У гэтым мы ўпэўніліся падчас знаёмства з галоўным ветурачом СУП «АграПаўлава» Слонімскага раёна Ангелінай СУМАРУК. Яна прыехала сюды па размеркаванні і засталася: ужо чатыры гады працуе ў гаспадарцы і адчувае, што знайшла сваё месца.
«Наш чалавек!»
Сельгаспрадпрыемства спецыялізуецца на малочна-мясной вытворчасці, тут створаны малочнатаварны комплекс і 6 ферм па адкорме бычкоў. Штодня Ангеліна сярод
сваіх падапечных рагуль. Іх агульная колькасць — 4312 галоў, у тым ліку 790 — дойнае стада.
— Жыллё далі. Заробак добры. Яна ў нас і ў прафсаюзе задзейнічана, і ва ўсіх мерапрыемствах. Актыўная, хваткая, да людзей можа знайсці падыходы, пагаварыць, накіраваць. Наш чалавек! — дае характарыстыку маладому спецыялісту брыгадзір Аляксандр ГУРБО.
Дарэчы, вырасла дзяўчына ў Слоніме, з яе сваякоў у сельскай гаспадарцы дагэтуль ніхто не працаваў. Сама яна выбрала жыццё ў аграгарадку. Аднак сумаваць па горадзе не прыходзіцца — пры жаданні даехаць туды можна за 15–20 хвілін.
«Для годнага жыцця ў вёсцы ёсць усе ўмовы»
Моладзі, якая толькі выбірае будучую прафесію ці месца працы, Ангеліна раіць больш пільна прыгледзецца да Слонімшчыны. У тым жа СУП «АграПаўлава» ёсць шмат магчымасцяў сябе праявіць: гаспадарка развіваецца, нядаўна адкрыўся новы комплекс па адкорме бычкоў, хутка яшчэ адзін аб’ект увойдзе ў эксплуатацыю. Для добрых і адказных спецыялістаў тут створаны ўсе ўмовы, каб расці, што, у сваю чаргу, адбіваецца на даходах.

Рэгіён увогуле вельмі прывабны для моладзі: актыўна будуецца жыллё, работнікі сельскай гаспадаркі могуць пахваліцца заробкамі, тут бурліць культурна-грамадскае жыццё, побач святыя мясціны — Жыровічы, Сынкавічы. На пытанне, чаму некаторыя маладыя спецыялісты пасля таго, як адпрацуюць па размеркаванні, з’язджаюць з вёсак, Ангеліна Сумарук мае сваё меркаванне:
— Праца ў сельскай гаспадарцы спецыфічная. Натуральна, могуць быць тыя, хто не гатовы браць на сябе адказнасць.
Бывае, камусьці цяжка вызначыцца, чаго яны хочуць ад жыцця.
Магчыма, тут проста трэба пасталець, але бачу і зваротны рух, калі людзі, якія з’ехалі з вёскі, вяртаюцца. А для годнага жыцця ў вёсцы сёння, паверце, ёсць усе ўмовы.
Свядомы выбар
Стаць урачом Ангеліна марыла з дзяцінства, толькі спачатку не магла вызначыцца, каго будзе лячыць — людзей ці жывёл. Але да 9 класа ўжо зрабіла выбар. Скончыла на выдатна Ляхавіцкі аграрны каледж, пасля атрымала дыплом урача ветэрынарнай медыцыны ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце.
Дзяўчына прызнаецца, што ў яе нават і думкі не ўзнікала, што нешта можа пайсці не так. Яна прыйшла працаваць у гаспадарку, якую сама выбірала. СУП «АграПаўлава» — ад-
но з найлепшых сельгаспрадпрыемстваў у раёне, па надоях на карову трымае другое месца. З калектывам пазнаёмілася яшчэ падчас студэнцкіх практык.
— Адаптацыйны перыяд не быў складаным, мяне ўсе падтрымлівалі, давалі каштоўныя падказкі, — успамінае яна. — Я ўдзячна калегам з раённай ветстанцыі за вельмі моцную падтрымку. Ёсць магчымасць для абмену вопытам. Арганізоўваецца вучоба, праводзяцца семінары.
Ангеліна ўпэўнена, што настаўніцтва, падтрымка маладых спецыялістаў на першых этапах вельмі важныя. Аднак шмат што залежыць і ад самога чалавека, яго жадання працаваць, развівацца, вучыцца, не баяцца смелых ідэй, быць гатовым укараняць новае.
«Складана, але цікава»
Жывёлагадоўля — тая сфера, да якой прыкіпаеш. Тут востра адчуваеш аддачу ад сваёй працы, бачыш, як растуць гадаванцы — дзяўчыне асабліва падабаецца працаваць з малымі цялятамі. Мае яна свае падыходы і да дарослых жывёл, а кароў называе «мае дзяўчаты».
— Урач ветэрынарнай медыцыны, які вырашыў звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, сутыкаецца з рознабаковай працай. Ён павінен не толькі займацца прафілактыкай захворванняў, але і разбірацца ў кармленні, вывучаць пытанні, звязаныя з нарыхтоўкай кармоў, кармавымі сумесямі. Па знешнім выглядзе жывёл можна «счытваць», як іх даглядаюць і кормяць. Важна разбірацца ў тэхналогіі вырошчвання жывёл у розных узроставых групах. Як бачыце, дастаткова аб’ёмны набор задач. Гэта ўсё складана, але цікава, — сцвярджае Ангеліна Сумарук.

Сумаваць не прыходзіцца — няма калі сядзець на адным месцы, прызнаецца яна. Рух зацягвае. Яе не пужае, што працоўны дзень пачынаецца а шостай гадзіне раніцы (бывае і раней), што часам і ноччу прыходзіцца ехаць на дапамогу, напрыклад, калі якая кароўка не можа расцяліцца. Жывёлы адчуваюць настрой чалавека, рэагуюць на добрыя словы. Пры гэтым трэба захоўваць упэўненасць.
А яшчэ для маладога спецыяліста важна, калі побач — надзейная падтрымка. З добрым калектывам ніякія складанасці не палохаюць, напрыклад, як мінулая зіма. У практыцы Ангеліны яна ўпершыню выдалася з моцнымі працяглымі маразамі:
— Рыхтаваліся загадзя. Уцяплілі прафілакторый, зрабілі сарціроўку цялят, арганізавалі дадатковае выпойванне. На ферме кругласутачна дзяжурылі спецыялісты. Мы справіліся. І набылі каштоўны вопыт, перагледзелі тэхналогію ўтрымання самых маленькіх цялят ад 0 да 2 месяцаў.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ