У Віцебскай вобласці рост папуляцыі мядзведзяў суправаджаецца іх выхадамі да населеных пунктаў. Пра гэта паведамілі ў Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Па словах намесніка старшыні Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксея Маркоўскага, у вобласці жыве 74% усіх мядзведзяў Беларусі. Мігрыруюць да нас яны з Расіі, дзе ўжо даўно адкрыта на іх паляванне. Акрамя таго, звяры асвойваюць новыя тэрыторыі ў пошуках ежы. У Беларусі толькі з 2024 года дазволена кантраляваная здабыча бурых мядзведзяў. Паляванне праходзіць у адмысловым рэжыме для рэгулявання колькасці папуляцыі, пры гэтым звер мае двайны статус: ён застаецца ў Чырвонай кнізе і з’яўляецца паляўнічым відам. «У 10 раёнах вобласці, дзе колькасць перавышае аптымальную, мядзведзяў можна здабываць з 1 ліпеня па 31 снежня. У гэтым годзе ўстаноўлена квота — 47 асобін», — удакладніў Аляксей Маркоўскі.
Да населеных пунктаў у асноўным выходзяць маладыя асобіны, якія пачынаюць рассяляцца і шукаюць новыя тэрыторыі. «Страху перад людзьмі ў іх няма, тым больш калі ёсць магчымасць здабыць лёгкую ежу (на звалках, у кантэйнерах з адходамі). Нядаўна такія выпадкі былі зафіксаваныя ў Чашніцкім і Віцебскім раёнах. Месяц таму ў Шумілінскім раёне дачнік на прабежцы сустрэў мядзведзя. У параўнанні з мінулым годам падобных фактаў значна менш», — расказаў Аляксей Маркоўскі.
Намеснік старшыні таксама даў рэкамендацыі, як сябе паводзіць пры сустрэчы з драпежнікам.
«У мядзведзя дрэнны зрок, але выдатны нюх. Калі ён вас не бачыць, лепш не прыцягваць яго ўвагу і назіраць. Яго палохае пах чалавека, таму лепш перайсці на наветраны бок, каб вецер дзьмуў ад вас на звера. Тады ён пачне разумець, што тут нейкая небяспека, і можа сысці. Калі мядзведзь заўважыў вас, то самае галоўнае — не бегчы. У яго спрацуе паляўнічы інстынкт. Ён абавязкова дагоніць, бо развівае хуткасць да 50 км/г. Адступаць варта перадам, па дыяганалі, а не па прамой, зноў-такі лепш перайсці на наветраны бок. Таксама варта паказаць, што вы — чалавек: гаварыце спакойна, роўна. Прама ў вочы глядзець нельга, звер можа ўспрыняць гэта як агрэсію. Мядзведзя могуць адпудзіць гучныя гукі — воплескі ў ладкі, можна металам, напрыклад нажом, ударыць аб камень. Яшчэ можна падняць рукі ці куртку над галавой, каб здавацца вышэйшым», — расказаў Аляксей Маркоўскі.
Ён дадаў, што мядзведзіца з медзведзянятамі больш небяспечная, але сама не нападзе, калі не адчувае пагрозы. Паводзіны чалавека пры сустрэчы з ёй аналагічныя. Галоўнае — не правакаваць. «У нашай вобласці выпадкаў нападу мядзведзя на чалавека зафіксавана не было», — адзначыў Аляксей Маркоўскі.