Top.Mail.Ru
208

Чаму ў Мінску першачарговае права на арэнднае жыллё маюць прадстаўнікі пэўных прафесій

«А астатнія — не людзі?»

У Мінску зацвердзілі спіс прафесій з першачарговым правам на атрыманне арэнднага жылля ў 2026-м. У спіс увайшлі спецыялісты з розных сфер, якіх гарадскія ўлады лічаць сёлета найбольш запатрабаванымі для сталіцы. Меркаванні наконт рашэння Мінгарвыканкама ад 24 снежня 2025 года № 5403 карыстальнікі сацыяльных сетак пакінулі розныя...Разбіраемся, што не спадабалася.

Згодна з гэтым зацверджаным пералікам, на арэнднае жыллё змогуць прэтэндаваць прадстаўнікі васьмі прафесій: інжынеры-праграмісты, спецыялісты па арганізацыі закупак, вадзіцелі тралейбусаў, манцёры пуці, кухары, рабочыя па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў, электрагазазваршчыкі і электраманцёры па эксплуатацыі размеркавальных сетак.

У сацыяльных сетках гэтая тэма атрымала шырокае распаўсюджванне і водгук. Галоўнае пытанне: чаму арэнднае жыллё стане больш даступным для спецыялістаў менавіта гэтых прафесій? Карыстальніца TіkTok здзіўляецца: «Столькі жылля будуецца, чаму камусьці паложана, камусьці не, усе мы нараджаемся, каб звацца горда чалавекам, чаму такая несправядлівасць?» Каментарыяў такога кшталту пад публікацыяй хапае. Вось яшчэ, напрыклад: «Будаўнікі, значыць, не людзі?». Прадстаўнікам некаторых прафесій увогуле гэтае рашэнне прыйшлося не па душы: «А медыкам?», «Праграмісты і так могуць дазволіць сабе набыць жыллё з такімі заробкамі», «А астатнія — не людзі?», «А кіроўцу трамвая?», «Надакучыла гэта ўсё ўжо». Аўтар апошняга каментарыя, на жаль, не ўдакладняе, што менавіта надакучыла. А пералік прафесій кожны год абнаўляецца, і хто ведае, для каго ў наступным годзе арэнднае жыллё стане больш даступным. Адразу ж прывядзём факты, каб не быць галаслоўнымі. У адрозненне ад аналагічнага пераліку на 2025 год, сёлета ў спіс не ўвайшлі кіраўнік і галоўны спецыяліст структурнага падраздзялення Мінгарвыканкама і раённай адміністрацыі Мінска, тунэльны рабочы, муляр, тынкоўшчык, маляр, рабочы па комплекснай уборцы і ўтрыманні домаўладанняў. Але, як кажуць, на тое яны і сацыяльныя сеткі — тут любы можа выказацца.

Падключыліся да абмеркавання «гарачай» тэмы і карыстальнікі, якіх змяненні ў гэтым пераліку ніяк не абурылі, а нават падштурхнулі звярнуцца да людзей з прапановай: «Няхай у вёскі прыязджаюць, арэндных дамоў шмат, стаяць, пустуюць». Некаторыя слушна параілі паглядзець на сітуацыю з іншага боку: «У „дэмакратычнай“ Еўропе аб бюджэтным жыллі можна толькі марыць. Што табе не так?»

Для таго каб атрымаць адказ на пытанне большасці карыстальнікаў сацсеткі — Чаму менавіта ім?, мы звярнуліся да намесніка старшыні камітэта працы, занятасці і сацыяльнай абароны Мінгарвыканкама Таццяны КУДЗЕВІЧ.

— Падрыхтоўка рашэння праводзілася з улікам сітуацыі на рынку працы. Выбраныя прафесіі сёлета найбольш запатрабаваныя ў сталіцы, вышэйназваныя спецыялісты аказваюць уплыў на стабільную работу інфраструктуры горада. Актуальны рэестр будзе толькі год — да 31 снежня 2026-га, — адзначыла спецыяліст.

У дапамогу тым, хто трапіў у пералік, даведаліся, як стаць у чаргу для атрымання арэнднага жылля ў сталіцы. Карыстальнік задае пад публікацыяй пытанне: «Куды звяртацца, дапамажыце, калі ласка».

Начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Сяргей ШАКЕЛЬ адзначыў, што для ўключэння ў гэты пералік дзяржорган або арганізацыя павінны напісаць індывідуальнае хадайніцтва і накіраваць яго ў адміністрацыю на тэрыторыі, дзе знаходзіцца.

— У далейшым, пасля здачы дома ў эксплуатацыю, у якім будуць прадугледжаны кватэры для дадзенай катэгорыі грамадзян, людзі павінны звяртацца ў адміністрацыю. Гэтую інфармацыю можна будзе даведацца на сайце адміністрацыі, у агульнадаступных для азнаямлення месцах, і напісаць заяву. А заява будзе задавальняцца ў парадку паступлення хадайніцтваў, — патлумачыў Сяргей Шакель.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота realt.by.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю