Top.Mail.Ru

Чаму моладзь выбірае працу ў студатрадах

Працоўнае лета ў разгары! Традыцыя, закладзеная ў СССР, цудоўна прыжылася ў суверэннай Беларусі, і кожны год тысячы студэнтаў адпраўляюцца на летнюю падпрацоўку. Студатрадаўскі рух прапануе моладзі некалькі кірункаў. Уласны карэспандэнт «Звязды» даведалася, як працуецца моладзі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Сузор’е» Гродзенскага раёна ў складзе педагагічнага атрада.


У спартыўнай атмасферы і не толькі

Як расказала дырэктар ДАЛ «Сузор’е» Ганна ЮХНЕВІЧ, з году ў год папулярнасць такога правядзення вольнага часу летам не падае, а толькі расце. На бягучую змену былі пададзены 943 заяўкі на 273 месцы. Дарэчы, у ёй выдзелілі 10 месцаў для дзяцей-сірот Гродзенскага раёна. Трэцяя змена праходзіць пад слоганам «Атмасфера спорту». А гэта значыць, што ўпор зроблены на спартыўныя мерапрыемствы, плануецца правядзенне мноства актыўнасцяў.

— У кожную змену мы імкнёмся дадаць і пазнавальныя элементы. У прыватнасці, адбыўся візіт прадстаўнікоў пракуратуры. У госці да нас таксама прыязджалі прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра МНС. Два разы на тыдзень хлапчукі і дзяўчынкі ходзяць у басейн санаторыя «Парэчча». Вядома, кожны дзень важацкія мерапрыемствы, канцэрты. Усяго і не пералічыш, таму дзеці падчас адпачынку нават і не ўспамінаюць пра тэлефон — ім проста няма калі. Але ў нас ёсць атрадныя смартфоны, на якія можна зняць відэа на памяць, зрабіць фота — мы ўсім гэтым дзелімся з бацькамі. Па хэштэгу #сузор’е можна знайсці шмат ролікаў. 

А ў канцы змены многія дзеткі плачуць і не жадаюць з’язджаць. Гэта дарагога варта, калі бачыш вынік сваёй працы, — лічыць Ганна Юхневіч.

Усяго ў лагеры запланавана пяць змен, падчас якіх аздаровіцца больш за тысячу дзяцей. Атмасфера «Сузор’я» настолькі западае ў душу, што потым, будучы дарослымі, людзі ўладкоўваюцца тут на працу. Напрыклад, намеснік дырэктара Вікторыя Арцукевіч у дзяцінстве ездзіла сюды адпачываць, потым працавала важатай у складзе студэнцкіх атрадаў.

Ганна Юхневіч адзначае, што супрацоўніцтва з байцамі заўсёды плённае, а моладзь становіцца надзейным памочнікам і апорай старэйшым калегам.

Месца сілы

У гэтай змене ў лагеры працуюць чатыры студэнцкія атрады. Адзін з іх сабраны з прадстаўнікоў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Паразмаўлялі з камандзірам атрада Анастасіяй СІГЕЙКІНАЙ (на фота ў лагеры). У школьныя гады яна часта праводзіла час у дзіцячых аздараўленчых лагерах, і ёй заўсёды хацелася паспрабаваць сябе ў ролі важатай:

— Я з вялікім задавальненнем далучылася да студатрадаўскага руху, прайшла школу важацкага майстэрства і школу камандзіраў і камісараў. Летась адпрацавала тры змены камісарам, а ў гэтым ужо трэцюю змену — у ролі камандзіра. Нас у атрадзе 32 чалавекі, і ўсе гараць сваёй справай і з вялікім задавальненнем працуюць. Так, спачатку камусьці было складана, не адразу атрымалася знайсці агульную мову з дзецьмі, але мы ўсе адзін аднаго падтрымліваем. Прыемна бачыць, як усё мяняецца, а ў калег пачынаюць гарэць вочы. Бягучая змена ў мяне пятая. Мая мэта — адпрацаваць 10 змен да заканчэння ўніверсітэта.

Калі я спытала ў Анастасіі, ці не хацелася б ёй улетку проста адпачыць, яна адказала, што для яе гэта месца сілы, і, нягледзячы на ўсю складанасць і адказнасць працы, яна адпачывае тут душой. Дзяўчына нават не з’язджае на выхадныя ў горад, а застаецца ў «Сузор’і» з дзецьмі.


Цікава і бяспечна

Не менш натхнёная і камісар атрада Вікторыя ПУГАЧЭЎСКАЯ. У ліпені яна скончыла навучанне ва ўніверсітэце, і для яе гэта завяршальнае лета ў лагеры. Прызнаецца, што будзе з вялікай цеплынёй успамінаць працу ў студэнцкіх атрадах:

— Упершыню ў «Сузор’і» я апынулася са сваёй групай на педагагічнай практыцы. Гэта было наша першае сур’ёзнае выпрабаванне. Многія хацелі з’ехаць, бо працаваць з маленькімі дзецьмі аказалася няпроста. Але мы справіліся! Пры падтрымцы старэйшых калег выдатна ўліліся ў працу. А я вырашыла, што хачу абавязкова вярнуцца сюды, таму і далучылася да студатрадаўскага руху. Скончыла школу важацкага майстэрства і школу камандзіраў і камісараў. Атмасфера ў лагеры заўсёды была асаблівая, і гэта натхняла мяне. Нягледзячы на тое, што я выпускніца, вырашыла і сёлета папрацаваць у лагеры, тым больш што дзеці вельмі прасілі мяне прыехаць на змену. Я ўдзячная ўсім, хто падтрымаў мяне. Праца ў атрадзе стала адкрыццём і натхніла на новыя дасягненні.
Прыемна бачыць, што дзіцячыя аздараўленчыя лагеры з году ў год дораць радасць такой вялікай колькасці людзей і пакідаюць яркія ўспаміны на ўсё жыццё. Дарэчы, бацькам не трэба трывожыцца аб бяспецы сваіх дзяцей.

— У нас дзяжурыць АМАП. Дзяцей шмат, тэрыторыя вялікая, і я аддаю перавагу прыманню ўсіх магчымых мер бяспекі. Па ўсім перыметры і на тэрыторыі размешчаны відэакамеры, — запэўнівае Ганна Юхневіч.

«Сузор’е» я пакідала з прыемным пачуццём. Выдатна мець зносіны з людзьмі, якія любяць сваю справу. І асабліва крута, што моладзь не баіцца працы і аддае частку сваіх канікул добрай справе!

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота прадастаўлена героямі публікацыі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю