У 1997 годзе была прынята Канвенцыя аб забароне прымянення, накаплення запасаў, вытворчасці і перадачы супрацьпяхотных мін і аб іх знішчэнні (Атаўская канвенцыя).
Яна ўступіла ў дзеянне 1 сакавіка 1999-га. Удзельнікамі глабальнага дагавора з’яўляюцца 164 краіны. Паводле ацэнак Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, гэты від узбраенняў прыводзіць да вялікай колькасці ахвяр сярод мірнага насельніцтва і працягвае ўяўляць небяспеку яшчэ доўгія гады пасля завяршэння ваенных дзеянняў. Па звестках Landmіne Monіtor 2024 (штогадовая справаздача, якая рыхтуецца экспертамі Міжнароднага руху за забарону супрацьпяхотных мін ІCBL і Кааліцыі па касетных боепрыпасах CMC), у 2023 годзе сама меней 5757 чалавек былі паранены і забіты мінамі, якія засталіся пасля войнаў. Больш за ўсё ахвяр — 1003 — было зарэгістравана ў М’янме. 84 % пацярпелых прыпадае на грамадзянскае насельніцтва, з іх больш за трэць складаюць дзеці. Як паведаміў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, усяго ў свеце цяпер 100 мільёнаў чалавек жывуць пад пагрозай выбуху. «Супрацьпяхотныя міны ўяўляюць сабой рэальную небяспеку для грамадзянскага насельніцтва. Нават пасля спынення баявых дзеянняў гэтая жахлівая і невыбіральная зброя можа трымаць у страху пакаленні людзей», — адзначыў Гутэрыш. Ён заклікаў краіны далучацца да Атаўскай канвенцыі, каб разам «стварыць бяспечную будучыню».
Адабрэнне з паскарэннем
Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай канвенцыі з 1 сакавіка 2004 года. У мэтах выканання сваіх абавязацельстваў па гэтым дакуменце наша краіна поўнасцю знішчыла запасы мін, якія засталіся ад Савецкага Саюза (больш чым 3,5 млн мін тыпу ПФМ-1 і каля 300 тыс. супрацьпяхотных мін тратылавага напаўнення). Поўнае выкананне Беларуссю абавязацельстваў па Атаўскай канвенцыі было забяспечана да красавіка 2017-га.
Аднак улады шэрагу еўрапейскіх дзяржаў скіраваны зусім не на мір. 18 сакавіка кіраўнікі Мінабароны Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі зрабілі сумесную заяву аб тым, што яны рэкамендавалі сваім урадам выйсці з Атаўскай канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мін. Пазней да іх далучылася і Фінляндыя. Літаральна на наступны дзень, 19 сакавіка, Мінабароны Польшчы паведаміла аб планах задзейнічаць супрацьпяхотныя міны ў якасці элемента абарончых умацаванняў «Усходні шчыт» на граніцах з Беларуссю і Расіяй. Пра такі ж крок пасля заявіла і абароннае ведамства Літвы.
Адабрэнне на «крывавую заслону» прыбалтыйскія ўлады арганізавалі з паскарэннем. 24 красавіка прэзідэнт Латвіі Эдгар Рынкевіч зацвердзіў закон аб выхадзе з Атаўскай канвенцыі. У гэты ж дзень ідэнтычны законапраект ухваліў урад Эстоніі. Напярэдадні рашэнне аб выхадзе з канвенцыі было аднагалосна падтрымана літоўскім сеймам. Прэзідэнт Латвіі заявіў, што засакрэціць планы па размяшчэнні супрацьпяхотных мін на граніцы. На пытанне журналістаў аб магчымых ахвярах сярод людзей і дзікіх жывёл Эдгар Рынкевіч цынічна заўважыў, што «пытанні нацыянальнай бяспекі застаюцца прыярытэтам».
Курс на канфрантацыю
Як адзначыла афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава, замест мер па зніжэнні напружанасці Літва, Латвія, Эстонія і Польшча працягваюць курс на канфрантацыю, спрыяюць эскалацыі напружанасці на еўрапейскім кантыненце. Аб гэтым паведаміла газета «Известия». «Усё гэта зроблена, зразумела, у інтарэсах НАТА», — падкрэсліла Марыя Захарава. Яна адзначыла, што нядаўняя сумесная заява балтыйскіх краін і Польшчы аб выхадзе з канвенцыі накіравана на развіццё ўзаемадзеяння з вытворцамі супрацьпяхотных мін з ЗША. Паводле слоў дыпламата, плануецца выкарыстанне снарадаў для стварэння мінных палёў на ўсходнім флангу НАТА і для паставак ва Украіну.
У Расіі заявілі, што рашэнне краін Балтыі і Польшчы «непазбежна прывядзе да далейшай эскалацыі напружанасці ў Еўропе і дэградацыі сітуацыі ў галіне рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі», і паабяцалі крокі ў адказ. «Краіны Захаду гатовы адмовіцца ад міжнародна-прававых абавязацельстваў літаральна ў любую секунду, тады, калі ім уздумаецца, калі ім гэта выгадна і спатрэбіцца. Яны абсалютна не турбуюць сябе пошукам важкіх і адэкватных аргументаў для абгрунтавання такіх дзеянняў. Зрабілі заяву і «выйшлі», — заўважыла Марыя Захарава.
Быць напагатове
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заўважыў, што «яшчэ 20 гадоў таму, калі гэтыя дзяржавы далучаліся да Атаўскай канвенцыі (інтэрнэт памятае ўсё), колькі было заяў з боку палітыкаў гэтых дзяржаў, што яны павінны прытрымлівацца найвышэйшых стандартаў гуманістычнага свету, поўнасцю садзейнічаць спыненню ўзбраення супрацьпяхотнымі мінамі, раззбройвацца самім, дапамагаць іншым, што гэта нейкі найвышэйшы стандарт гуманнасці ў свеце». «Нават Літва па лініі адпаведных праграм разам з Канадай дапамагала Беларусі знішчаць нашы запасы мін. А польскія палітыкі казалі, што, калі мы не далучымся да канвенцыі, на нас будзе вельмі дрэнна глядзець увесь свет», — адзначыў міністр.
Максім Рыжанкоў звярнуў увагу, што цяпер самі гэтыя краіны ўстанаўліваюць міны, і перасцярог ад наступстваў: «Калі міна дзесьці стаіць, то чакайце ахвяр сярод ці дзікіх жывёл, ці мігрантаў, ці бежанцаў, ці нават мясцовага насельніцтва. Вось такая „гуманістычная“ сутнасць гэтых урадаў сёння».
Міністр заявіў, што Беларусі ў гэтых умовах трэба быць напагатове, але не ісці на мілітарызаваныя падыходы па прыкладзе гэтых жа краін. «Мы ў гэтай гонцы ўзбраенняў не атрымаем поспеху. Але некаторыя формы супрацоўніцтва з нашымі найбліжэйшымі партнёрамі, саюзнікамі — з Расіяй — па ядзерным стрымліванні, стрымліванні балістычнай зброяй мы робім, — падкрэсліў кіраўнік МЗС. — Гэта значна танней і больш эфектыўна».
У тэму
«Варта ўспомніць урокі Вялікай Айчыннай вайны»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 Мая, падчас выступлення на ваенным парадзе ў Мінску, прысвечаным 80-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, заклікаў палітыкаў і народы заходніх краін прыгадаць яе гістарычныя ўрокі.
Прэзідэнт адзначыў, што Еўрасаюз, які ствараўся як палітычнае і эканамічнае аб’яднанне, фактычна трансфармаваўся ў таталітарны ваенна-палітычны блок адкрыта рэваншысцкіх настрояў. Брусель планамерна ператварае тэрыторыі Польшчы і прыбалтыйскіх краін у зыходныя раёны для атакі на ўсходніх рубяжах Паўночнаатлантычнага блока. У год 80-годдзя Вялікай Перамогі Еўрасаюз мае намер узняць аб’ёмы ваенных асігнаванняў да ўзроўню вышэй за 3 % ад ВУП. Варшава і Вільнюс маюць намер паставіць на граніцы з Беларуссю і Расіяй мінна-выбухныя загароды.
«Таму сёння перад абліччам жахлівай пагрозы еўрапейскага фашызму, які адраджаецца, мы заклікаем успомніць урокі Вялікай Айчыннай вайны. Вось для чаго нам патрэбна сёння гэтая Перамога і ўшаноўванне тых герояў. Мы заклікаем усіх: і палітыкаў, і лідараў, і народы заходніх краін», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Але не варта памылкова разумець мірную рыторыку Беларусі. «Так, мы заклікаем да міру. Так, мы ўсім сэрцам жадаем спыніць усе войны і канфлікты на планеце. Але мы рабілі і будзем рабіць усё неабходнае і нават больш для ўмацавання абароннага патэнцыялу краіны, падтрымання баяздольнасці Узброеных Сіл на ўзроўні, які надзейна забяспечвае абарону суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці беларускай дзяржавы, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы больш пад бізуном і ў лапцях хадзіць не хочам і не будзем! Беларуская армія — галоўная апора, наш надзейны шчыт».