Што зрабіла Анастасія Слуцкая для ўмацавання абараназдольнасці горада і чаму яе называюць беларускай амазонкай, расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк.
«Анастасія неаднаразова станавілася душой абароны роднага Слуцка. Калі сыну было 12 гадоў, памірае муж, яе робяць апекуном свайго сына. Анастасія становіцца паўнаўладнай уладальніцай Слуцка. Менавіта Анастасія прыкладвае тытанічныя намаганні для ўмацавання абараназдольнасці Слуцка. Новыя сцены, новая фартыфікацыя — гэта ўсё Анастасія, якая разумела важнасць абарончых збудаванняў і ўмацаванняў для абароны роднага горада», — расказаў Ігар Марзалюк.
Па словах гісторыка, з імем Анастасіі Слуцкай звязана цікавая гісторыя той эпохі: «Міхаіл Глінскі, вяльможа, які праславіўся сваімі бітвамі і перамогамі над крымскімі татарамі, быў не супраць ажаніцца з Анастасіяй. Але рамана з гэтага не атрымалася».
Ігар Марзалюк заўважыў, што Міхаіл Глінскі падняў паўстанне на беларускіх землях. «Наогул марай Глінскага было адраджэнне Кіеўскай манархіі са сталіцай у Кіеве і далучэннем туды розных зямель. З гэтай мэтай ён уступіў у саюз з вялікім князем Маскоўскім. Гэта трошкі іншая гісторыя, але разам з тым Анастасія Слуцкая дала рашучы адпор Глінскаму як лідару змоўшчыкаў, які паквапіўся на суверэнную ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім. Слуцк браму сваю не адчыніў, Глінскага не падтрымаў», — расказаў гісторык.
«Анастасія спалучала з пункту гледжання патрыярхальнай этыкі неспалучальнае. З аднаго боку — законная жонка, маці сваіх дзяцей, з другога — ваяўніца. Менавіта таму вельмі часта яе называюць беларускай Амазонкай. Хоць у гэтай Амазонкі ўсё было добра з сям’ёй, з разуменнем важнасці вядзення гаспадаркі, дастатку і ўсяго астатняга», — адзначыў Ігар Марзалюк.
З жыцця Анастасія Слуцкая пайшла ў 55 гадоў. «За гэтыя гады яна зрабіла вельмі шмат для Слуцкага княства, які стаў родным, для падданых і сваіх дзяцей. Менавіта таму вобраз Анастасіі Слуцкай, беларускай Амазонкі, жанчыны-ваяўніцы, упісаны залатымі літарамі ў гісторыю нашай краіны», — падсумаваў гісторык.