай акадэміі навук Віктар Мізін. — Такую пазіцыю Расія захоўвае да гэтага часу з улікам таго, што выклікі яе бяспекі не слабеюць. У нашых балтыйскіх суседзяў логіка такая ж. Але я не думаю, што для Расіі гэта нейкая пагроза, бо ўпэўнены, што нападаць на гэтыя краіны яна не збіраецца, пра што было заяўлена на ўсіх аўтарытэтных узроўнях».

Што кажуць у Мінску?

Рэальнай прычынай выхаду Польшчы, Фінляндыі і краін Балтыі з Атаўскай канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мін з’яўляецца так званая пагроза з боку Саюзнай дзяржавы (СД) Расіі і Беларусі, якая ўнушаецца жыхарам гэтых дзяржаў. Такое меркаванне выказаў начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва—памочнік міністра абароны Беларусі па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Валерый Равенка.

«Якія ж рэальныя прычыны раптоўнага выхаду еўрапейскіх дзяржаў, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю, з Атаўскай канвенцыі? Відавочна, што кіраўніцтву гэтых краін неабходна бесперапынна пераконваць сваіх выбаршчыкаў у росце ўяўнай ваеннай пагрозы з боку Саюзнай дзяржавы. Прыходзіцца дэманстраваць крайнюю заклапочанасць нацыянальнай бяспекай і актыўнае супрацьдзеянне „пагрозе з Усходу“, нястомна задавальняць апетыты ваеннай машыны, якія растуць ва ўрон іншым артыкулам расходаў бюджэту», —гаворыцца ў артыкуле Равенкі, апублікаваным у газеце Міністэрства абароны «Белорусская военная газета. Во славу Родины».

Паводле яго слоў, непазбежным стала і з’яўленне кола асоб, якія разлічваюць на хуткі прыбытак ад мілітарызацыі і лабіруюць паскоранае стварэнне ваенных вытворчасцей. «Акрамя таго, узнікла добрая магчымасць запрасіць такое неабходнае дадатковае фінансаванне пад канкрэтны „праект“ у Еўрапейскага саюза і НАТА. Імгненная выгада быццам бы ў наяўнасці», — указаў Равенка.

Пры гэтым ён прывёў меркаванне экспертаў, якія даказалі, што абараніць межы дзяржавы можна з дапамогай іншых сучасных сродкаў, якія не забаронены Атаўскай канвенцыяй і не наносяць грамадзянскаму насельніцтву шкоду невыбарчага характару.

«Тым больш, што па факце працягласць межаў НАТА на ўсходзе не вылічаецца дзясяткамі тысяч кіламетраў, а для іх узмацнення ўжо і так былі прыняты беспрэцэдэнтныя меры. Ці варта казаць, што гучнае папулісцкае рашэнне аб выхадзе з Атаўскай канвенцыі быццам бы невялікай колькасці дзяржаў прывядзе да вельмі сур’ёзных гуманітар наступстваў, а таксама стане чарговым трыгерам для разбурэння іншых міжнародных дамоўленасцей у сферы раззбраення і кантролю над узбраеннямі?» — адзначыў начальнік дэпартамента.

Па меркаванню спецыялістаў, праблему ў гэтым пытанні ўяўляе і тое, што міны могуць заставацца ў месцах закладкі і пасля завяршэння канфлікту — нават дбайнае размініраванне тэрыторыі не гарантуе іх поўную нейтралізацыю, таму і ў мірны час на іх працягваюць падрывацца. 

мины3.jpg

Па дадзеных Landmine Monitor 2024 (штогадовая справаздача, якая рыхтуецца экспертамі Міжнароднага руху за забарону супрацьпяхотных мін ICBL і Кааліцыі па касетных боепрыпасах CMC), у 2023 годзе сама меней 5757 чалавек былі параненыя і забітыя мінамі, пакінутымі пасля войн; больш за ўсё ахвяр — 1003 — было зарэгістравана ў М’янме. 84% пацярпелых прыпадае на грамадзянскае насельніцтва, з іх больш за трэць складаюць дзеці.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю