Top.Mail.Ru

Чаму моладзь пасля адпрацоўкі не жадае пакідаць ААТ «Дэмбрава»

Сіла прыцягнення

Гаспадарка знаходзіцца ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. Яе тэрыторыю маленькай не назавеш — 570 квадратных кіламетраў! На ёй размешчана 56 населеных пунктаў, дзе пражывае амаль 3 тысячы чалавек. А спецыялізуюцца тут на вытворчасці малака, мяса, збожжа, цукровых буракоў і кармоў. Ужо зусім хутка завершыцца будаўніцтва камбікормавага цэха пры вёсцы Стараўшчына — будаўнічыя работы былі пачаты ў 2024 годзе.

Як расказаў майстар гаспадаркі Сяргей САВІЦКІ, рашэнне аб узвядзенні цэха было прынята ў мэтах эканоміі:

— У нас вялікае пагалоўе буйной рагатай жывёлы, і каб карміць статак, даводзілася дакупляць кармы. Пасля разлікаў стала зразумела, што больш выгадна будзе пачаць уласную вытворчасць. Яна будзе пакрываць патрэбы гаспадаркі. На гэтым аб’екце амаль уся праца аўтаматызаваная, і для яго абслугоўвання трэба ўсяго два чалавекі. Для таго каб зрабіць неабходную колькасць сыравіны, аб’ект будзе працаваць 181 дзень у адну змену па 8 гадзін.

Агульная плошча цэха — 1,2 га, ён складаецца з 8 збожжавых і 10 мучных ёмістасцяў, якія могуць вырабляць да 10 тон корму ў гадзіну. Унутры цэх больш падобны на нейкі касмічны аб’ект: вялізныя бочкі, зіхатлівы метал, высачэзныя столі. 

Складана паверыць, што ўсім гэтым будуць кіраваць усяго 2 чалавекі.

— Стары камбікормавы цэх ужо не спраўляўся з неабходнымі магутнасцямі. Каб захаваць пагалоўе, неабходна 21 тысяча тон корму, старая вытворчасць магла забяспечыць толькі 16 794 тоны, астатняе дакуплялі. Пасля ўводу ў эксплуатацыю цэха мы пакрыем запатрабаванні ў кармах, а пры павелічэнні пагалоўя новы аб’ект з лёгкасцю зладзіцца з павелічэннем аб’ёму вытворчасці. Яшчэ адзін важны плюс цэха — магчымасць скласці ўласную рэцэптуру з улікам нават драбнюткіх асаблівасцяў статка. Агульны кошт праекта склаў больш за 13 000 беларускіх рублёў.

Ёсць усе ўмовы

Сяргей Савіцкі з вялікім энтузіязмам расказваў пра аб’ект, усюды правёў, усё паказаў, з цікавасцю адказваў на пытанні, і я вырашыла скарыстацца магчымасцю і падрабязней распытаць пра яго самога. Заўсёды цікава паслухаць чалавека, які гарыць сваёй справай. Як аказалася, мой суразмоўца нарадзіўся і вырас у Дэмбрава. Ён хацеў працаваць у будаўніцтве, таму паступіў у Лідскі каледж ГрГУ імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «Прамысловае грамадзянскае будаўніцтва». Месцам размеркавання абраў ААТ «Дэмбрава».

— Я выдатна разумеў, што ў горадзе ў мяне будзе менш магчымасцяў для атрымання досведу, таму я вырашыў вярнуцца на малую радзіму. Ведаў, што гаспадарка развіваецца, тут ідуць будоўлі, рэканструкцыі і мадэрнізацыі, таму без працы не застаўся б. Шчыра скажу, спачатку думаў набрацца досведу, а пасля адпрацоўкі з’ехаць у горад. Але ўжо папрацаваўшы тут, зразумеў, што мне няма сэнсу сыходзіць. У мяне трохпакаёвая арэндная кватэра, машына, заробак выдатны. І працаваць цікава, таму што аб’ёмы вялікія, няма аднатыпнасці. Цяпер атрымліваю вышэйшую адукацыю, кіраўніцтва мяне ў гэтым цалкам падтрымала, таму паспяхова сумяшчаю працу і вучобу. Ды і ў цэлым супрацоўнікаў падтрымліваюць у імкненні даведвацца аб новым. Часта арганізоўваюць паездкі для азнаямлення з досведам калег.

Мой суразмоўца з цяплом успамінае пачатак сваёй кар’еры. 

Кажа, што яму памагалі, вучылі, накіроўвалі. І ў цэлым родныя мясціны дапамагалі спраўляцца са статусам ужо працоўнага чалавека. Такое стаўленне да ўсіх супрацоўнікаў, бо кадры ў гаспадарцы шануюць. Акрамя таго, на рашэнне Сяргея застацца паўплывала і інфраструктура ў Дэмбрава. Ёсць дзіцячыя садкі, школы, сацыяльныя і гандлёвыя аб’екты.

— Гэта вельмі важна, бо трэба клапаціцца не толькі пра сябе, са з’яўленнем сям’і глядзіш на свет шырэй. 

У мяне двое дзяцей і мне важна, каб і для іх былі створаны ўсе неабходныя ўмовы. Праўда, мая жонка спачатку не згаджалася на жыццё ў вёсцы. Вельмі супраць была, але цяпер яна памяняла сваё меркаванне і ў горад больш не хоча. Так што, калі я прымаў рашэнне застацца пасля адпрацоўкі ці не, я асабліва не разважаў, бо ведаў, што я змагу рэалізавацца тут ва ўсіх кірунках.

Пасяўная скончана

У гаспадарцы ўсе старанна працуюць, пасяўныя работы ўжо завершаны, зрэшты, як і ва ўсім раёне. Агульная зямельная плошча — 12 234 га, ворыва — 7984 га. Спецыялізацыя гаспадаркі — вытворчасць мяса буйной рагатай жывёлы і малака. Таму раслінаводства падпарадкавана вытворчасці кармоў, расказаў галоўны аграном Андрэй КОЗЕЛ. На раллі шмат бялковых культур, сёлета ўпершыню паспрабавалі пасадзіць лубін. Усе культуры перазімавалі добра, а адсутнасць замаразкаў у красавіку і маі дазволіла пазбегнуць страт.

У цэлым плошча сельскагаспадарчых угоддзяў Шчучынскага раёна — 85,7 тыс. га, з іх раллі — 60,5 тыс. га, лугавых угоддзяў — 24,9 тыс. га, у тым ліку палепшаных — 20,4 тыс. За апошняе дзесяцігоддзе дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы забяспечваецца станоўчая дынаміка развіцця галін сельскай гаспадаркі. 

Асноўны ўпор у аграпрамысловым комплексе робіцца на інтэнсіфікацыю вытворчасці, мадэрнізацыю яе галін, укараненне сучасных высокаэфектыўных тэхналогій. Гэта дае магчымасць не толькі захаваць высокі ўзровень вытворчасці, але і забяспечыць стабільнае паслядоўнае нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання для насельніцтва і сыравіны для перапрацоўчых галін.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота аўтара і з архіва ААТ «Дэмбрава» і Сяргея САВІЦКАГА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю